Вы тут

Каралевы восеньскага кветніка


Па працягласці цвіцення вяргіням няма роўных. З пачатку ліпеня і да позняй восені яны прыкоўваюць да сябе погляды багатым цвіценнем і яркасцю шапак-суквеццяў.


Вырошчванне

Вяргіні вельмі любяць цяпло і сонца, а яшчэ лепш — яркае сонца.

Для паспяховага цвіцення глеба павінна быць умерана вільготнай (але не сухой) і водапранікальнай (не цяжкай). Цяжкія глебы непрыдатныя для вяргіні.

Ні ў якім разе глеба не павінна быць мокрай — гэта можа прывесці да загнівання клубняў.

Перанасычэнне глебы ўгнаеннямі вядзе да захворванняў расліны.

Вельмі важна абараняць вяргіні ад смаўжоў, і асабліва ў перыяд, калі з глебы прабіваюцца маленечкія парасткі.

Высакарослыя вяргіні варта падвязаць да апор, каб парывісты вецер і дождж не зламалі іх. Вышыня калоў павінна быць прыблізна 1,2 м.

Першае ўнясенне ўгнаенняў робяць разам з пасадкай клубняў у пасадачную яму. Гэта можа быць гной, кампост ці комплекснае ўгнаенне працяглага дзеяння. Можна падкормліваць вяргіні ўгнаеннямі для памідораў ці іншай гародніны. Такія ўгнаенні забяспечваюць расліны каліем лепш, чым азотам. Звычайныя комплексныя ўгнаенні з высокім утрыманнем азоту часам прыводзяць да таго, што ў вяргіні досыць моцна нарастае лісцяная маса, а сцёблы становяцца доўгімі і мяккімі. Багатае цвіценне назіраецца пры ўнясенні калію.

Вяргіні вельмі любяць ваду, таму паліў павінен быць рэгулярны і шчодры. Залішні паліў для іх непажаданы, бо клубні слабеюць і становяцца занадта вялікімі.

Захоўванне

Клубні вяргіні трэба штогод выкопваць на зіму і захоўваць у цёмным, прахалодным памяшканні. Цяпло — галоўны фактар няўдалай перазімоўкі. У занадта цёплым памяшканні клубні хутка высыхаюць.

У такім разе можна паспрабаваць захоўваць клубні вяргіні ў поліэтыленавых пакетах у дзірачку (пакеты не закрываць!), каб хаця б трохі захаваць вільгаць.

Вядома, залішняя вільготнасць таксама шкодная для вяргінь — іх клубні пачынаюць гніць. Таму для захоўвання лепш за ўсё падабраць цёмнае, прахалоднае, але не з мінусавай тэмпературай памяшканне. Гэта можа быць, напрыклад, неацяпляльны гараж, склеп, хлеў.

Чым карацейшы перыяд зімовага захоўвання, тым лепш. Таму рэкамендуюць увосень трымаць клубні ў зямлі як мага даўжэй. Не бойцеся першых лёгкіх начных замаразкаў у кастрычніку. У гэтым выпадку адміраюць толькі надземныя часткі расліны. Калі глеба і прамерзне, то не больш, чым на 5 см у глыбіню, што не пагражае для клубняў вяргіняў, якія звычайна высаджваюць на 5—8 см у глыбіню. Але як ночы стануць яшчэ халаднейшымі і з'явіцца небяспека, што мароз пракрадзецца ў грунт на большую глыбіню, клубні вяргіні варта выкопваць.

А вясной лепш высаджваць клубні як мага раней, у пачатку мая. У гэты перыяд нярэдка вяртаюцца начныя замаразкі, але яны ўжо не небяспечныя для клубняў вяргінь, пасаджаных у грунт.

Праз 2-3 тыдні, калі з зямлі з'явяцца першыя парасткі, майскія замаразкі будуць ужо ззаду.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.