Вы тут

Каманда Магілёўскага гарсавета перамагла на абласной спартакіядзе


Для старшыні Магілёўскага гарсавета дэпутатаў Максіма Гурына словазлучэнне фізічная культура не пусты гук. Нават пры вялікіх загрузках ён знаходзіць хвілінку наведаць трэнажорную залу або паплаваць у басейне. Лічыць, што толькі дзякуючы фізічнай актыўнасці ні разу за час сваёй працоўнай дзейнасці не быў на бальнічным. І тое, што каманда Магілёўскага гарсавета стала абсалютным пераможцам сёлетняй спартакіяды, для яго вялікі гонар. Бо тут спалучыліся і спартыўны дух, і адчуванне таварыскага пляча, і воля да перамогі...


Спартыўныя сустрэчы

Абласная спартакіяда ў Кіраўску стала 12-й па ліку. Яе арганізатарамі традыцыйна выступілі Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў і Магілёўская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў. У спаборніцтвах удзельнічалі 23 каманды з усіх раёнаў, а таксама Магілёва і Бабруйска. Перад народнымі абраннікамі стаяла задача праявіць сябе ў валейболе, лёгкай атлетыцы, шашках, настольным тэнісе, эстафеце, асабістым першынстве па падцягванні і скакалцы, у конкурсах «Меткі футбаліст» і мастацкай самадзейнасці. Кубак абсалютнага пераможцы камандзе Магілёўскага гарсавета дастаўся ўпершыню. Наколькі гэта дасягненне важнае для дэпутатаў?

— Дэпутацкая спартакіяда для каманды перш за ўсё — адчуванне адказнасці перад таварышамі, — разважае Максім Гурын. — Для дэпутацкага корпуса вобласці — гэта нагода для стасункаў у нефармальнай абстаноўцы, магчымасць абмеркаваць працоўныя моманты, падзяліцца вопытам. Мы працуем дзеля адной ідэі, і цікава даведацца, чым дыхае той ці іншы раён, якія там праблемы, як яны вырашаюцца.

Вядома, азарт ёсць. Без гэтага немагчыма ніводнае спаборніцтва. Але крэатыўны падыход вітаецца. Сёлета, напрыклад, дэпутаты Магілёўшчыны прысвяцілі спартакіяду Году гістарычнай памяці і прыехалі на мерапрыемства сем'ямі. Тут і пераемнасць, і адзінства ў адным, як той казаў, флаконе. Асабліва яркімі былі творчыя нумары. Дэпутаты гарсавета падрыхтавалі эпізод на тэму захавання памяці пра Вялікую Айчынную вайну. Іх гісторыя пра 20-гадовага абаронцу Магілёва на Буйніцкім поле, які прапаў без вестак, нікога не пакінула абыякавым. Калі Галіна Бяляева чытае адрасаваныя нашчадкам словы, яе голас сягае ў самае сэрца. Яна не толькі настаўніца і дэпутат, а яшчэ і пошукавік, сваімі рукамі падняла астанкі не аднаго безыменнага салдата. У нумары задзейнічана шмат моладзі.

— Гэта ў асноўным нашы дзеці, — патлумачыў Максім Гурын. — Мы не проста зрабілі нумар — мы нагадалі, як важна захаваць праўду пра вайну і берагчы мір.

Воля да перамогі

На прыкладзе сваёй каманды старшыня гарсавета расказвае пра тое, наколькі адказна ставяцца дэпутаты да сваіх абавязкаў.

— Цудоўна згуляла ў тэніс ганаровы грамадзянін Магілёва старшыня гарсавета ветэранаў Зінаіда Пянькова, — кажа ён. — Яна ў творчым нумары стварыла вобраз маці загінулага салдата. Зінаіда Васільеўна з ліку тых, хто заўсёды адгукаецца на просьбу дапамагчы. Яна шмат гадоў аддала грамадскай дзейнасці, у горадзе яе ведаюць і паважаюць. І вельмі каштоўна, што яна падтрымлівае свае спартыўныя навыкі. Малодшае пакаленне бярэ з яе прыклад.

У асабістым заліку высокія вынікі паказаў Ігар Васількоў, якому не было роўных па шашках. Першае месца па лёгкай атлетыцы заняў Віктар Ермакоў, кіраўнік ваенна-патрыятычнага цэнтра Магілёўскага абласнога кадэцкага вучылішча. А настаўнік гісторыі Леанід Шакура ні аднаго разу не «прамазаў», забіваючы гол у вароты, у намінацыі «Меткі футбаліст».

— Я хачу падзякаваць усім, хто быў са мной у камандзе, — кажа Максім Гурын. — Акрамя тых, пра каго мы ўжо згадалі, гэта Людміла Ільінская, Алена Аргудзяева, Дзмітрый Голубеў, Міхаіл Кулагін, Віктар Маціевіч, Раман Крывашэін. З кожнага з гэтых людзей можна быць упэўненым. Прыемна, што дэпутаты знаходзяць час для спартыўных заняткаў. Гэта гартуе характар, умацоўвае здароўе, сілу волю.

Не проста асабістая справа

У абноўленай Канстытуцыі з'явілася норма, дзе гаворыцца, што кожны чалавек павінен клапаціцца пра сваё здароўе.

— І фізічная культура дае такую магчымасць, — перакананы старшыня гарсавета. — Я па сабе адчуваю, што чалавек, які рэгулярна займаецца спортам, больш вынослівы, мэтанакіраваны, згуртаваны. І тое, што прапісана ў Канстытуцыі, вельмі важна. Кожны павінен разумець, што здароўе ў нашых руках. Дзяржава заўсёды падтрымае і дапаможа, але шмат чаго залежыць ад нас саміх. Акрамя таго, што ты ўмацоўваеш свой арганізм, яшчэ і атрымліваеш новыя стасункі, бо ў спартзале можна пазнаёміцца з прадстаўнікамі розных прафесій і поглядаў. Гэта жыццё ў руху. Ты да чагосьці імкнешся, дасягаеш. Так асабістая справа становіцца агульнай. Вельмі важна прыносіць карысць іншым і рабіць свет крышачку лепшым.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.