Вы тут

Дэменцыя без сняданка, кальмар-хамелеон і знаходка вымерлай кветкі


Знойдзена сувязь паміж адсутнасцю сняданку і рызыкай дэменцыі

Японскія навукоўцы ўстанавілі, што пропуск ранішняга прыёму ежы павялічвае рызыку развіцця дэменцыі. Вынікі даследавання апублікаваны ў часопісе Japanese Journal of Human Scіences of Health-Socіal Servіces.


Так, спецыялісты на працягу шасці гадоў назіралі за 525 людзьмі ва ўзросце за 65 гадоў. Навукоўцы прыйшлі да высновы, што дэменцыя сустракалася ў чатыры разы часцей у тых, хто грэбаваў сняданкам. Пры гэтым узрост і пол не мелі значэння.

У ходзе даследавання таксама ўдалося выявіць небяспеку хуткіх перакусаў замест паўнацэннага прыёму ежы. Было ўстаноўлена, што такая шкодная звычка павялічвае рызыку набытай непаўнацэннасці ў 2,7 раза. Не менш шкодным з'яўляецца і празмернае ўжыванне солі, а таксама адсутнасць збалансаванага рацыёну.


Навукоўцы выпадкова выявілі рэдкую здольнасць кальмара

Даследчыкам вядома, як васьміногі і каракаціцы ўмеюць маскіравацца пад колеры навакольнага асяроддзя або грунт, каб схавацца ад драпежнікаў. Пра такую ж здольнасць у кальмараў даведаліся спецыялісты аддзела фізікі і біялогіі Акінаўскага інстытута навукі і тэхналогій, якія правялі шэраг эксперыментаў.

«Калі авальныя кальмары знаходзіліся ў частцы акварыума з чыстай вадой, яны былі светлага колеру, але калі траплялі ў частку з водарасцямі, станавіліся цямнейшыя. Навукоўцы падкрэслілі, што, апроч магчымасцяў для вывучэння новых здольнасцяў кальмараў, даследаванне раскрывае яшчэ невядомую навуцы прыстасаванасць іх для выжывання», — паведамляецца на сайце інстытута.

Па словах доктара Руты Накадзімы, запрошанага даследчыка, кальмары звычайна жывуць у адкрытым акіяне, але навукоўцам было цікава высветліць, што адбываецца, калі яны набліжаюцца да каралавага рыфа або калі іх пераследуе драпежнік на дне акіяна.

«Калі здольнасць мімікрыраваць важная для кальмараў пры сустрэчы з драпежнікам, гэта паказвае на тое, што павелічэнне або памяншэнне папуляцыі кальмараў залежыць ад здароўя каралавых рыфаў значна больш, чым мы думалі», — сказала доктар Накадзіма.

Здольнасць кальмараў мяняць колер была выяўлена выпадкова. На марской навуковай станцыі інстытута даследчыкі чысцілі рэзервуар для марскіх жывёл, каб выдаліць нарослыя водарасці. Яны заўважылі, як кальмары мянялі колер, знаходзячыся ў вычышчанай вадзе ці плаваючы над водарасцямі. Кантрольны эксперымент даказаў, што кальмары сапраўды ўмеюць мяняць колер у залежнасці ад навакольнага асяроддзя.


Распрацавана методыка па амаладжэнні клетак скуры на 30 гадоў

Яе вынайшлі брытанскія навукоўцы. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Інстытута Бабрэма.

Адзначаецца, што першыя даследаванні па магчымым уключэнні генаў, якія адказваюць за дзейнасць ствалавых клетак, для амаладжэння арганізма чалавека былі праведзены яшчэ ў 2016 годзе на мышах, якія пражылі на 20 працэнтаў даўжэй дзякуючы падобнаму метаду.

Навуковы супрацоўнік інстытута Дзілджыт Гіл і яго калегі выкарыстоўвалі гэты падыход для выбарчага амаладжэння культур клетак скуры, вынятых з цела пажылых людзей і мышэй. Была распрацавана спецыяльная сістэма, якая дазваляе часова актываваць чатыры ключавыя гены MYC, OCT4, SOX2 і KLF4, што адказваюць за рост эмбрыянальных ствалавых клетак.

Для яе тэсціравання навукоўцы сабралі ўзоры клетак некалькіх добраахвотнікаў узростам у 38 і 53 гады, частка з якіх пакутавала ад хранічных захворванняў.

У выніку даследаванняў высветлілася, што такая методыка амаладзіла культуры клетак скуры на 10—30 гадоў у залежнасці ад таго, наколькі доўга заставаліся актыўнымі ключавыя гены.

Па словах даследчыкаў, гэтая працэдура не толькі прымусіла клеткі скуры выпрацоўваць больш калагену і іншых бялкоў, а таксама больш інтэнсіўна дзяліцца і перасоўвацца па культуры, прыкметна паўплывала на актыўнасць участкаў ДНК, звязаных з развіццём старэчых хвароб, у прыватнасці хваробы Альцгеймера і катаракты вока.

«Нашы даследаванні сталі вялікім крокам наперад у вывучэнні феномену рэпраграмавання клетак. Мы даказалі, што клеткі можна амаладзіць без страты імі іх спецыялізацыі, а таксама паказалі, што гэтая працэдура аднаўляе частку страчаных функцый. Асабліва шматспадзеўным выглядае тое, што амаладжэнне прывяло да зніжэння актыўнасці генаў, звязаных са старэчымі хваробамі», — падкрэсліў Гіл.

Навукоўцы спадзяюцца, што іх распрацоўка значна прасуне чалавецтва да вырашэння праблемы амаладжэння арганізма пажылых людзей.


Археолагі адкапалі таемную грабніцу старажытнаегіпецкага палкаводца

Ён кіраваў войскам замежных наймітаў. Пра гэта паведамляе Newsweek. Па словах навукоўцаў, егіпецкі ваенны чыноўнік Вахібры-меры-Нейт адказваў за вярбоўку салдат з Малой Азіі і з астравоў Эгейскага мора.

Грабніца датуецца пачаткам V стагоддзя да н. э. Унутры яе археолагі выявілі найбуйнейшы ў Егіпце склад бальзаміравання, у якім знаходзілася 370 керамічных збаноў з матэрыяламі, выкарыстанымі для муміфікацыі палкаводца.

Каманда таксама даследавала шахтавую грабніцу старажытнага саноўніка памерам каля 14 на 14 метраў, а глыбінёй каля 16 метраў. На дне шахты навукоўцы выявілі падвойны саркафаг, пашкоджаны марадзёрамі V стагоддзя.

Вонкавы пласт саркафага зроблены з двух гіганцкіх блокаў вапняку з дэкаратыўнай унутранай труной у форме чалавека. На труне нанесены надпісы з Кнігі Мёртвых і апісаны ўваскрашэнне палкаводца і падарожжа ў замагільны свет.

Характэрна, што археолагі не знайшлі мумію палкаводца, але знайшлі дзве драўляныя скрыні з 402 глінянымі фігуркамі, створанымі для таго, каб служыць яму ў замагільным свеце.


Неонава-аранжавы колер супраць высечак

У перадгор'і Анд, у Эквадоры, зноў выявілі трапічную дзікую кветку, якую доўгі час лічылі вымерлай. Вынікі даследавання апісаны ў часопісе PhytoKeys.

Шырокая высечка лясоў у заходнім Эквадоры ў канцы мінулага стагоддзя прывяла да знікнення шэрагу відаў раслін, у тым ліку меркавалася, што знік і Gasteranthus extіnctu. Нягледзячы на інфармацыю аб высечцы больш за 97 працэнтаў лясоў у заходняй палове Эквадора, даследчыкі вырашылі вывучыць тэрыторыю мінулым летам, пачаўшы са спадарожнікавых здымкаў, каб ідэнтыфікаваць некранутыя першасныя трапічныя лясы. Паўднёва-амерыканская кветка Gasteranthus extіnctus была знойдзена ў невялікіх лясных зонах у рэгіёне Сенцінела ў Эквадоры праз 40 гадоў пасля яе апошняга назірання.

Трапічная кветка характарызуецца пялёсткамі неонава-аранжавага колеру і вялікім ніжнім мяшком, куды могуць залятаць і вылятаць апыляльныя казуркі.


Медыкі раскрылі небяспеку пэндзляў для макіяжу

Урачы англійскай клінікі Aventus, якая спецыялізуецца на перасадцы валасоў і дэрматалогіі, раскрылі небяспеку інструментаў для нанясення касметыкі. Адпаведны матэрыял прыводзіць выданне Daіly Maіl.

Спецыялісты даследавалі пад мікраскопам 12 пэндзляў для макіяжу і выявілі, што 11 з іх аказаліся бруднейшымі за сядзенні ўнітаза і былі заражаныя цвіллю, грыбкамі і бактэрыямі. Пры гэтым медыкі назвалі найбольш небяспечнымі сродкі для нанясення ценяў і румян. Акрамя таго, супрацоўнікі клінікі пратэсціравалі бляскі для вуснаў, выявіўшы на кожным з іх 4364 калоніі дражджэй і бактэрый. Даныя праведзенага эксперыменту яны падмацавалі адпаведнымі фатаграфіямі паказаных прылад.

«Нават пасля таго, як чалавек упершыню скарыстаецца пэндзлем для макіяжу, на ім ужо будуць утварацца калоніі хваробатворных мікраарганізмаў. Пры штодзённым выкарыстоўванні гэтыя прылады збіраюць бруд, тлушч і змярцвелыя клеткі скуры. У сваю чаргу тыя служаць пажыўным асяроддзем для бактэрый, якія могуць прывесці да высыпанняў і раздражненняў скуры. Калі забруджаны пэндзаль трапіць у вочы, гэта можа выклікаць інфекцыі або алергічныя рэакцыі, аднак пазбегнуць гэтай шкоды можна з дапамогай штотыднёвай працэдуры чысткі», — адзначыў доктар Сухайл Алам.

Акрамя таго, ён расказаў, як правільна мыць сродкі для нанясення макіяжу. Так, трэба намыліць пэндзаль прыдатным сродкам для ачышчэння скуры, старанна памасіраваць шчацінне ў далоні, прамыць цёплай вадой, а затым сціснуць, каб выдаліць лішкі вільгаці.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.