Вы тут

Чарота: Па творы заўсёды заўважна, ці атрымаецца з маладога чалавека пісьменнік


Мы жывём у віры эмоцый. Асабліва востра гэта адчуваюць падлеткі, якія сутыкаюцца са спектрам розных праблем: пачынаючы ад унутраных страхаў і незадаволенасцяў і заканчваючы знешнімі канфліктамі, напрыклад, булінгам у школе. Некаторыя з іх звяртаюцца да літаратуры — сапраўды, напісанне вершаў або апавяданняў дапамагае выплеснуць увесь назапашаны негатыў. Падчас такой творчасці некаторыя з хлопцаў і дзяўчат разумеюць, што літаратура для іх — не толькі хобі або інструмент для разрадкі, але і справа, якой яны хацелі б займацца прафесійна. Каб даведацца, у якім напрамку рушыць маладому аўтару, «Чырвонка. Чырвоная змена» звярнулася да Аляксея Чароты, галоўнага рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва». Герой інтэрв'ю распавёў, што зусім нядаўна пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі быў створаны Савет па рабоце з моладдзю, адной з задач якога з'яўляецца падтрымка таленавітых хлопцаў і дзяўчат.


— Гэты Савет быў арганізаваны ў маі, а ўзначальвае яго маладая пісьменніца Ганна Чыж-Літаш. Падчас першага пасяджэння ўдзельнікі пазнаёміліся паміж сабой і выбудавалі кірункі далейшай работы. Плануецца, што Савет дапаможа ў папулярызацыі літаратуры сярод моладзі праз арганізацыю сустрэч маладзёжных калектываў, падчас якіх удзельнікі абмяркуюць сучасную беларускую літаратуру, а таксама падзеляцца ўласнай творчасцю.

— На вашу думку, які фармат работы пісьменніка з моладдзю самы паспяховы?

— Непасрэдныя стасункі: сустрэчы ў школах, у вышэйшых і прафесійных установах. Прымусіць чытаць вельмі складана, асабліва калі малады чалавек гэтага не хоча. Мае калегі дзяліліся, што калі яны прыходзілі ў аўдыторыю і распавядалі пра сваю творчасць, то назіралі іншы ўзровень цікавасці. Ад навучэнцаў пачатковых школ неаднойчы чуў: «А што, ёсць жывыя пісьменнікі?» Калі да іх звяртацца асабіста, яны бачаць, што пісьменнікі — гэта такія ж людзі, як і яны самі. З імі цікава размаўляць, яны добра знаёмяць з літаратурай. Гэта самы эфектыўны сродак.

— Ці сапраўды ў чытацкім маладзёжным полі назіраецца моцны спад цікавасці?

— Магчыма, спад цікавасці ёсць менавіта да папяровай кнігі. Мне здаецца, што шмат людзей карыстаюцца электроннымі сродкамі. І казаць, што наша моладзь не чытае зусім, — няправільна.

— Калі казаць пра моладзь, якая піша... Ці часта яна звяртаецца ў літаратурныя часопісы?

— Нам вельмі часта дасылаюць творы. Калі я працаваў у часопісе «Нёман», мы атрымлівалі іх не толькі з Беларусі, але і з Расіі, з Ізраіля. Зараз у «ЛіМ» таксама дасылаюць прозу, паэзію і нават крытыку.

— А што вы маглі б сказаць наконт якасці дасланых твораў?

— Ні адзін класік не пачынаў пісаць адразу настолькі выдатна і гладка, што ніякая рэдактура не была патрэбна. Па творы заўсёды заўважна, ці можа атрымацца з маладога чалавека пісьменнік. Не ўсе з тых, хто мае задатак і адоранасць, працягваюць займацца літаратурай.

— Памятаю, выкладчыкі ў нас заўсёды пыталіся: «Навошта вы выкарыстоўваеце замежныя імёны? Чаму ваш герой жыве ў Мінску, але завуць яго Джордж?» Ці можаце вы выдзеліць тэндэнцыю, уласцівую менавіта маладым аўтарам?

— Тут многае залежыць ад моды пэўнага часу. Сапраўды, заходнія імёны сустракаюцца значна часцей, чым славянскія. Магчыма, гэта нейкая праекцыя на замежную літаратуру. У большай ступені я хацеў бы звярнуць увагу на тое, што апошнім часам творчасць маладых людзей вельмі змрочная. Чытаеш і думаеш: «Табе ж яшчэ жыць і жыць, шмат чаго наперадзе, а столькі змроку». Мабыць, гэта падлеткавая спецыфіка. Але ў вочы кідаецца.

— У Беларусі ёсць філалагічны факультэт. Але ў адрозненне ад Расіі няма Літаратурнага інстытута. Як вы лічыце, ці маем мы ў ім патрэбу?

— Калі ў чалавека няма задаткаў, яго ніхто не навучыць пісаць. Я памятаю, як на філалагічным факультэце БДУ адбылася сустрэча з дэлегацыяй расійскіх пісьменнікаў. Выйшла маладая дзяўчына: «У мяне ёсць свая школа, дзе я вучу людзей пісаць — рыхтую паэтаў і празаікаў». Як можна навучыць пісаць верш? Я лічу, што гэта або дадзена або не — ты можаш сядзець і рыфмаваць, але калі ў тваім занятку няма душы і таленту, гэта заўсёды відаць. З такога чалавека пісьменніка не атрымаецца.

Пэўная адукацыя павінна быць. Мяркую, філфак, дзе вялікая ўвага аддаецца беларускай, рускай, антычнай літаратуры, з гэтым спраўляецца. Я памятаю гэтыя велізарныя спісы кніг, якія за семестр трэба было прачытаць. Навучыцца можна менавіта на класіцы, калі ты гэта прапускаеш праз сябе, зможаш нешта выбудоўваць. Спачатку павінна сфарміравацца бачанне і разуменне таго, што такое сапраўдная літаратура, а што такое масавая, ці графаманія. Калі чалавек можа адрозніць сапраўдную літаратуру ад несапраўднай, то ён здольны ацаніць і сябе.

— Ацэнка сябе — гэта, безумоўна, важна. Але часам, каб зразумець, у якім напрамку рухацца, маладому аўтару патрэбна меркаванне збоку. Гэтую ролю часцей за ўсё выконвае крытыка, але цяпер з ёй назіраюцца праблемы...

— На жаль, апошнім часам прафесійная, сур'ёзная крытыка ў нас вельмі слаба сябе праяўляе. Сярод моладзі такіх таксама адзінкі. Зараз крытыка ўвогуле сышла ў інтэрнэт — гэта не аналіз твора, які грунтуецца на веданні літаратуры і яе законаў, а ўласная ацэнка, якая не падмацавана ведамі. Тут гаворка ідзе аб суб'ектыўнасці.

— Разважаючы аб ролі інтэрнэту ў творчым полі, я ўспамінаю паэтычныя слэмы і чытанні, якія ладзіліся ў Мінску ледзь не кожны тыдзень. Іх удзельнікі не друкаваліся, але былі вельмі папулярныя сярод моладзі — у інтэрнэце іх вершы мелі шмат праглядаў, а падчас выступленняў творцаў пазнавалі. На вашу думку, гэта было абумоўлена талентам або папулярнасцю ў сеціве?

— Мне здаецца, што талент тут абсалютна ні пры чым. Гэта ўменне падаць сябе, маркетынг у чыстым выглядзе, эпатаж. Магчыма, сярод іх сустракаліся нейкія здольныя хлопцы і дзяўчаты, але ў першую чаргу тое, што адбываецца ў інтэрнэт-прасторы, — проста ўменне сябе прарэкламаваць.

— І ўсё ж у сучасным свеце недастаткова проста добра пісаць — малады аўтар павінен валодаць менеджарскімі рысамі, каб прадаць свой твор. Ці таленту дастаткова?

— Як паказвае практыка, можна выехаць і на таленце. Зразумела, што цяпер выдаць кніжку даволі цяжка. Але ў Беларусі ёсць газета «Літаратура і мастацтва», часопісы «Маладосць» і «Полымя». Для тых, хто піша на рускай мове, ёсць часопіс «Нёман». Калі твор сапраўды таленавіты, ніхто не адмовіць маладому аўтару ў публікацыі. Праводзіцца шмат конкурсаў, вынікамі якіх становяцца публікацыі ў калектыўных зборніках. Ёсць конкурс Саюзнай дзяржавы «Мост дружбы», які ладзіцца раз на два гады. Па яго выніках выдаецца альманах на дзвюх мовах. Кожнае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі праводзіць свае конкурсы, якія прымеркаваны да юбілеяў пісьменнікаў ці іншых значных падзей.

Я не бачу праблем, каб надрукавацца, але шмат хто з моладзі проста не ведае, што ёсць літаратурныя часопісы або конкурсы. Яны ўсё закідваюць у інтэрнэт, дзе няма ніякага адбору і крытэрыяў.

— Якую б параду вы маглі даць маладым аўтарам? Да каго звярнуцца? Якім павінен быць першы крок?

— У першую чаргу я параіў бы больш чытаць. А калі ёсць неабходнасць у ацэнцы сваіх твораў, то зноў жа згадаю Саюз пісьменнікаў Беларусі, у прыватнасці, Мінскае абласное аддзяленне. Яго старшыня Міхась Пазнякоў праводзіць вялікую работу па аб'яднанні вакол сябе маладых літаратараў. Таксама пры кожнай ВНУ ёсць літаратурныя аб'яднанні, трэба цікавіцца і знаходзіць аднадумцаў. Абавязкова дасылайце свае творы ў часопісы, рэдактары праглядаюць усе лісты, і калі твор варты, ён будзе надрукаваны.

Арына КАРПОВІЧ

Фота дадзена героем

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.