Вы тут

Доўгачаканая і радасная падзея адбылася ў горадзе Любані


Доўгачаканая і радасная падзея адбылася ў горадзе Любані, што на Міншчыне. Тут расчыніў дзверы новы дзіцячы сад № 1 «Вясёлка». У цырымоніі ўрачыстага адкрыцця дашкольнай установы прынялі ўдзел кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Сергеенка і старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын.


— Практычна за год пабудавана новая дашкольная ўстанова. Дзіцячы сад — гэта здорава, таму што развіваецца новы мікрараён, нараджаюцца дзеці. Гэта сведчыць пра тое, што ў горада ёсць будучыня, — сказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. — Менавіта з дзіцячага сада пачынаецца фарміраванне асобы выхаванцаў як грамадзян, патрыётаў. Першыя навыкі, веды, уменні яны атрымліваюць тут.

Вядома, на свята прынята прыязджаць з падарункамі. Ігар Сергеенка ўручыў загадчыцы дзіцячага сада Тамары Верамейчык сертыфікат на 10 тысяч рублёў ад Адміністрацыі Прэзідэнта для набыцця гульнёвага абсталявання.

Тамара Верамейчык правяла экскурсію па дзіцячым садзе для шаноўных гасцей. А паказаць сапраўды было што. У садку створана тэрыторыя сумеснай творчасці для бацькоў і дзяцей. Абсталяваны цэнтр бяспекі, дзе малыя будуць знаёміцца з асновамі бяспекі жыццядзейнасці ў розных сітуацыях. Таксама ўладкаваны цэнтр STEM, у якім дзеці атрымаюць веды па камп'ютарнай тэхніцы, мегаканструяванні. У спецыяльнай студыі выхаванцы будуць ствараць мультыплікацыйныя фільмы. Да паслуг юных грамадзян і сэнсарны пакой, які раздзелены на функцыянальныя зоны — актыўную і рэлаксацыі. Тут кожнае дзіця зможа займацца з навучальнымі, развіццёвымі дапаможнікамі, зняць эмацыянальнае напружанне, расслабіцца.

— Наогул, у рабоце дзіцячага сада прадугледжана мноства напрамкаў работы. Нездарма мы яго назвалі «Вясёлка», — адзначыла Тамара Верамейчык. — Напрыклад, у холе другога паверха арганізаваны цэнтр, дзе выхаванцы далучацца да культурных каштоўнасцяў і традыцый беларускага народа, азнаёмяцца з родным горадам, краінай. Гэта дапаможа закласці ў іх асновы грамадзянскасці і патрыятызму.

— У гэтым маладым мікрараёне, які будуецца, пашыраецца, вельмі запатрабаваны дзіцячы сад. Для бацькоў важная крокавая даступнасць, якой яны аддаюць перавагу пры выбары дашкольнай установы. Дзіцячы сад разлічаны на 150 месцаў, — дадала загадчыца.

Ганаровае права перарэзаць сімвалічную стужку аддалі шматдзетнай сям'і Каратчэняў. Дзмітрый і Ірына гадуюць шасцярых дзяцей. Старэйшыя Ангеліна і Данііл вучацца ў гімназіі, Ягор, Мацвей і Цімафей — школьнікі. А самы малодшы чатырохгадовы Паўлік пойдзе ў новы дзіцячы сад.

Задаволена, што будзе працаваць у такім прыгожым будынку, аснашчаным па апошнім слове, і выхавальніца Валерыя Каліценя. «Аб'ект пераўзышоў усе мае чаканні», — падкрэсліла яна. Валерыя закончыла Салігорскі дзяржаўны каледж у мінулым годзе. Размеркавалі ў дзіцячы сад у Смалявічах. Вырашыла пераехаць на сваю малую радзіму, бліжэй да бацькоў, якія жывуць у Любані. Валерыя па спецыяльнасці дэфектолаг, будзе весці групу дзяцей з асаблівасцямі развіцця.

Адкрыццё новых садкоў і школ сведчыць, што Мінская вобласць дынамічна развіваецца. 1 верасня ў Смалявічах уведзена ў дзеянне новая школа, днямі адкрыецца новы дзіцячы сад у Фаніпалі, у перспектыве тут таксама — будаўніцтва школы. Прапрацоўваецца пытанне ўзвядзення вялікай школы ў Салігорску.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: У Любані заззяла «Вясёлка»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?