Вы тут

Аляксандр Кульчыцкі-Габіч - самы вядомы першакурснік Беларусі


Аляксандр Кульчыцкі-Габіч у гэтым годзе стаў самым вядомым першакурснікам Беларусі. Свой студэнцкі білет Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта мужчына атрымаў у 61 год.


Але трапіць у Кнігу рэкордаў Гінеса ў яго ўжо не атрымаецца — гэты статус яшчэ ў 2006 годзе атрымаў Алан Сцюарт, калі ў 97 гадоў абараніў чацвёрты дыплом па спецыяльнасці «Стаматолаг-хірург» і стаў магістрам па медыцыне.

Штогод ВНУ Беларусі прымаюць у студэнцкія сем'і тысячы ўчарашніх выпускнікоў. Хтосьці ідзе па вышэйшую адукацыю, каб стаць высокакваліфікаваным спецыялістам, хтосьці — таму, што «так трэба». Але рэзананснымі з'яўляюцца выпадкі, калі студэнтамі становяцца людзі сталага ўзросту, маючы не адну адукацыю і багаты працоўны вопыт. Што кіруе імі, хто па жаданні душы праз дзесяцігоддзі зноў садзіцца за студэнцкую парту?

«Вучэнне — свет, а невучэнне — цемра», — вядомая ўсім народная мудрасць, якой прытрымліваецца і Аляксандр Кульчыцкі-Габіч. Маючы за плячыма тэхнічную вышэйшую адукацыю, ён у 60 гадоў вырашыў крута павярнуць свой лёс і атрымаць другі — медыцынскі — дыплом у ВДМУ.

На пытанне, што прывяло яго зноў да лекцый і семінараў, адказвае, што асабісты арганізм. Мужчына-інжынер шмат гадоў жыў у Расіі, на прадпрыемстве кіраваў аддзелам па аўтаматызаваных сістэмах упраўлення, адказваў за тэхналагічную бяспеку. І зразумеў, што па-майстэрску разбіраецца ў машынах, а на асабісты механізм — сваё цела — не хапае часу. Гледзячы на гэтага не па гадах жыццярадаснага і бадзёрага чалавека, адразу ўзнікае думка, што сакрэт вечнай маладосці Аляксандр Багданавіч усё ж такі знайшоў.

Аказалася, што пасля 30 гадоў ён пачаў цікавіцца ўсходняй літаратурай і стаў займацца ёгай, на працягу дзесяці гадоў практыкаваў вегетарыянства. Зараз рацыён крыху пашыраны, але, як і раней, у ім арэхі, кашы, зялёны чай — ніякага фастфуду і цяжкіх для пераварвання прадуктаў. Яшчэ юнаком займаўся спортам — цяжкай атлетыкай і дзесяцібор'ем, — але зразумеў, што арганізм не жалезны — сёння актыўна займаецца хадзьбой: на дамашнім трэнажоры або па шляху ва ўніверсітэт.

Калі Аляксандр Багданавіч вырашыў паступіць другі раз у жыцці, запісаўся на факультэт давузаўскай падрыхтоўкі і пачаў узмоцнена рыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання. Расказвае, што цяжэй за ўсё давалася біялогія — навука, якая адкрывае перад чалавекам самыя дзіўныя факты пра арганізм. Напрыклад, аказваецца, што з-за рэгенерацыі клетак печань юнака і ўжо пажылога чалавека прыблізна аднолькавая — яе «ўзрост» у сярэднім складае менш чым тры гады.

Па выніках ЦТ мыжчына набраў 215 балаў і ішоў да сваёй мэты па-за конкурсам, але ўпэўнена. Плануе выправіцца на практыку пасля трэцяга курса і ўжо задумваецца аб аспірантуры. Гэты рэдкі выпадак, напэўна, сёлета здзівіў кожнага, але на рэакцыю грамадства Кульчыцкі-Габіч не звяртае ўвагі. Галоўнае, што яго цікавіць, — ранняе выяўленне, лячэнне і прафілактыка аўтаімунных захворванняў. Напрамак медыцыны не з лёгкіх, але, сцвярджае мужчына, ён прывык ставіць перад сабой высокую планку.

«Наш знакаміты студэнт — чалавек з багатым жыццёвым вопытам і якаснай інжынернай адукацыяй. У нашай краіне няма дыскрымінацыі па ўзросце для паступлення на дзённыя аддзяленні вышэйшых навучальных устаноў. Абмежаванні, у большасці сваёй медыцынскія, могуць быць звязаны толькі з асаблівасцямі прафесіі. У дзяржаўныя ВНУ вядзецца прыём усіх ахвотных, галоўнае — вытрымаць уступныя экзамены. Таму Аляксандра Багданавіча мы з радасцю прынялі ў наша медыцынскае студэнцкае брацтва», — пракаментаваў рэктар ВДМУ Анатоль Шчасны.

Разам з 700 першакурснікамі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Аляксандр Кульчыцкі-Габіч у верасні атрымаў запаветны студэнцкі білет і зараз з натхненнем і стараннасцю наведвае лекцыі. А ўсім, хто дагэтуль не вырашаецца споўніць сваю мару і ліха павярнуць лёс незалежна ад узросту, дае параду: «Дзейнічайце, бо жыццё вельмі кароткае, каб адкладваць яго на заўтра».

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота sb.by

Загаловак у газеце: Вучыцца ніколі не позна

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.