Вы тут

Хто вінаваты і што рабіць?


Не, з гэтым сапраўды нешта трэба рабіць. Нахабныя тэлефонныя прайдзісветы ўжо перайшлі ўсе межы магчымага ў чалавечым існаванні наогул. Б'юць па самым балючым, бяруць у распрацоўку зусім пажылых людзей, уводзяць іх у стан стрэсу з усімі верагоднымі наступствамі і выманьваюць зберажэнні.


Адна справа іх ранейшая практыка, калі, напрыклад, пад выглядам генералаў альбо палкоўнікаў узброеных сіл ЗША вялі перапіску з нашымі дамамі, якія, паводле трапнага пісьменніцкага слова, пачынаюць быць немаладымі. І зусім другое — цяпер. Тады, калі помніце, грашовым аперацыям папярэднічалі доўгія эпісталярныя адносіны, «каханне», якое ўзнікае з першага электроннага погляду, запэўніванні ў доўгім і шчаслівым жыцці дзе-небудзь на віле ў прыбярэжнай паласе акіяна ці лагодным іспанскім марскім узбярэжжы. Ну а потым у «рыцара» здараецца раптоўны водпуск, які трэба атрымаць з дазволу, скажам, ААН і сапраўдная дробязь — неабходнасць заплаціць ці то за дазвол, ці за пералёт, прычым, тэрмінова, што і робяць падманутыя дурніцы. Вось тут, як той казаў, і не асабліва шкада. У патэнцыяльных ахвяраў ёсць час, каб падумаць, узважыць, насцярожыцца, чаму гэта ў такога забяспечанага чалавека не аказалася грошай на білет. Калі сваёй пісьменнасці малавата, пракансультавацца з некім наконт водпуску вайскоўца любой арміі свету, які ніяк не можа даваць Арганізацыя Аб'яднаных Нацый, а потым ужо пералічваць грошы, нярэдка, папярэдне набраўшы крэдытаў. Там, як не круці, самі пераводзілі кроўныя, самі бралі крэдыты.

Тут зусім другое: чалавека агламошваюць навіной пра няшчасце, якое здарылася з блізкімі. Чалавек, асабліва сталы, губляецца, страчвае кантроль: ці многа ў любога бывае здаровага сэнсу, калі ў цябе калоціцца сэрца, трасуцца рукі, не ведаеш што рабіць і куды бегчы? А яны тым і карыстаюцца, трымаюць яго ўвесь час на сувязі, не даюць сабрацца з думкамі, параіцца з некім. Во як з гэтай пенсіянеркай у Гродне. 84-гадовай жанчыне патэлефанаваў нібыта следчы і расказаў, што яе ўнучка трапіла ў аварыю, больш таго, стала віноўніцай ДТЗ, у якім пацярпеў чалавек. З ёй амаль бесперапынна гаварылі больш за чатыры гадзіны, каб жанчына сама не магла некаму патэлефанаваць альбо прыняць званок. Гаварылі як па мабільным, так і па стацыянарным тэлефоне. У выніку жанчына аддала кур'еру ўсе зберажэнні сям'і, у тым ліку грошы за нядаўна прададзеную нерухомасць. Сума ў эквіваленце пацягнула больш чым на 200 тысяч долараў. Уяўляеце, якая цяпер абстаноўка ў сям'і, які стан здароўя і душэўны стан той жанчыны!?

І вось што яшчэ насцярожвае. У інфармацыйных паведамленнях пра названае здарэнне са спасылкай на праваахоўныя органы прамільгнуў радок аб тым, што перамовы вялі не толькі ілжэследчы, а нібыта дачка і ўнучка пацярпелай. Такія падрабязнасці ў падобных зводках крымінальных здарэнняў сустракаюцца не першы раз. Значыць, трэба думаць, махляры ўзброены праграмамі, якія дазваляюць імітаваць голас. Альбо маюць доступ да аператараў сувязі, альбо нейкім чынам запісваюць галасы блізкіх патэнцыйнай ахвяры, затым убіваюць у праграму і вядуць частку перамоў ужо іх галасамі. А гэта, як выглядае, іншы ўзровень махлярства.

Таму шматлікія заклікі правесці тлумачальныя гутаркі з пажылымі людзьмі не даюць патрэбнага выніку. Паведамленне пра бяду адразу абяззбройвае, а калі яшчэ голас родны пачуеш... Тут ужо не да ўключэння мазгоў на ўсю магутнасць, каб, напрыклад, падумаць, што ў нас не так і проста рашыць падобныя пытанні за грошы. Гэта, хутчэй, практыка суседніх краін, дзе дарэчы, часцей і сядзяць тэлефонныя махляры. Ды і ў нас, на жаль, ужо трапляюцца прайдзісветы, не так даўно ў Брэсце затрымалі групу тэлефонных злачынцаў, зусім юных, аднаму 19 гадоў, другому — 17. Што ў галаве ў гэтых недаросткаў, ды і ў тых, хто значна старэйшы за іх, хто прыдумаў падобныя схемы, сказаць цяжка. Відаць, яны проста радуюцца, што падманулі, зарабілі, радуюцца, як і цэлая армія ім падобных недачалавекаў, што па-ранейшаму барабаняць трымальнікам банкаўскіх картак з банальным: «У вас спрабуюць спісаць з рахунку». Ім невядома пачуццё спагады, якое навукоўцы называюць эмпатыяй. Пэўны працэнт такіх людзей заўсёды прысутнічаў у грамадстве. Але ж цяпер іх становіцца надта шмат, што ўжо ўпару гаварыць пра яшчэ адзін навуковы тэрмін, які гучыць больш пагрозліва — расчалавечванне. Працэс, падобна на тое, не мае тэндэнцый на змяншэнне, хутчэй наадварот. Што яму супрацьпаставіць? Найперш выхоўваць дзяцей людзьмі. Але гэта такі глабальна-тэарэтычны падыход. А вось тут і зараз, каб абараніць пажылых людзей, важна і ў соты раз з імі гаварыць, але трэба, відаць, і айцішнікам працаваць больш інтэнсіўна, прыдумаць нейкія праграмы абароны, распазнавання званкоў, даступныя шырокаму колу людзей.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.