Вы тут

На свяце вёскі ў Тэўлях арганізавалі выставу мясцовай творчасці


У Тэўлях на дзень вёскі сабраліся і старыя, і малыя. Дзень гэты супаў са святам Успення, таму пачалі яго са святочнага богаслужэння ў мясцовым Свята-Успенскім храме, які, дарэчы, сёлета адзначае 150-годдзе. Зранку памаліліся, згадалі таксама загінулых на войнах землякоў, усклалі кветкі да помнікаў, а пасля абеду разам адсвяткавалі.


Аўтарам сцэнарыя святочных мерапрыемстваў выступіла загадчыца клуба Алена Марчук. Паводле слоў Алены Мікалаеўны, душой сёлетняга свята можна без перабольшвання назваць выставу творчасці мясцовых людзей.

— Здаецца, жывём побач, ведаем адно аднаго, але бывае, што знешне звычайныя людзі тояць у сабе сапраўдныя скарбы талентаў, — кажа Алена Марчук. — Ну, напрыклад, як сям'я Гасцеевых. Тое, што Аляксандр сапраўдны мастак у справе разьбы па дрэве, мы ведалі. Яго вырабы нават упрыгожваюць асобныя элементы нашага храма. А вось Ала Гасцеева раптам прадэманстравала прыгожыя лялькі, звязаныя кручком. І што гэта за лялькі! Каля яе экспазіцыі прыпыняліся ўсе, хто наведваў выставу.

Парадавала творамі наша старэйшая вышывальшчыца Мая Іванаўна Гамола. З-пад іголкі жанчыны выходзяць сапраўдныя творы мастацтва: ручнікі, карціны, абразы. Мая Іванаўна доўга працавала сакратаром сельскага Савета. А да гэтага шчыравала на ніве культуры. У яе ёсць знак «Ганароваму культработніку за выдатную работу», дык вось пасведчанне да ўзнагароды падпісала ў 1965 годзе легендарны міністр культуры СССР Кацярына Фурцава.

...Былі на той выставе карціны, вышытыя бісерам Галінай Бягун, творы, выразаныя з дрэва Уладзімірам Казюрам, арыгінальныя кампазіцыі з газетных трубак, вырабленыя Галінай Быцко. На гэтым вернісажы аднавяскоўцы, як выглядала, яшчэ раз знаёміліся адно з адным — адзначыла Алена Мікалаеўна.

Па традыцыі на святкаванні ўшанавалі самых сталых жыхароў. Старэйшынай населенага пункта па праве названы 97-гадовы Гаўрыла Ульянавіч Зіхманчук, былы вязень фашызму. Заслужаную пашану таксама атрымалі жанчыны, якія пераступілі 90-гадовы рубеж: Марыя Мартысь і Надзея Мех.

А залатыя юбіляры — Валянціна і Алякандр Балабушка — прымалі віншаванне з 50-годдзем сумеснага жыцця. Валянціна Харытонаўна і Аляксандр Аляксеевіч — былыя працаўнікі сельгаспрадпрыемства. Іх адзначыла ААТ «Стрыгава». Гаспадарка, дарэчы, выступіла асноўным спонсарам святкавання.

Не забыліся і пра самых руплівых гаспадароў падворкаў. Старшыня Тэвельскага сельскага Савета Іна Кузняцова назвала Валянціну Іванаўну Шугай кветкаводам на ўсю акругу. Сапраўды, у Валянціны Іванаўны не толькі падворак патанае ў кветках — расквечана ўся вуліца паабапал сядзібы. На шчасце, аматараў прыгажосці знайшлося нямала, іх імёны прагучалі на свяце.

Вялікую работу пры падрыхтоўцы дня вёскі правяла і сельскі бібліятэкар Любоў Крагель. І не толькі выставай краязнаўчай літаратуры, экскурсам у гісторыю населенага пункта парадавала бібліятэка. Любоў Маркаўна стала завадатарам прэзентацыі вуліц. Гэтым разам свае таленты, уменні, кулінарнае майстэрства дэманстравалі жыхары вуліц Чыгуначнай і Працоўнай. А ўсяго ў Тэўлях, дарэчы, дзесяць вуліц, і пражывае ў вёсцы каля паўтысячы чалавек.

Свята прайшло на адным дыханні, настрой ствараў народны ансамбль музыкі «Кобрынскі гармонік». А завяршыўся вечар танцамі, дзе людзі старэйшага пакалення нават падавалі прыклад маладым.

Шчыра павіншаваў тэвельцаў са святам вёскі старшыня Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук. Пазней Іван Аляксеевіч падзяліўся ўражаннямі з карэспандэнтам газеты:

— Такія святы вельмі патрэбныя жыхарам вёскі. Здавалася б, у сельскай мясцовасці ўсе ведаюць адно аднаго, але гэта і так, і не так. Бо, як упэўніліся, некаторыя з-за сціпласці не асабліва афішыруюць свае хобі, таленты. І аказваецца часам, што сусед наноў адкрывае суседа. Такія сустрэчы здружваюць, дораць незабыўныя эмоцыі. Гэта добрая нагода сказаць прыемныя словы сталым, заслужаным людзям, падтрымаць маладых, проста пабыць усім разам. На свята некаторыя прыйшлі цэлымі сем'ямі, гарадскія дзеці і ўнукі былі разам з бацькамі. У цэлым жа дзень вёскі прайшоў на высокай патрыятычнай ноце.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Кобрынскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?