Вы тут

Распрацоўкі Ганны Шчаюк дапамогуць падабраць лекі супраць раку лёгкага


«Нягледзячы на тое, што чалавечы геном расшыфраваны, функцыі пэўных яго ўчасткаў да гэтага часу невядомыя, таму нам ёсць, над чым працаваць», — кажа Ганна Шчаюк, якая ў дваццаць восем гадоў стала кандыдатам біялагічных навук, а ў трыццаць узначаліла Савет маладых вучоных Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі.


Ганна Мікалаеўна Шчаюк — старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі экалагічнай генетыкі і біятэхналогіі, вучоны сакратар, старшыня Савета маладых вучоных Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Кандыдат біялагічных навук. Пераможца рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі», лаўрэат прэміі імя акадэміка В.Ф. Купрэвіча і штогадовага конкурсу «100 маладых талентаў НАН Беларусі».

— Як пачынаўся Ваш шлях у навуку?

— Біялогіяй я зацікавілася ў школе. Нарадзілася і вырасла ў вёсцы ў Слонімскім раёне, заўжды любіла прыроду. Пачала ўдзельнічаць у алімпіядах, мэтанакіравана рыхтавалася да паступлення на біяфак БДУ. На другім курсе ўніверсітэта зразумела, што хачу даследаваць генетыку чалавека, яго захворванні і спадчыннасць. Так я аказалася ў Інстытуце генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі, у лабараторыі мадэлявання генетычных працэсаў, дзе мне прапанавалі тэматыку для будучых курсавых работ. Я была захоплена ўсім, што ўбачыла і пачула там, адразу зразумела: гэта — маё. Ва ўніверсітэце займалася тэмай бранхіяльнай астмы ў дзяцей. Даследавала, якія змены ў генах уплываюць на схільнасць да развіцця гэтага захворвання, на цяжкасць яго цячэння.

Скончыўшы біяфак у 2013 годзе, прыйшла на працу ў Інстытут генетыкі і цыталогіі малодшым навуковым супрацоўнікам. У тым жа годзе паступіла ў магістратуру. Затым у аспірантуру. Кірунак даследаванняў у мяне змяніўся, я занялася тэмай, звязанай з генетычнымі аспектамі рака лёгкага.

— За гэтыя распрацоўкі Вы былі адзначаны шэрагам узнагарод і заахвочванняў, увайшлі ў банк дадзеных «100 маладых талентаў НАН Беларусі». Чаму зацікавіліся менавіта ракам лёгкага?

— Гэта цяжкае захворванне, даволі распаўсюджанае ў Беларусі, Расіі, еўрапейскіх краінах. Сярод анкалагічных хвароб па смяротнасці займае першае месца, то-бок сацыяльная значнасць праблемы высокая. Ёсць некалькі тыпаў гэтага раку, мы вывучалі нядробнаклетачны, на яго прыпадае 85% усіх выпадкаў раку лёгкага. У сваю чаргу, ён дзеліцца на некалькі падтыпаў, мы выбралі для аналізу два самыя распаўсюджаныя: адэнакарцыному і плоскаклетачны рак лёгкага. Гэтыя два тыпы адрозніваюцца паміж сабой клінічнымі праявамі. Акрамя таго, плоскаклетачным ракам лёгкага хварэюць у асноўным мужчыны, якія працуюць на шкоднай вытворчасці або кураць. Што да адэнакарцыномы, тут суадносіны мужчын і жанчын 50 на 50, і стымулююць хваробу не толькі курэнне і знешнія фактары, але ў большай ступені ўнутраныя працэсы ў арганізме, іншыя хваробы, сямейны анамнез анказахворванняў. Нас зацікавіла: калі гэтыя паталогіі настолькі адрозніваюцца, то якія ж іх адрозненні на ўзроўні генетыкі?

— Атрымалася высветліць?

— Так. Для гэтага мы пратэставалі розныя гены, звязаныя з узнікненнем раку лёгкага. Калі ў іх ёсць мутацыі, захворванне, хутчэй за ўсё, пачне развівацца, але не ў 100% выпадкаў. Далей пачынае адыгрываць ролю лад жыцця пацыента, фактары рызыкі — курэнне, праца на шкоднай вытворчасці, частыя стрэсы, дрэннае харчаванне. У комплексе з «паломкамі» ў генах гэтыя фактары могуць прыводзіць да развіцця раку. Мы высветлілі: у пацыентаў з адэнакарцыномай і ў пацыентаў з плоскаклетачным ракам лёгкага мутацыі выяўляюцца ў розных генах. Менавіта гэтая распрацоўка і была ўдастоена шматлікіх узнагарод.

— Навуковы пошук на гэтым не спыніўся?

— На наступным этапе мы працавалі над выяўленнем генетычных механізмаў, якія павялічваюць рызыку захворвання. Разгледзелі, як рэгулююцца працэсы, якія садзейнічаюць росту пухліны або запавольваюць яго. Гаворка ідзе пра мутацыі ў генах-анкасупрэсарах (яны перашкаджаюць развіццю пухліны) і ў протаанкагенах (наадварот, стымулююць развіццё раку). Прасочваючы характар мутацый, можна ўбачыць схільнасць да развіцця захворвання, апісаць, як будзе развівацца хвароба ў канкрэтнага пацыента, а таксама хутка і дакладна падабраць тэрапію. Пры гэтым важна разумець, што мутацыі ў генах могуць зрабіць пацыента неадчувальным да пэўнага супрацьпухліннага прэпарата. Ведаючы аб мутацыях, дактары змогуць падабраць чалавеку эфектыўнае лячэнне.

— Вынікі Вашых даследаванняў ужо выйшлі за сцены лабараторыі?

— Так, студэнты-медыкі вывучаюць іх на спецкурсах па раку лёгкага. У гэтым годзе мы плануем завяршыць падрыхтоўку праекта інструкцыі па прымяненні ў медыцынскіх установах метаду генетычнага тэсціравання пацыентаў пры пастаноўцы дыягназу «рак лёгкага» з мэтай далейшага падбору тэрапіі для іх. 

— Якія Вашы далейшыя планы?

— Працягваць працу ў гэтым кірунку. У мінулым годзе завяршылі буйны праект у навукова-тэхнічнай праграме Саюзнай дзяржавы. Цяпер плануем новы праект. Вядома, што анкалагічныя захворванні ў большасці выпадкаў развіваюцца з узростам. Хочацца высветліць, якія менавіта працэсы адбываюцца ў дарослым арганізме, чаму яны прыводзяць да павышэння рызыкі захворвання на рак. У нашай лабараторыі ёсць праекты па даследаванні генетыкі доўгажыхароў. Хочацца ведаць, чым людзі, якія жывуць доўга без сур’ёзных хвароб, адрозніваюцца ад тых, у каго рак развіваецца.

— Што дапамагае захоўваць высокую працаздольнасць і матываванасць?

— Без падтрымкі і дапамогі вопытных калег — кіраўніцтва інстытута, супрацоўнікаў лабараторыі — мае поспехі наўрад ці былі б магчымыя. Тут бачаць патэнцыял маладых вучоных і ведаюць, па якім шляху іх накіраваць. Цяпер я з’яўляюся старшынёй Савета маладых вучоных інстытута. Паколькі сама прайшла гэты шлях, ведаю, на што арыентаваць моладзь. Ім лёгка працаваць са мной, як і мне з імі.

— Вам 31 год, і Вы рэалізавалі сябе настолькі, колькі ў іншых займае дзесяцігоддзі. Пра што марыце цяпер?

— Насамрэч шлях вучонага — гэта справа ўсяго жыцця. Ёсць вялікае жаданне займацца навукай, ставіць новыя мэты і дабівацца іх дасягнення. На сваім месцы дапамагаць людзям.

— Крыху больш за стагоддзе таму жанчына не магла і марыць зрабіць кар’еру ў навуцы. Сёння ўсё змянілася, але ў сферы навукі мужчын усё ж больш. Як думаеце, чаму?

— Што да нашага інстытута, у кіраўніцтве ў нас мужчын і жанчын пароўну, а ў лабараторыі, дзе я працую, больш жанчын. Часта жанчыны не хочуць ісці на вышэйшыя кіруючыя пасады ў навуцы, бо гэта забірае шмат часу ў сям’і. Я ніколі не адчувала сябе ўшчэмленай у чымсьці з-за таго, што я жанчына, усе ў нас знаходзяцца ў роўных умовах. Наогул, у мяне даволі феміністычныя погляды, і я радуюся, калі жанчыны імкнуцца развівацца, увасабляць свае жаданні і ім у гэтым нішто не перашкаджае. Калі яны жадаюць прысвяціць сябе працы — гэта выдатна, калі сям’і — таксама выдатна. Калі жадаюць развівацца ў абедзвюх сферах, гэта даволі складана, але я заўсёды з радасцю дапамагу такой жанчыне, калі яна мае ў тым патрэбу.

— Чым захапляецеся ў вольны час?

— З дзяцінства люблю маляваць. Часам хаджу па выхадных на майстар-класы па алейным жывапісе, дзе за 5-6 гадзін можна намаляваць карціну. Такі фармат мне падыходзіць, бо не трэба ўвесь час наведваць заняткі, на гэта мне складана было б знайсці час. Адна з намаляваных мной карцін з рознакаляровымі карпамі звязана з японскай культурай.

— Яшчэ адно Ваша захапленне?

— Так, яно нарадзілася ў студэнцкія гады. На хвалі цікавасці да японскай культуры прайшла навучанне на курсах японскай мовы, здала экзамен. З фізічнай актыўнасці аддаю перавагу плаванню і ровару. Зімой — горныя лыжы, езджу з сябрамі ў Лагойск або Сілічы.

— Чаго б Вы хацелі для сябе?

— Магчыма, крыху адпачыць пасля такога актыўнага перыяду. Паколькі я яшчэ не замужам, можна было б задумацца аб стварэнні сям’і.

— Што для Вас шчасце?

— Калі адчуваеш поўнае задавальненне ад таго, што адбываецца дома і на працы, калі ўсё добра ў блізкіх, а ў душы і ў жыцці поўная гармонія — гэта і ёсць шчасце для мяне.

Алена БРАВА

Фота аўтара

Друкуецца ў часопісе «Алеся»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».