Вы тут

Абараняць і захоўваць персанальныя даныя правільна. Праграма павышэння кваліфікацыі стартавала ў НЦАПД


Прадстаўнікі банкаўскай сферы, медыцыны, рытэйлу, страхавання, органаў натарыяту, райвыканкамаў, рыэлтарскай дзейнасці і іншыя асобы (як дзяржаўных, так і прыватных арганізацый) на гэтым тыдні сталі студэнтамі. Іх аб'яднала адукацыйная праграма павышэння кваліфікацыі ў сферы абароны персанальных даных для асоб, якія ў арганізацыях і ведамствах адказваюць за наладжванне працэсу апрацоўкі асабістых даных людзей. На днях праграма афіцыйна стартавала ў Нацыянальным цэнтры абароны персанальных даных (НЦАПД).


Унутраны кантроль

Махляры, як паказвае практыка, цяпер найчасцей укладваюцца не ва ўзлом абароненых інфармацыйных сістэм, а ў работу з іх супрацоўнікамі, намагаючыся атрымаць праз людзей патрэбныя звесткі. Менавіта таму так важна навучыць тых, хто працуе з персанальнымі данымі, рабіць гэта правільна, каб яны данеслі нарматыўныя правілы да астатніх работнікаў арганізацый, а таксама папярэдзілі пра адказнасць за незаконнае распаўсюджванне звестак (да пяці гадоў пазбаўлення волі), акрэсліў дырэктар Нацыянальнага цэнтра абароны персанальных даных Андрэй Гаеў. Ён заўважыў, што афіцыйны старт адукацыйнай праграмы на пачатку верасня працягнуў дні трыумфу адукацыі ў Беларусі і стаў з'явай рэспубліканскага значэння:

— Змененая Канстытуцыя сёлета дапоўнілася палажэннем, згодна з якім дзяржава гарантуе стварэнне ўмоў для абароны персанальных даных (ПД), бяспекі асобы і грамадства пры іх выкарыстанні. А прынятым летась у лістападзе Законам аб абароне персанальных даных прадугледжаны шэраг мер, каб гэтыя ўмовы рэалізоўваліся. І адна з найважнейшых умоў — назначэнне ў кожнай арганізацыі чалавека, які б адказваў за ўнутраны кантроль за апрацоўкай персанальных даных. Хаця персанальныя даныя, як і раней, належаць толькі нам самім, яны набылі эканамічную каштоўнасць. Таму супрацоўнікам, якія займаюцца іх апрацоўкай, трэба мець неабходны ўзровень ведаў, каб папярэдзіць парушэнні, звязныя з абаротам і незаконным распаўсюджваннем звестак пра кожнага з нас.

У Цэнтры створана цудоўная матэрыяльна-тэхнічная база (інтэрактыўныя адукацыйныя тэхналогіі, практыка-арыентаваныя праграмы) і працуюць найлепшыя выкладчыкі, запэўніў міністр адукацыі Андрэй Іванец, уручаючы дырэктару НЦАПД сертыфікат дзяржаўнай акрэдытацыі, які сведчыць, што ўстанова цяпер можа ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць:

— Слухачы могуць быць упэўненымі ў тым, што ў НЦАПД умовы, педагагічны склад і праграма курса ў многім могуць быць узорам для іншых устаноў адукацыі краіны. Мінадукацыі сёння, пэўна, — адзін з найбуйнейшых сярод дзяржорганаў утрымальнік персанальных даных, таму было б добра, каб кіраўнікі органаў адукацыі ўсіх узроўняў (ВНУ, школ, дзіцячых садкоў) прайшлі тут навучанне. Нам патрэбны якасныя, кваліфікаваныя і дасведчаныя ў веданні закона па апрацоўцы даных работнікі.

Рызыкаарыентаваны падыход

Выкладчыкі — гэта работнікі Нацыянальнага цэнтра абароны персанальных даных, навуковыя супрацоўнікі ВНУ і іншых арганізацый. А прайсці навучанне змогуць не толькі асобы, якія займаюцца апрацоўкай ПД у арганізацыях, але і звычайныя людзі, якія хочуць разабрацца ў заканадаўчых момантах выкарыстання таго ж пашпарта ці неабходнасці падпісваць пэўныя згоды на распаўсюджванне звестак пра сябе. Пасля завяршэння курса ўсе студэнты атрымаюць сертыфікат, запэўніў Андрэй Гаеў і ўдакладніў, што адукацыйная праграма была распрацавана спецыяльна пад асаблівасці, звязаныя з работай з ПД у Беларусі:

— Заканадаўства па абароне ПД нетыповае адносна іншых галін права, паколькі ім ўстаноўлены рызыкаарыентаваны падыход. Згодна з ім, няма дакладных межаў, што трэба выканаць пэўнае правіла па пунктах. Што прадпрымаць, каб абараніць ПД, арганізацыі вызначаюць самастойна, бо ў кожнай асабістыя маштабы бізнесу і спецыфіка справы. Аднак, вядома, ёсць шэраг абавязковых для выканання патрабаванняў.

Асобны блок тэматыкі заняткаў прысвечаны, напрыклад, тэхнічнай крыптаграфічнай абароне інфармацыі, каб у арганізацыі была забяспечана правільная работа інфармацыйных рэсурсаў і сістэм і створаны адпаведныя ўзроўні доступу работнікаў.

— Каб рыхтаваць спецыялістаў больш сістэмна і на больш доўгатэрміновай аснове, праводзіцца шэраг мерапрыемстваў з Беларускім дзяржаўным універсітэтам інфарматыкі і радыёэлектронікі. Так, з новага года плануецца распачаць перападрыхтоўку спецыялістаў, да базавай вышэйшай адукацыі якіх дадаваць ІT-складнік, — удакладніў дырэктар НЦАПД. — Гэта ўнікальныя спецыялісты, якія павінны валодаць ведамі і ў галіне права, і ў ІT-сферы, і ў іншых галінах.

Выпадкі ўцечкі ПД, якія здараюцца, паказваюць, што найчасцей гэта адбываецца ў замежным сегменце, на іншых даменных зонах. Вельмі важна не дапусціць сам факт уцечкі, бо «злавіць» у сеціве першасна ўзламаную базу практычна немагчыма. Яна пачынае капіравацца, і нават далейшае выдаленне інфармацыі не здымае магчымасці, што нехта ёй скарыстаецца з пэўнай мэтай, падкрэсліў Андрэй Гаеў:

— Нельга, напрыклад, вывешваць спісы неплацельшчыкаў жыллёва-камунальных паслуг для агульнага азнаямлення — гэта не тая мера ўздзеяння на чалавека. Не надта добра, і калі страхавыя кампаніі перадаюць звесткі пра захворванне работніка не толькі яго наймальнікам. Аднак нельга і абрастаць паперамі, каб не браць згоду чалавека на апрацоўку яго даных літаральна з любой нагоды: ці то залічэнне дзіцяці ў школу, ці адпраўка работніка ў камандзіроўку.

У цэнтры будуць працягваць і распрацоўку комплексных галіновых рэкамендацый па абароне персанальных даных для розных сфер дзейнасці. Нядаўна іх атрымала сфера адукацыі, амаль завершаны рэкамендацыі для жыллёва-камунальнай гаспадаркі, плануюцца адпаведныя метадалагічныя выкладкі для сферы медыцыны.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».