Вы тут

Вайскоўцы ўнутраных войск арганізавалі свята для дзяцей


Выхаванцы дзяржаўнай сацыяльна-педагагічнай установы адукацыі «Дзіцячы гарадок Ленінскага раёна г. Мінска» наведалі вайсковую часць 5448.


Ваеннаслужачыя брыгады прэзентавалі навучэнцам 4 – 6 класаў займальную праграму. Байцы роты спецыяльнага прызначэння ў сваім паказальным выступленні прадэманстравалі сілу і спрыт пры выкананні прыёмаў рукапашнага бою, а хлопцы не маглі ўседзець на месцы і спрабавалі паўтараць за імі рухі.

Спецыялісты-кінолагі з чатырохногімі напарнікамі паказалі, як хутка і дакладна яны здольныя затрымаць правапарушальніка, які спрабуе схавацца. Школьнікам таксама расказалі пра навучанне службовых сабак, пасля чаго аўчарка Фанта з лёгкасцю выканала ўсе каманды з агульнага курса дрэсіроўкі, а дзеці змаглі з ёй пагуляць.

Для юных гасцей падрыхтавалі выставу спецыяльных сродкаў і зброі, з якой нясуць службу і выконваюць задачы ваеннаслужачыя часці. Правялі з дзецьмі і занятак па агнявой падрыхтоўцы, як з сапраўднымі салдатамі. Выхаванцам прадставілася магчымасць праверыць сваю трапнасць пры стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, таксама з лазернай і страйкбольнай зброі. А яшчэ пад умелым кіраўніцтвам афіцэраў хлопцы вывучалі аўтамат Калашнікава, выконваючы яго зборку і разборку.

Хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі прасякнуліся ваеннай атмасферай, але і пагулялі ў настольныя гульні і павячэралі ў сталовай: байцы прыгатавалі смачную кашу, пачаставалі іх садавіной і дэсертам.

У канцы мерапрыемства дзяцей чакаў прыемны сюрпрыз: для іх набылі канцылярскія прыналежнасці да школы, якія спатрэбяцца ў навучальным годзе, і салодкія падарункі.

— Больш за ўсё мне спадабалася выступленне салдат з сабакамі і тое, што мы змаглі пастраляць, — падзялілася ўражаннямі дзесяцігадовая Ксюша. — У мяне ў вёсцы ёсць сабака па мянушцы Мухтар, але я вырашыла, што калі вырасту, таксама завяду сабе чацвераногага сябра і буду з ім служыць. Тым больш я трапна страляю і патрапіла ва ўсе мішэні.

Хрысціна КАМЫШНІКАВА

Фота Аляксандра СЕДЗЮКЕВІЧА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.