Вы тут

Мінск хутка адсвяткуе 955-ы дзень нараджэння


У 2022 годзе беларуская сталіца адсвяткуе ўжо 955-ы дзень нараджэння. Традыцыйна Дзень горада пройдзе ў другія выхадныя верасня — 10 і 11. Аб тым, як праходзіць тыдзень перад Днём горада, пра само свята і пра месцы, якія абавязкова варта наведаць, расказваем у нашым матэрыяле. 


Фота: БелТА

Першыя актыўнасці пачаліся на сталічных пляцоўках за тыдзень, ужо 3 верасня. У прыватнасці, у гэты дзень у кожным раёне сталіцы адбыліся мерапрыемствы пад назвай «Мінск сямейны». Беларускі дзяржаўны цырк ладзіць дзень адчыненых дзвярэй. Наведвальнікаў пасвячаюць у таямніцы цыркавога мастацтва, прапануюць прайсці нескладаныя майстар-класы, пагутарыць з артыстамі, паўдзельнічаць у інтэрактывах.

Нямала мерапрыемстваў запланавана на тыдні з 5 па 11 верасня. Некаторыя сталічныя музеі арганізуюць для вучняў, жыхароў і гасцей Мінска бясплатныя наведвання сваіх экспазіцый. Мабыць, адзін з самых цікавых тэматычных блокаў запланаваны ў Музеі гісторыі горада Мінска. У адрэстаўраваным будынку, што на вуліцы Ракаўскай, можна азнаёміцца з экспазіцыяй «Маё імя — Мінск».

Прапануюць мінчанам і гасцям горада спартыўныя забавы. Напрыклад, прэзентуюць чарговы маршрут «Дарогай памяці». Для тых, у каго ровара няма, дадзеную лакацыю можна даследаваць пешшу. Будучы з 8 па 10 верасня ў цэнтры горада, абавязкова зазірніце на Кастрычніцкую плошчу. На ёй гарадскія ўлады зладзяць выставу з прэзентацыяй дасягненняў сталічных прамысловых прадпрыемстваў.

Як будуць святкаваць Дзень горада 10 і 11 верасня

Першы дзень масавых гулянняў пачнецца з гістарычнай рэканструкцыі. У Траецкім прадмесці арганізуюць «вернісаж». Тут адновяць атмасферу XIX стагоддзя, а на гандлёвых шэрагах выставяць карціны і іншыя прадметы мастацтва. У якасці актыўнасцяў на «вернісажы» можна будзе паўдзельнічаць у літаратурных чытаннях, зрабіць здымак у спецыяльнай фотазоне і паслухаць вулічных музыкаў.

У сталічных тэатрах адбудуцца дні адчыненых дзвярэй. Наведвальнікі змогуць пагутарыць з акцёрамі і рэжысёрамі, зазірнуць у закуліссе храмаў мастацтва.

Самае ж маштабнае дзейства разгорнецца каля Палаца спорту. Тут адбудзецца Міжнародны алімпійскі дзень. Мінчанам і гасцям сталіцы прапануюць прайсці спартыўны квэст. Паралельна ўдзельнікаў і гледачоў будуць забаўляць папулярныя беларускія выканаўцы і гурты. Прадставяць свае пляцоўкі і сілавікі. Сталічныя ратавальнікі арганізуюць міжнародныя старты пад назвай «Наймацнейшы пажарны-выратавальнік». Будуць функцыянаваць пляцоўкі і ад сталічнай Дзяржаўтаінспекцыі.

10 верасня ў музейна-паркавым комплексе «Перамога» запланаваны фестываль «Мінск маладзёжны». Арганізуюць актыўнасці і для аматараў гастраноміі. У Верхнім горадзе адбудзецца фестываль беларускай кухні.

Апагеем жа свята стане цырымонія ўручэння ўзнагарод «Мінчанін года», «Лепшы па прафесіі» і «Мінскі майстар». Адбудзецца мерапрыемства ў парку імя Янкі Купалы. Адразу пасля ўручэння ўзнагарод гледачоў чакае святочны канцэрт, а ў 23:00 — маляўнічы феерверк. Яго можна ўбачыць каля Палаца спорту.

Некаторыя мерапрыемствы адбудуцца 11 верасня. У прыватнасці, размова аб знакамітым Мінскім паўмарафоне, у якім традыцыйна прымуць удзел дзясяткі тысяч спартсменаў і аматараў не толькі з Беларусі, але і іншых краін.

У Дзень горада будуць працаваць 27 адкрытых святочных пляцовак

У Дзень горада будуць задзейнічаны 27 адкрытых святочных пляцовак. Пра гэта падчас прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным доме прэсы распавёў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран.

— Сёлета канцэпцыя Дня горада мае на ўвазе раскрыццё шматграннасці Мінска. Урачыстасці пройдуць пад дэвізам «Мінск рознабаковы, але ўсе мы яго жыхары», — адзначыў А. Цуран.

Ён звярнуў увагу, што ва ўрачыстасцях, прысвечаных 955-годдзю сталіцы, будуць задзейнічаны 27 адкрытых пляцовак. У тым ліку «Мінск маладзёжны», «Мінск гістарычны», «Мінск спартыўны», «Мінск музычны», «Мінск гасцінны» і іншыя.

— Акрамя агульнагарадскіх мерапрыемстваў, святы пройдуць у кожным раёне сталіцы, — падкрэсліў А.Цуран. — Мы хочам паказаць, якой наш горад прыгожы, зручны, бяспечны і шматстайны.

У парку Перамогі будзе спартыўна і музычна

Галоўнай раённай пляцоўкай святкавання Дня горада стане бераг Камсамольскага возера з боку пр. Пераможцаў. 10 верасня ў 12:00 у парку разгорнецца шырокая забаўляльная праграма. Пра гэта распавяла начальнік упраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі адміністрацыі Цэнтральнага раёна Вольга Тукай.

Адкрые свята народная зарадка, да якой далучацца студэнцкая і працоўная моладзь. Тут жа адбудзецца турнір па ўсходніх відах адзінаборстваў, футбольны фрыстайл, майстар-клас па масрэстлінгу (нацыянальны від спорту Якуціі, утвораны ад традыцыйнай гульні ў перацягванне палкі). Спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву па скачках на батуце і акрабатыцы арганізуе працу сваёй пляцоўкі для спартыўна-масавых мерапрыемстваў «рабі з намі, рабі, як мы, рабі лепш за нас!».

Танцы вам падабаюцца больш, чым спорт? Тады абавязкова зазірніце на танцавальны флэшмоб, удзельнікі якога выканаюць сальсу і ча-ча-ча.

Юным гасцям свята абавязкова прыйдзецца па душы хагі-квэст, які таксама абяцаюць арганізаваць у парку Перамогі. Не дадуць засумаваць і акцёры ў касцюмах любімых многімі дзецьмі мультперсанажаў Хагі Вагі і Кісі Місі.

На раённай святочнай пляцоўцы правесці час можна будзе не толькі весела, але і з карысцю. Напрыклад, навучыцца рукадзеллю дапамогуць арганізатары майстар-класа «Гарошак маркет», а Цэнтральная раённая арганізацыя аб’яднання «Белая Русь» на сваёй інфармацыйна-інтэрактыўнай пляцоўцы прэзентуе ўсім жадаючым «Даведнік па любімай сталіцы».

Рэпетыцыя святкавання прайшла ў раёне ў мінулую суботу. У парку імя Я. Купалы адбыўся сямейны фэст з квэстамі, майстар-класамі і танцавальным флэш-мобам. Тут сваю выставу арганізаваў музей беларускага класіка. Таксама адбыліся паказальныя выступленні па тхэквандо, разборцы і зборцы зброі. Удзельнікаў дзейства чакала канцэртная праграма і розыгрыш прызоў і падарункаў.

Знайсці хобі, заняцца водным турызмам і зняцца ў кіно. У Дзень горада дзяцей чакае шмат цікавага

Да Дня горада ўстановы адукацыі сталіцы падрыхтавалі для школьнікаў і іх бацькоў вялікае свята. Забаў прапануюць шмат, прычым разнастайных і карысных. Таму 10 верасня ўсіх запрашаюць у Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі. 

Вяселле пачнецца на пляцоўцы ля Палаца. Можна будзе пазнаёміцца з працай гурткоў, якія адкрыты ва ўсіх раёнах сталіцы, і тут жа запісацца. У гэты дзень прадставяць сваю дзейнасць 22 установы дадатковай адукацыі — знайсці хобі працы не складзе.

На вуліцы таксама разгорнецца кірмаш «Горад майстроў», дзе рамеснікі пакажуць сваю прадукцыю, выкананую ўручную.

У памяшканні палаца адкрыецца фотавыстава «Погляд з мінулага ў будучыню». Госці свята ўбачаць экспазіцыю зачаравальных чорна-белых здымкаў славутасцяў, культурных аб’ектаў, помнікаў архітэктуры горада.

Ужо 9 верасня Ганаровая Вахта памяці ўступіць на пасаду № 1 Мінска. Ля Вечнага агню — сталічныя школьнікі і гімназісты. Сёлета да іх далучацца мемарыяльныя атрады Мінскага гарадскога кадэцкага вучылішча і ліцэя МУС Рэспублікі Беларусь.

Паплаваць на байдарках

Свята будзе суправаджацца канцэртнай праграмай «Табе, родны Мінск, прысвячаем...» Выступяць лепшыя дзіцяча-маладзёжныя творчыя калектывы. Свае ўменні і прадэманструюць вучні-спартсмены.

Для тых, хто жадае актыўна правесці час, атрымаўшы дозу адрэналіну, рэкамендуем сплаў на байдарках. Каля палацу на Камсамольскім возеры можна бясплатна пакатацца. Гэта арганізуе турысцка-экалагічны цэнтр дзяцей і моладзі.

Сплавы запланаваны на 13:00, 14:00 і 15:00. Інструктары папярэдне правядуць навучанне і абавязкова будуць суправаджаць юных спартсменаў падчас падарожжа. Дарэчы, пасля пробнага занятку можна і ў адпаведны гурток запісацца, дзе не толькі навучаць па-майстэрску кіраваць байдаркамі і варочаць вёсламі, але і распальваць вогнішча адной запалкай, і правільна ўсталяваць палатку.

А яшчэ можна паўдзельнічаць у якасці гледача ў фестывалі вулічных культур. Спецыяльную пляцоўку каля Палаца арганізуюць для скейтараў, ролераў, велатрыялістаў. Яны пакажуць галавакружныя скачкі, здзівяць неверагоднымі трукамі.

Стварыць робата

У сценах палаца пройдуць майстар-класы «IT-школа» для дарослых. Асабліва карыснымі яны стануць для настаўнікаў. Педагогаў навучаць распрацоўваць адукацыйныя чат-боты, ствараць аб’екты дапоўненай рэальнасці і рабатызаваныя мадэлі, выкарыстоўваць на ўроках тэхналогіі скрайбінга.

Таксама будзе арганізавана арыгінальная фотазона: на адным банэры нанясуць усе эмблемы школ і гімназій Мінска. А іх больш за 240.

Камбінат школьнага харчавання горада Мінска правядзе прэзентацыю прадукцыі «Школьны буфет». Можна будзе паспрабаваць лепшыя стравы са школьнага меню.

Зняцца ў кіно

Для ўдзельнікаў свята арганізуюць працу тэлестудыі. Кожны жадаючы можа зняцца ў відэасюжэце — запісаць на камеру віншаванне для любімага горада. У канцы дня ўсе ролікі змантуюць ў адзін фільм. Пасля плануецца прадставіць стужку шырокай публіцы.

У Дзень горада ва ўсіх кінатэатрах сталіцы пройдуць тэматычныя паказы «Мінск шматаблічны».

Можна паўдзельнічаць і ў стварэнні святочнага арт-банэра «Мой любімы горад», зрабіць сваімі рукамі крэатыўную паштоўку ў тэхніцы граттаж.

Заапарк запрашае адзначыць 955-годдзе Мінска

У Мінскім заапарку 10 верасня адсвяткуюць Дзень горада. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе ўстановы.

З 11:00 да 14:00 наведвальнікаў на інтэрактыўных пляцоўках чакаюць розныя гульні: твістар, заахакей, Angry Birds, крыжыкі-нулікі, «Поле цудаў». Таксама будзе працаваць творчая зона «Будуем горад мары». З 14:00 да 15:00 можна будзе паглядзець выступ гуртка верхавой язды «Коні і поні». Таксама на працягу дня госці заапарка змогуць паназіраць за паказальнымі кармленнямі жывёл.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Новыя тэхналогіі супраць раку. Анколагі расказалі, як лечаць пацыентаў, якія раней лічыліся неперспектыўнымі

Новыя тэхналогіі супраць раку. Анколагі расказалі, як лечаць пацыентаў, якія раней лічыліся неперспектыўнымі

Вядучыя анколагі расказалі пра новыя метады лячэння, якія яшчэ нядаўна былі недаступныя, а сёння выратоўваюць жыцці пацыентам.

Грамадства

Як жывуць і каго чакаюць у госці жыхары адрэзанай вадой Палянаўкі

Як жывуць і каго чакаюць у госці жыхары адрэзанай вадой Палянаўкі

Працягваем сачыць за развіццём паводкавай сітуацыі.

Калейдаскоп

100 гадоў Леаніду Шчамялёву. Як добра вы ведаеце жыццё і творчасць мастака? Тэст

100 гадоў Леаніду Шчамялёву. Як добра вы ведаеце жыццё і творчасць мастака? Тэст

Леанід Дзмітрыевіч стаў сапраўдным класікам беларускага жывапісу.