Вы тут

У Нацыянальным архіве абмеркавалі партызанскую тэму


Рэспублікай-партызанкай наша краіна атрымала права называцца за беспрэцэдэнтны патрыятычны рух у адзін з найбольш складаных перыядаў у гісторыі — у гады Вялікай Айчыннай вайны. Без загадаў і прымусаў нашы суайчыннікі пакінулі свае ўтульныя хаты (калі ў кагосьці яны яшчэ засталіся) і сталі адзіным фронтам на абарону сваёй зямлі. Пасля вайны на ўдзельнікаў партызанскага руху выліўся шквал крытыкі, але яны годна выстаялі і ў гэтым супрацьстаянні. Дакументы не хлусяць — навукоўцы і архівісты ўжо даўно даказалі, што народныя мсціўцы ўнеслі важкі ўклад у Вялікую Перамогу.


Чарговай нагодай пагаварыць аб ролі партызан у барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў стала 80-годдзе стварэння Беларускага штаба партызанскага руху, якое гэтымі днямі адзначаецца. Падчас міжнароднага круглага стала «У мэтах узмацнення сувязі і кіраўніцтва партызанскімі атрадамі Беларусі...», які адбыўся ў Нацыянальным архіве, вядучыя спецыялісты па ваеннай гісторыі расказалі аб малавядомых фактах партызанскага руху, падзяліліся сваімі поглядамі на недаставерную інтэрпрэтацыю гістарычных фактаў. 

— Існуе меркаванне, што за столькі гадоў пасля вайны мы вывучылі партызанскі рух, — заўважыў загадчык аддзела публікацый Нацыянальнага архіва Беларусі Святаслаў КУЛІНОК. — Гэта абсалютна не так. Існуе шэраг аспектаў па тэме партызанскага руху, якія яшчэ патрабуюць навуковага асэнсавання. У прыватнасці, да гэтага часу няма ні адной навуковай дысертацыі, сур’ёзнай манаграфіі, прысвечанай рабоце Беларускага штаба партызанскага руху. Я ўжо не кажу пра асобныя кірункі: разведвальны, дыверсійны, забеспячэнне і інш. Яшчэ нямала пытанняў, дакументы па якіх патрэбна ўводзіць у навуковы зварот. Толькі ўнікальны фонд Беларускага штаба партызанскага руху, які захоўваецца ў Нацыянальным архіве, уключае ў сябе звыш 11 тысяч адзінак захоўвання. 

Аб рабоце, якая вядзецца па папулярызацыі і публікацыі дакументаў па гісторыі партызанскага руху, расказаў дырэктар Нацыянальнага архіва Беларусі Андрэй ДЗЕМЯНЮК. «Значную ўвагу мы ўдзяляем увядзенню ў навуковы зварот новых дакументальных крыніц па гісторыі партызанскага руху, — адзначыў ён. — Гэта выклікана дзвюма важнымі абставінамі. Па-першае, складам дакументаў, якія захоўваюцца: менавіта ў Нацыянальным архіве знаходзіцца найбуйнейшы ва ўсходняй Еўропе комплекс дакументаў па гісторыі партызанскай барацьбы. Па-другое, архіў чула рэагуе на запыты навуковай супольнасці і грамадскасці. Тэматыка выданняў, якія публікуюцца, разнастайная. Аднак тэма партызанскай барацьбы і партызанскага руху была і застаецца важнай у публікацыйнай рабоце архіва». 

Пры гэтым, як адзінагалосна сцвярджаюць спецыялісты, — сістэмна і глыбока дзейнасць Беларускага штаба партызанскага руху не вывучана. У той жа час заходняя гістарыяграфія, па словах загадчыка Цэнтра ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксея ЛІТВІНА, вельмі дасканала аналізавала вопыт нашага партызанскана руху. «1942 год быў знамянальным годам для нашай гісторыі, у прыватнасці, для развіцця партызанскага руху, — перакананы доктар гістарычных навук. — Менавіта тады былі створаны і апрабаваны найбольш дзейсныя формы аператыўнага кіраўніцтва партызанскай структуры. Самым галоўным ва ўсім гэтым было стварэнне да канца 1942 года стройнай сістэмы рэспубліканскіх і абласных штабоў партызанскага руху». 

Гучаў падчас круглага стала і не зусім навуковы пункт гледжання на мінулыя падзеі. Унук начальніка Беларускага штаба партызанскага руху, цёзка свайго легендарнага дзеда Пётр Калінін расказаў, што помніць многіх партызанскіх камандзіраў. «Пасля вайны яны часта сустракаліся, пілі гарбату і гутарылі на розныя тэмы (у многіх з іх нават удалося пасядзець на каленях), — успамінае ўнук Пятра Калініна. — Дзед для мяне быў аўтарытэтам. Многія гады я спрабую будаваць сваё жыццё па яго прыкладзе. Для мяне вялікі гонар насіць імя свайго дзеда, а таму я ніколі не магу сабе дазволіць зрабіць няправільны крок». 

Унучка кіраўніка БШПР Наталля Шэлег кажа, што ёй вельмі пашанцавала ў жыцці, бо разам з бабуляй і дзядулем яна жыла з сямімесячнага ўзросту і знаходзілася з імі да апошняга іх уздыху. «Пётр Калінін з’яўляўся ўзорам таго, якім трэба быць чалавекам, сем’янінам, — падзялілася яна. — Я, у сваю чаргу, бачыўшы, як будуецца сямейны ўклад Пятра Захаравіча і нашай бабулі, ладзіла так і сваё жыццё. Аднак нягледзячы на ўсю занятасць дзеда, яго адказныя пасады, ён заўсёды ўдзяляў нам шмат увагі».

Нашчадкі Пятра Калініна пішуць кнігу пра свайго знакамітага продка, у якой хочуць паказаць яго не столькі як партызанскага камандзіра, а як звычайнага чалавека, грамадзяніна сваёй краіны, бацьку, дзядулю. Застаецца чакаць з’яўлення кніжнай навінкі. 

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».