Вы тут

Парламенцкі дзень у школах і ліга дэбатаў. Маладзёжны парламент аб напрамках дзейнасці


Усё актыўней у Беларусі развіваецца парламенцкі рух, арыентаваны на развіццё творчых, арганізатарскіх і кіраўнічых навыкаў моладзі. Маладыя людзі з усёй краіны аб'ядноўваюцца для рашэння сумесных праблем, а таксама для паляпшэння якасці адукацыі, адпачынку і дапамогі дзяржаўнаму апарату, прапаноўваюць інавацыйныя рашэнні, якія садзейнічаюць дабрабыту краіны. У чым заключаецца работа маладзёжнага парламента, як маладыя дэпутаты ўзаемадзейнічаюць з уладай, што запланавана да канца 2022 года — пра гэта і іншае ішла размова на прэс-канферэнцыі «Маладзёжны парламенцкі рух у Беларусі: актуальныя вынікі і перспектывы развіцця».


Як адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч, на працягу апошніх гадоў Савет Рэспублікі актыўна займаецца выбудоўваннем сістэмы маладзёжнага парламентарызму ў Беларусі. Па меркаванні сенатара, вынікі работы маладзёжнага парламента першага склікання аказаліся значнымі. Нядаўна выбраны новы склад маладзёжнага парламента другога склікання.

— У нашай моладзі выклікае цікавасць удзел у парламенцкім руху рознага ўзроўню — раённага, абласнога, рэспубліканскага. Юнакі і дзяўчаты цікавяцца, як можна трапіць у гэтыя структуры. На маю думку, неабходна далучыць максімальную колькасць моладзі да грамадскай работы, рэалізацыі асабістых ініцыятыў на карысць краіны, — падкрэсліў Віктар Лісковіч. — Нездарма Прэзідэнт шмат увагі ўдзяляе развіццю маладзёжнай палітыкі, ролі моладзі ў рэалізацыі ініцыятыў, якія рухаюць наперад грамадста. На сёння звыш 50 маладзёжных парламенцкіх структур функцыянуе ў Беларусі. У маладзёжным парламенце — прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў краіны. Гэта вельмі важна, паколькі садзейнічае інфармаванасці аб дзейнасці маладзёжнага парламента. Вакол прадстаўнікоў парламентарыяў на месцах будзе фарміравацца дзейнасць іншых парламенцкіх структур.

Віктар Лісковіч нагадаў, што сёлета, у Год гістарычнай памяці, маладзёжным парламентам праведзена шмат тэматычных мерапрыемстваў, у прыватнасці «Цягнік памяці», які аб'яднаў 200 старшакласнікаў. Яны наведалі мясціны, дзе ішлі абарончыя і наступальныя баі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Усе ўдзельнікі выказалі жаданне стаць валанцёрамі ў падобных праектах.

Старшыня маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Беларусі Мікіта Рачылоўскі расказаў, што другое скліканне пачала работу 5 жніўня. Памяняліся структура і склад маладзёжнага парламента. У папярэднім скліканні было 70 чалавек, у цяперашнім — 138, замест 6 профільных камісій стала 10, быў адзін намеснік старшыні, цяпер два. Прэзідыум раней прадстаўляла 8 чалавек, зараз — 13.

— Парламентарыі ажыццяўляюць дзейнасць на добраахвотных пачатках, не атрымліваюць платы. Гэта людзі, якія хочуць працаваць на карысць грамадства, уносіць уклад у развіццё маладзёжнага парламентарызму, — падкрэсліў Мікіта Рачылоўскі. — Мы працуем з дэпутацкім корпусам, сенатарамі, прымаем удзел у прамых тэлефонных лініях, прыёмах грамадзян. У жніўні самі ініцыіравалі дадаткова чатыры такія мерапрыемствы.

Як адзначыў Мікіта Рачылоўскі, у верасні маладзёжны парламент пачынае чацвёрты набор платформы «Каманда будучыні». Усе ахвотныя могуць падаць заяўку і прыняць удзел у мерапрыемствах, якія даюць магчымасць навучыцца прамоўніцкаму майстэрству, працаваць на камеру, публіку, у СМІ, мадэліраваць розныя сітуацыі, весці дзелавыя перамовы, прайсці трэнінгі па дрэскодзе. Аднаўляецца работа дыялогавай пляцоўкі «Беларусь будучыні», якая накіравана на абмеркаванне актуальных у жыцці беларускага грамадства і маладзёжнага асяроддзя. У яе межах плануюцца сустрэчы з працоўнымі калектывамі, рабочай моладдзю. Акрамя таго, распрацаваны два новыя праекты, якія стануць традыцыйнымі. Першы — адзіны парламенцкі дзень у каледжах і школах. Другі —Беларуская маладзёжная ліга дэбатаў. У гэтым годзе плануецца правесці другі беларускі парламенцкі форум.

— У распрацоўцы праект па стварэнні інфамацыйна-адукацыйнай тэлевізійнай праграмы «Здароўе берагчы з маладосці», — паведаміла старшыня камісіі маладзёжнага парламента па сацыяльнай палітыцы і ахове здароўя Вольга Ушкевіч. — Фарміраванне ўстаноўкі на здаровы лад жыцця — вельмі важны аспект: здароўе — справа не толькі медыкаў, але і ўсіх грамадзян. Толькі здаровая нацыя можа і будзе разві-
вацца.

Старшыня камісіі маладзёжнага парламента па міжнародных справах Аліна Рацькова засяродзіла ўвагу на перспектывах міжнароднага супрацоўніцтва, каардынацыі ўзаемадзеяння з маладзёжнымі парламентамі і структурамі замежных дзяржаў, удзеле членаў парламента ў праграмах міжнароднага супрацоўніцтва, развіцці маладзёжнай публічнай дыпламатыі.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.