Вы тут

Гімнастыка на пілоне дапамагла 42-гадовай беларусцы перамагчы рак ныркі


Гімнастыка на пілоне дапамагла 42-гадовай беларусцы перамагчы рак ныркі, паверыць у сябе і ўстаць з бальнічнага ложка


Рole dance — спартыўная гімнастыка на пілоне. Вольга Дзямідава танчыць ужо 3,5 гады, зараз рыхтуецца да чарговага чэмпіянату. Падаецца, што яна займалася спортам усё жыццё: лёгка выконвае складаныя сілавыя элементы і трукі. Аднак за гэтым стаяць неверагодная сіла волі, жаданне жыць і перамагаць.

Не магла нават смяяцца

Вольга расла ў дзіцячым доме і інтэрнаце. Гаворыць, што з выхавацелямі і сябрамі ёй пашанцавала. Душэўныя адносіны захаваліся ў дзяўчынкі і з мачахай, з якой яны да гэтага часу маюць зносіны.

— Аднойчы каля дзіцячага дома павесілі аб’яву аб наборы дзяцей у цыркавую студыю. І мне неверагодна захацелася! Тады я адпрошвалася ў выхавацеляў і сама ездзіла на заняткі. З дванаццаці да пятнаццаці гадоў займалася ў гэтай студыі, а потым пакінула спорт і паступіла ў гандлёвае вучылішча.

Расказваючы пра сваё юнацтва, успамінае і знаёмства з будучым мужам. Вользе было ўсяго пятнаццаць.

— Сустрэліся каля пад’езда. Ён тады паглядзеў, як я жыву, і вырашыў зрабіць мне прапанову ажаніцца са мной. У шаснаццаць гадоў я выйшла замуж. Мы да гэтага часу вельмі кахаем адзін аднаго, ён заўсёды падтрымлівае мяне ва ўсім.

Муж Вольгі дапамагаў і ў найцяжэйшы перыяд жыцця. У 21 год у дзяўчыны знайшлі дабраякасную пухліну ў нырцы. Яна вытрымала цяжкую аперацыю.

Але, нажаль, хвароба вярнулася. Пяць гадоў таму ў Вольгі выявілі злаякасную пухліну ў нырцы, рак.

— У мяне нічога не балела, толькі нагу курчам схоплівала. У нырцы была пухліна пяць сантыметраў на сем, велізарны кавалак... Зрабілі аперацыю, пасля якой прасядзела дома 1,5 гады. Не магла нават смяяцца, хоць для мяне не смяяцца — наогул немагчыма!

Жанчына стойка перанесла найскладаную аперацыю. Выразалі ўсе мышцы ў зоне нырак, каб цалкам выдаліць пухліну.

Анкалогія — не прыгавор

— Я моцна хварэла і ўжо не магла хадзіць, трымаць у руках кружку, не спала ад болю. Два гады было здранцвенне ў галаве. Калі зразумела, што мне «канец», вырашыла: трэба варушыцца і выбірацца! Зразумела, што ў маёй сітуацыі дапаможа толькі спорт.

Pole dance стаў для яе не толькі стымулам да акрыяння, але і новым этапам у жыцці. Сама яна кажа: «Для мяне гэта — жыццё, настрой і ў першую чаргу здароўе».

Спачатку Вольга займалася расцяжкай, каб дапамагчы аднавіцца мышцам пасля хірургічнага ўмяшання. У гэтай жа студыі ў суседняй зале ўбачыла дзяўчат на пілоне і таксама вырашыла паспрабаваць. Сваю першую трэніроўку Вольга памятае добра. Прызнаецца, што любы рух рабіла праз слёзы.

— На той момант у мяне наогул не было мышцаў. На размінках рыпела, але рабіла. Дзяўчынкі з маёй групы на першай трэніроўцы ўжо змаглі залезці на пілон, а ў мяне атрымалася толькі праз тры месяцы!

Некалькі разоў Вольга хацела кінуць танцы. Аднак яна не з тых, хто здаецца. Паступова трэніравацца рабілася ўсё лягчэй. І дзякуючы спорту нават швы пасля аперацый удалося выцягнуць.

— Калі ўрачы сказалі, што ў мяне развальваюцца пазванкі ў грудным аддзеле, вырашыла напампоўваць мышцы спіны. Шмат праблем сышло, калі ўмацавала пазваночнік. Усім людзям, у каго баліць спіна, раю прачытаць біяграфію цыркавога артыста Валянціна Дзікуля. Ён зламаў хрыбетнік, але здолеў устаць і працягнуць кар’еру! Тады Валянцін стаў для мяне прыкладам, а зараз для многіх такім з’яўляюся я.

Вольга ўпэўнена, што і анказахворванне не крыж. Трэба рухацца далей, думаць пазітыўна і верыць у свае сілы.

— Урач мне аднойчы сказаў са злосцю: «Вы?! Спортам?! У вас жа рак сядзіць у крыві і ў любы момант вылезе! Ён чакае!» Дык што, я павінна сядзець і чакаць, пакуль вылезе? Я памяняла ўрача, цяпер хаджу ў сваю анкабальніцу, дзе рэгулярна праходжу ўсе даследаванні. Глядзіце на мяне і займайцеся спортам і сваім здароўем!

Патрабавальная, але пазітыўная

За свае нумары дзяўчына сабрала чараду ўзнагарод і ўжо гатова навучаць іншых спартсменак.

— Першы раз я выступіла на справаздачным канцэрце ў школе, дзе трэніравалася. Тады атрымала намінацыю «Найлепшы pole classic». А на сваім першым чэмпіянаце ўзяла трэцяе месца. Была ў шоку і проста не паверыла!

Больш за ўсё Вольга ганарыцца сваім танцам у касцюме клоўна. З гэтым нумарам яна выйграла не адно спаборніцтва.

— Жыву гэтым танцам, атрымліваю асалоду ад яго.

Цяпер спартсменка рыхтуецца да чарговага чэмпіянату, які адбудзецца ў кастрычніку ў Яраслаўлі. Гэтым разам у яе чатыры нумары. Вольга тлумачыць: калі ўжо ехаць так далёка, трэба паўдзельнічаць ва ўсіх намінацыях.

На ўсіх выступленнях Вольгу падтрымлівае сям’я: муж, сын і нявестка. Муж прымае непасрэдны ўдзел ва ўсіх нумарах: ездзіць на ўсе чэмпіянаты, нават дапамагае рабіць макіяж і прычоску!

— Часам ён моцна хвалюецца за мяне. Цяпер я рыхтую новыя нумары, а ён кажа мне: «Не трэба гэта рабіць! Не трэба!» Перажывае, але падтрымлівае маё імкненне. Муж бачыў, як цяжка мне гэта дасталася...

Вольга скончыла курсы па спартыўнай гімнастыцы на пілоне і зусім нядаўна стала трэнерам. Прызнаецца, што пакуль не плануе поўнасцю аддаваць сябе выкладанню. Хоча займацца, наколькі хопіць сілы і здароўя, выступаць на спаборніцтвах.

Вольга імкнецца пераканаць людзей, што займацца спортам неабходна, запрашае на трэніроўкі сяброў, знаёмых. Яна ўпэўнена, што любы чалавек у любым узросце і з любой фізічнай падрыхтоўкай можа пачаць займацца гімнастыкай на пілоне.

— Атрымліваю задавальненне ад трэнерства, падабаецца бачыць вынік. Я хачу быць патрабавальным, але пазітыўным трэнерам. Абавязкова казаць усім, што ў іх атрымаецца. Жадаю паказаць сваім прыкладам, што спортам можна вылечыць усё. Будзе вельмі цяжка, але гэта рэальна!

Юлія РАМАНЬКОВА

Друкуецца ў часопісе  «Алеся»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?