Вы тут

Гісторыя ў цэгле: дзіўная калекцыя ў Бешанковічах. Фотарэпартаж


Звычайная будаўнічая цагліна можа стаць сведкай розных эпох і нават удзельніцай гісторыі, красамоўна распавядзе пра горад альбо вёску, дойлідства, будоўлю, гліну і агонь, цагельню і работу майстра, калі яна, цагліна, трапіць у поле зроку жыхара Бешанковіч Станіслава Леоненкі — мясцовага радзімазнаўца і апантанага калекцыянера. Цэгла для Стаса — не проста будматэрыял, а ў першую чаргу каштоўны артэфакт і нават цэлы сусвет.


За пяць гадоў, з таго часу, калі Стас сур'ёзна захапіўся вывучэннем і высвятленнем паходжання штучнага каменнага будматэрыялу, праз яго рукі прайшлі сотні цаглін, але толькі адзінкі — са сваімі асаблівасцямі і біяграфічнымі данымі — сталі ўзорамі культурна-гістарычнага значэння. Гэтыя ўнікальныя знаходкі натхнілі яго стварыць першы на абшарах краіны музей цэглы. Навідавоку ў музейнай экспазіцыі выстаўлена невялікая частка артэфактаў, а асабліва каштоўныя захоўваюцца ў так званым фондзе — у зачыненай гаспадарчай пабудове. Тут на кожную цагліну заведзены пашпарт з навуковымі запісамі — адкуль прывезена, з якой пабудовы, памер, даты і сведчанні відавочцаў. Свае артэфакты ён знаходзіць у вёсках, якія знікаюць альбо ўжо зніклі: на месцах дамоў і гаспадарчых пабудоў, на пячных крушнях, на рэштках касцёлаў, цэркваў і панскіх сядзіб. І, нават, на месцах спаленых падчас вайны населеных пунктаў. Усе гэтыя мясціны ў акрузе Бешанковіч, Ушач, Лепеля, Чашнікаў. Сёлета, падчас рэстаўрацыі палаца Храптовічаў у Бешанковічах, Стас папоўніў калекцыю цаглінамі васямнаццатага стагоддзя. Цэгла выраблялася ў мясцовай цагельні, пабудаванай яшчэ Міхаілам Храптовічам — кожная адзінка мела сваё фірменнае кляймо. Калі сталі чысціць сажалку ў старым парку, дапытлівы бешанковец падняў цэглу дзіўнай формы, аналага якой не знайшоў у даведніках і старой літаратуры. Наогул, самыя старыя экзэмпляры ў Стасавай калекцыі — трохсотгадовыя цагліны, так званага пятроўскага стандарту — 30 сантыметраў у даўжыню, 16 сантыметраў у шырыню і 8 сантыметраў у таўшчыню. Такую цэглу называлі двухручнай, бо бралі яе толькі дзвюма рукамі.

А яшчэ ў запасе калекцыянера маюцца іншыя, не менш цікавыя дзяржаўныя стандарты. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў Расійскай імперыі ўстанавілі адзіны стандарт памераў: шэсць вяршкоў — тры вяршкі — паўтара вяршка. У савецкі час, у 1927 годзе, увялі новы будаўнічы стандарт: 25 см х 12 см х 6 см, які функцыянуе і да сёння.

Гаспадар музея — найцікавейшы апавядальнік, ён абавязкова распавядзе і пра цагліны-»пальчаткі», і пра адбіткі воўчай лапы (своеасаблівы ўзор абярэга), і пра «аўтографы» на цаглінах. Больш за ўсё цаглін з кляймом. Напрыклад, літара «б» азначала, што цэглу выраблялі ў Бешанковічах, нумарамі «11», «32», «33» кляймілі ў віцебскіх цагельнях.

— Збіранне цэглы зрабіла мяне дасведчаыным і ў краязнаўстве, — кажа калекцыянер. — Гледзячы на цэглу, я магу распавесці гісторыю той ці іншай вёскі. А яшчэ мару, каб калі-небудзь узвялі помнік зніклым вёскам з цаглін маёй вялікай калекцыі.

Анатоль КЛЯШЧУК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.