Вы тут

Паляўнічы, рэлігійны, аздараўленчы. Турызм на Мядзельшчыне вяртае пазіцыі


Мядзельскі раён набыў статус курортнага з 1960-х гадоў. Тут знаходзіцца самае вялікае возера нашай краіны — Нарач, а ўсяго налічваецца іх 51. Тут шмат унікальных прыродных комплексаў, якія ўяўляюць вялікую цікавасць для эколагаў. Сама прырода Нарачанскага краю натхняе на актыўны адпачынак. Аднак, па словах старшыні Мядзельскага раённага Савета дэпутатаў Алега Бароўкі, у 2020 годзе ўзровень турыстычных паслуг склаў усяго 35 працэнтаў да ўзроўню 2019-га. Так пандэмія на каранавірус адбілася на эканоміцы рэгіёне. У 2021-м сітуацыя пачала паляпшацца. Мы спыталі старшыню райсавета, як ідуць справы сёлета.


— На тэрыторыі Мядзельшчыны функцыянуюць дзевяць здраўніц, дзе занятыя больш як 2500 спецыялістаў, — расказаў Алег Бароўка. — Эфектыўна працуюць калектывы санаторыяў «Прыазёрны», «Спадарожнк», «Белая Русь», Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня». У ліпені напаўняльнасць санаторыяў перавысіла 100 працэнтаў. На працягу лета былі заняты ўсе аграсядзібы раёна. Кожныя выхадныя турыстычныя стаянкі і месцы, дзе дазволена купанне, былі запоўнены гасцямі з Мінска і іншых гарадоў Беларусі. Сярод замежнікаў пераважаюць расіяне. Бязвізавы рэжым на выхадныя дні выкарыстоўваюць і грамадзяне Літвы, Латвіі. За першае паўгоддзе 2022-га ў санаторна-курортных установах адпачылі 7485 іншаземцаў, а ў цэлым турыстычныя паслугі ў грашовым эквіваленце склалі 3 145 000 долараў (128 працэнтаў да ўзроўню адпаведнага перыяду 2021-га).

У рэгіёне развіваецца экалагічны, паляўнічы, рэлігійны, медыка-аздараўленчы турызм і караванінг. Распрацаваныя пяць турыстычных і сорак чатыры экскурсійныя маршруты. Сярод самых папулярных аб'ектаў — агратурыстычны комплекс «Наносы-Наваселле», экалагічная сцежка «Блакітныя азёры» і дэндралагічны сад Нацыянальнага парку «Нарачанскі». Гэты ўнікальны сад раскінуўся каля вёскі Нікольцы паміж азёрамі Нарач і Мястра на 16 гектарах. У ім расце 400 відаў дрэў і кустоў, характэрных для розных кліматычных зон планеты. Тут можна наведаць і адзіны ў краіне музей лесу.

Найважнейшымі аб'ектамі рэлігійнага турызму з'яўляюцца Мядзельская кальварыя і Нацыянальны санктуарый — касцёл Маці Божай Будслаўскай у аграгарадку Будслаў. А Будслаўскі фэст унесены ЮНЕСКА ў спіс каштоўнасцяў нематэрыяльнай спадчыны. Штогод фестываль збірае тысячы паломнікаў.

Прамысловы турызм прадстаўлены ААТ «Вінакурня Нарач» і вытворчым унітарным прадпрыемствам «Ілаўскае». Цікавымі аб'ектам з'яўляецца экскурсійна-турыстычны комплекс «Аптэкарскі сад», які належыць адкрытаму акцыянернаму таварыству з такім жа найменнем. У садзе вырошчваюць лекавыя расліны, у тым ліку і рэдкіх відаў. А ствараўся ён на прыкладзе манастырскіх садоў сярэднявечча. У фітагасцёўні варта пакаштаваць чайныя кампазіцыі на травах. Ёсць тут і хацінка бабулі-траўніцы, якая прадказвае будучыню. А само прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці чаю, чайных напіткаў, біялагічна актыўных дабавак, а таксама аказвае экскурсійныя паслугі ў Нарачанскім рэгіёне.

Дарэчы, травяныя чаі можна набыць і ў краме «Ілаўскае», што знаходзіцца ў курортным пасёлку Нарач. Тут жа можна купіць мясныя вырабы ААТ «Занарачанскі», віно, кальвадос, сокі прадпрыемства «Ілаўскае», сыр з блакітнай цвіллю вытворчага ўчастка Мінскага малочнага завода № 1, 97 працэнтаў гэтай прадукцыі ідзе на экспарт.

— У Мядзельскім раёне працуюць 57 аб'ектаў грамадскага харчавання, пяць аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу, 20 санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый, паляўнічы комплекс, 113 аграэкасядзіб, 14 турыстычных стаянак, у тым ліку адна кемперная, — паведаміў старшыня райсавета. — Чатыры гады таму ў Мядзеле адкрыўся гасцінічны комплекс, у рамках праграмы развіцця Нарачанскай зоны ў курортным пасёлку Нарач пабудавалі гасцініцу, кожная здраўніца адкрыла па пяць гасцявых домікаў. Для санаторыяў набылі сучаснае медыцынскае абсталяванне, перш за ўсё дыягнастычнае. У раёне працуюць над паляпшэннем якасці паслуг.

У найбліжэйшых планах — будаўніцтва новага спальнага корпуса ў санаторыі «Прыазёрны» (аб'ём інвестыцый — больш як 10 мільёнаў рублёў). Абласной інвестыцыйнай праграмай на 2022-2023 гады прадугледжана ўзвядзенне басейна ў Мядзеле, што сур'ёзна ўмацуе рэйтынгавыя пазіцыі гасцінічнага комплексу «Мядзел» і аднайменнага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.