Вы тут

Іна Лісіцкая: Хачу, каб людзі па-іншаму ўспрымалі асаблівых дзяцей


Адзіннаццаць гадоў таму жыццё Іны Лісіцкай цалкам змянілася. Адбылося гэта з нараджэннем блізнят: Яраслаў — звычайны здаровы хлопчык, Арцём — дзіця з асаблівасцямі развіцця. За гэты час шматдзетная маці праз самаадданую барацьбу за здароўе сына, пераацэнку жыццёвых каштоўнасцяў прыйшла да ўсвядомленага жадання дапамагаць жанчынам, якія апынуліся ў складанай сітуацыі.


«Прыняцце факта, што мой сын — асаблівы, прыйшло не адразу»

Нарадзілася Іна ў Мінскім раёне, скончыла сталічную школу № 109, паступіла ў вучылішча на кухара. Марыла аб гэтай прафесіі з дзяцінства: яе бабуля выдатна гатавала і зацікавіла гэтай справай унучку, дзядуля сам пёк хлеб. Падчас практыкі ў санаторыі «Волма» Іна пазнаёмілася з будучым мужам — Сяргей прывозіў у сталовую прадукты. У 2000-м ажаніліся, у наступным годзе нарадзіўся сын Валянцін. Потым былі адпачынак па доглядзе дзіцяці, праца. Праз дзевяць гадоў пасля нараджэння першынца — новая цяжарнасць.

— З нараджэннем Яраслава і Арцёма ў мяне пачалося іншае жыццё, — успамінае Іна Лісіцкая. — Блізняты з’явіліся на свет неданошанымі, Арцём нарадзіўся праз 20 хвілін пасля брата, заблытаўся ў пупавіне, перажыў асфіксію. У тры месяцы, пасля прышчэпкі, у Цёмы пачаліся прыступы эпілепсіі. Стан дзіцяці быў цяжкі. Прыняцце факту, што мой сын — асаблівы, прыйшло не адразу. Доўга змагаліся за яго здароўе, спрабавалі нешта выправіць, шмат дзе пабывалі на рэабілітацыі. Нават групу інваліднасці Арцёму аформілі толькі праз тры гады пасля яго нараджэння.

Цяпер блізнятам адзінаццаць гадоў. Яраслаў — здаровае дзіця, ён перайшоў у шосты клас. Арцём самастойна не ходзіць, амаль не размаўляе. З ім займаюцца ў ЦКРНіР.

Мы сядзім на ўтульнай кухні Лісіцкіх за кубкам кавы.

— З прыняццем хваробы сына памянялася многае ў маіх адносінах да жыцця, — працягвае Іна Яўгенаўна. — Прыйшло разуменне: самае важнае — здароўе дзяцей. Часам знаёмыя скардзяцца: сын ці дачка зламалі нейкую дарагую рэч. Вось у нас ёсць камода, Арцёму падабаецца гуляць з яе дзверцамі. Дзеля гэтага ён падпаўзае да камоды, і для нас радасць, што ён праяўляе да чагосьці цікавасць. Размаўляйце з дзецьмі, тлумачце, што можна, што нельга, але не сварыцеся на іх.

Падтрымка і апора — муж

Пасля нараджэння блізнят Іне Лісіцкай прыйшлося пакінуць працу: Арцём мае патрэбу ў кругласутачным доглядзе. Муж — яе апора і падтрымка ва ўсім. Не сакрэт, што далёка не кожны мужчына здольны вынесці жыццё з дзіцём-інвалідам. Часта жанчына застаецца сам-насам з цяжкасцямі. Пасля нараджэння Арцёма адносіны мужа і жонкі Лісіцкіх не толькі не разладзіліся, а наадварот, сталі больш цёплымі і трапяткімі. Але і да гэтага сям’я была дружная. Шмат увагі надавала адукацыі.

— Калі мы пажаніліся, Сяргей быў кіроўцам аўтамабіля, ужо ў шлюбе скончыў тэхнікум, затым паступіў у БНТУ завочна, — кажа Іна Лісіцкая. — Дыплом атрымліваў пасля нараджэння блізнят. Смяяўся: «Адзіны стары студэнт, яшчэ і шматдзетны». Я настойвала на тым, каб ён вучыўся, і сама падчас шлюбу скончыла Смілавіцкі дзяржаўны аграрны каледж.

Цяпер Сяргей Міхайлавіч працуе механікам на УП «Белтрансаўтаматыка». Інваліднасць Арцёма — не нагода замкнуцца ў сценах кватэры. Іна і Сяргей Лісіцкія часта ўдзельнічаюць у розных конкурсах, якія праводзяцца сярод шматдзетных сем’яў Мінска. Гэта своеасаблівае пераключэнне — і новыя ўражанні.

— У 2019 годзе ўдзельнічалі ў конкурсе «Лепшая шматдзетная сям’я», — успамінае Іна Яўгенаўна. — З Арцёмам гэта няпроста. Цэлы дзень мы правялі на сцэне, прывезлі з сабой намаляваныя Яраславам карціны, узнагароды Валянціна. Нам тады падарылі шмат падарункаў і вялізны торт. Прайшло тры гады, а дзеці і сёння ўзгадваюць гэты конкурс.

Менавіта ў Сяргея Міхайлавіча з’явілася ідэя падарожнічаць па Беларусі. Цяпер сям’я вольны час прысвячае сумесным паездкам на машыне. Пабывалі ў Міры, Нясвіжы, асабліва спадабаўся замак Радзівілаў. Цешыць дача ў Дукоры, дзе Іна Яўгенаўна вырошчвае гародніну і разводзіць кветкі. На дачы бывае весела і шматлюдна — прыязджаюць сябры, сваякі. Ёсць у сям’і і свае традыцыі.

— Адна з іх — спячы што-небудзь смачнае, а потым сабраць усіх за кубкам чаю. Або разам паехаць на дачу, пажадана без гаджэтаў, — усміхаецца Іна Яўгенаўна.

«Хачу, каб людзі па-іншаму ўспрымалі асаблівых дзяцей»

Старэйшы сын Іны і Сяргея Лісіцкіх Валянцін дасягнуў поспеху ў спартыўных бальных танцах. Яго кубкі і медалі, прывезеныя з розных конкурсаў, маці паказвае з гонарам. У гэтым годзе старэйшы сын скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Яраслаў добра малюе, захапляецца стральбой.

Па словах Іны Лісіцкай, наяўнасць брата з асаблівасцямі ў развіцці паўплывала на каштоўнасныя ўстаноўкі хлопцаў.

— Яны выраслі чалавечнымі, гатовымі прыйсці на дапамогу, — кажа Іна Яўгенаўна. — Усе мы разам клапоцімся пра Арцёма, кожны ведае, як яго пераапрануць, накарміць. Нядаўна Яраславу даверылі пераапрануць нованароджанага, і ён выдатна з гэтым справіўся. Мае дзеці разумеюць, як сябе паводзіць, калі сустракаеш у грамадстве дзіця з асаблівасцямі. Для іх непрымальна, калі нехта паказвае на такога чалавека, смяецца з яго. Часам нават дарослыя не ўмеюць правільна паводзіць сябе ў гэтай сітуацыі. Іду, бывае, па гандлёвым цэнтры з Арцёмам — ён вялікі хлопчык, але ў калясцы, дзеці бачаць гэта і задаюць пытанні сваім бацькам, а тыя, замест таго каб растлумачыць, крычаць на іх, сварацца. Не дзіця трэба выхоўваць, а такіх бацькоў. Хацелася б, каб людзі па-іншаму ўспрымалі асаблівых дзяцей.

На думку Іны Лісіцкай, галоўнае ў сям’і — разумець адно аднаго. А для гэтага трэба размаўляць, не ўтойваць праблему, калі яна ёсць. Не высвятляць адносіны, а тлумачыць сваю пазіцыю. І, вядома, стварыць моцную сям’ю — надзейную гавань у сённяшнім няпростым свеце — дазваляе адзінства мэт.

Быць карыснай людзям

Некаторы час таму Іна Лісіцкая стала членам грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў». Праз год атрымала прапанову ўзначаліць падраздзяленне арганізацыі Партызанскага раёна горада Мінска. Доўга сумнявалася, бо шмат часу даводзіцца ўдзяляць Арцёму. Аднак пагадзілася. Муж яе ў гэтым рашэнні падтрымаў. У валанцёрстве знайшла і пакліканне, і душэўнае задавальненне, і крыніцу ўнутранай гармоніі.

— Часам людзі звяртаюцца да нас непасрэдна, часам — праз дзяржаўныя арганізацыі. Аднойчы мы дапамаглі маці траіх дзяцей. Калі яна нарадзіла малодшага, яе кінуў муж, і ў жанчыны здарыўся інсульт. Мы сабралі ёй рэчы, я знайшла чалавека, які купіў каляску для немаўляці. Іншым разам мяне папрасілі дапамагчы сіраце, якая вырасла ў дзіцячым доме: яна нарадзіла дзіця, але не ведала, як яго даглядаць, чым карміць. Некаторы час я апякала гэтую маладую маці. Збіралі рэчы для цяжарнай, якая аказалася ў складанай жыццёвай сітуацыі... Такіх выпадкаў шмат. Дапамагаючы людзям, не чакаю нічога для сябе, нават падзякі. Раблю гэта таму, што хачу і магу дапамагчы.

Па словах Іны Лісіцкай, у арганізацыю шматдзетных Партызанскага раёна ўваходзяць 38 сем’яў, з іх восем з асаблівымі дзецьмі. Жанчыны-маці тут і практычную дапамогу знаходзяць, і разам праводзяць вольны час. Арганізуюцца паездкі ў забаўляльныя цэнтры, цырк, іншыя месцы, дзе дзецям цікава. Пакуль малыя гуляюць, мамы гутараць, дзеляцца навінамі, адпачываюць ад штодзённых клопатаў.

— Прыемна, што мяне адзначаюць граматамі, а сёлета — і Дыпломам Рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года — 2021» у намінацыі «Мацярынская слава», — гаворыць Іна Лісіцкая. — Момант уручэння гэтай узнагароды ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны запомніўся як вельмі ўрачысты. Ёсць вялікае жаданне працаваць далей і быць карыснай людзям.

Алена БРАВА

Фота з асабістага архіва Іны Лісіцкай

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.