Вы тут

Што пачытаць у часопісе «Алеся» ў верасні?


Дапамагаць людзям і не чакаць падзякі

Адзінаццаць гадоў таму жыццё Іны Лісіцкай цалкам змянілася. Адбылося гэта з нараджэннем блізнят: Яраслаў – звычайны здаровы хлопчык, Арцём – дзіця з асаблівасцямі развіцця. За гэты час шматдзетная маці праз самаадданую барацьбу за здароўе сына, пераацэнку жыццёвых каштоўнасцяў прыйшла да ўсвядомленага жадання дапамагаць жанчынам, якія апынуліся ў складанай сітуацыі.

Інваліднасць Арцёма – не нагода замкнуцца ў сценах кватэры. Сям’я Лісіцкіх ахвотна ўдзельнічае ў конкурсах, якія праводзяцца сярод шматдзетных сем’яў Мінска. Некаторы час таму Іна Лісіцкая стала членам грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў», праз год узначаліла падраздзяленне арганізацыі ў Партызанскім раёне Мінска.

– Дапамагаючы людзям, не чакаю нічога для сябе, нават падзякі. Раблю гэта таму, што хачу і магу дапамагчы, – кажа шматдзетная маці.

Сёлета Іна Лісіцкая была ўганаравана Дыпломам Рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года – 2021» у намінацыі «Мацярынская слава».


«Калі кожны пачне з сябе, то ў нас атрымаецца выратаваць гэты свет!»

Так лічыць Ірына Рамбальская. Яна любіць здзіўляць і эпатаваць і дакладна не баіцца выходзіць за рамкі мейнстрыму. Шматгранная творчасць мастачкі вядомая не толькі ў нашай краіне. Яе працы знаходзяцца ў прыватных калекцыях Італіі, Францыі, Літвы, Польшчы, Расіі і нават Кітая. Яркія і дзёрзкія, насычаныя глыбокім сімвалізмам і створаныя на асаблівай, але вельмі зразумелай кожнаму мове… Працы Ірыны Рамбальскай прымушаюць задумацца пра жыццё ў эпоху глабалізацыі і пра тое, што можа зрабіць адзін чалавек, каб гэты вялікі свет стаў лепшым.

У інтэрв’ю «Алесі» мастачка распавяла пра карані сваіх творчых ідэй, выбар металу ў якасці матэрыялу для скульптур, ідэальнае месца для творчасці, а таксама пра дзёрзкую арт-інтэрвенцыю ў Доме-музеі Якуба Коласа, якую здзейсніла, разгерметызаваўшы творчую прастору класіка сучасным жывапісам і скульптурай.


Генетыка без белых плям

«Нягледзячы на тое што чалавечы геном расшыфраваны, функцыі пэўных яго ўчасткаў да гэтага часу невядомыя, таму нам ёсць, над чым працаваць», – кажа Ганна Шчаюк, якая ў дваццаць восем гадоў стала кандыдатам біялагічных навук, а ў трыццаць узначаліла Савет маладых вучоных Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі.

Ганна Мікалаеўна Шчаюк – старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі экалагічнай генетыкі і біятэхналогіі, вучоны сакратар Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі, пераможца рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі», лаўрэат прэміі імя акадэміка В. Ф. Купрэвіча і штогадовага конкурсу «100 маладых талентаў НАН Беларусі».

Малады вучоны ўдастоена ўзнагарод за распрацоўкі, звязаныя з генетычнымі аспектамі раку лёгкага.

– У гэтым годзе мы плануем завяршыць падрыхтоўку праекта інструкцыі па прымяненні ў медыцынскіх установах метаду генетычнага тэсціравання пацыентаў пры пастаноўцы дыягназу «рак лёгкага» з мэтай далейшага падбору тэрапіі для іх, – распавяла «Алесі» аб практычным значэнні сваёй працы малады генетык.


«Гэтая дзяўчынка ўзбагаціла маё жыццё…»

Вось ужо больш года жыццё Лізаветы звязана з жыццём 12-гадовай сацыяльнай сіраты. Аліна выхоўваецца ў адным з дзіцячых дамоў. За гэты час жанчына паспытала мноства самых розных эмоцый, але ні разу не пашкадавала пра тое, што стала патранатным выхавальнікам.

Нават з родным дзіцем не заўсёды атрымліваецца наладзіць эмацыйную сувязь, дабіцца жаданых вынікаў, дачакацца ўдзячнасці. Што казаць пра сацыяльных сірот з іх траўматычным вопытам? Для дапамогі выхавальнікам, педагогам дзіцячых дамоў і патрэбны неабыякавыя дарослыя: падрыхтаваць сірот да жыцця ў складаным знешнім свеце.

– Як бы тое ні было, гэтая дзяўчынка ўзбагаціла маё жыццё, – кажа Лізавета. – Такое задавальненне – дзяліцца з ёю ведамі, вопытам, даведвацца пра нешта новае аб ёй і аб сабе.

Непрыдуманая гісторыя пра адносіны сацыяльнай сіраты і патранатнага выхавальніка – на старонках «Алесі».


Здароўе, прыгажосць, мода

З вераснёўскага нумару «Алесі» вы даведаецеся, з якімі хваробамі варта наведаць мануальнага тэрапеўта, чаму баліць галава і што з гэтым рабіць.

Прачытаеце пра восем правіл догляду скуры рук восенню, якія прадукты патрэбны для здароўя сэрца, чым карысная абляпіха, якія худзі і пуловеры модныя гэтай восенню ды пра іншае.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.