Вы тут

Расказваем, чым і каму карысна абляпіха


Абляпіха – куст з дробным лісцем, які ў верасні цешыць вока ярка-аранжавымі, нібы сонечнымі, ягадамі. Іх так і цягне пакаштаваць на смак, але будзьце асцярожныя: расліна пакрытая калючкамі. Ды і смак у свежай ягады так сабе: кіслы з гарчынкай. Чаго не скажаш пра яе гаючыя ўласцівасці. Расказваем, чым і каму карысны «паўночны ананас» (народная назва ягады), а каму, наадварот, можа нашкодзіць.


З кладоўкі самой прыроды

Абляпіха змяшчае багаты вітамінна-мінеральны комплекс. Менавіта ўнікальны састаў дазволіў калісьці кітайскім лекарам назваць гэтыя маленькія аранжавыя «сонейкі» на калючых галінках ягадай даўгалецця. Гэта не проста словы – рэгулярнае ўжыванне абляпіхі амалоджвае ўвесь арганізм: работа ўнутраных органаў паляпшаецца, скура становіцца пругкай і падцягнутай, умацоўваецца імунітэт.

Ягада багатая на антыаксіданты – памочнікі ў супрацьстаянні свабодным радыкалам. Праз гэта абляпіха паляпшае абмен рэчываў, служыць прафілактыкай анкалагічных захворванняў і хуткага старэння. Аранжавы колер ягадзе надае бэта-карацін: у арганізме ён пераходзіць у рэтынол, які ўзмацняе супраціўляльнасць інфекцыям і стрэсам. Праверана, што ў сезон прастуд морс з абляпіхі дапамагае акрыяць хутчэй. «Аранжавае золата» ў немалой колькасці змяшчае вітамін С, што робіць ягаду выдатным сродкам падтрымання імунітэту.

Не менш важныя тлустыя кіслоты, якімі багатая абляпіха, – яны падтрымліваюць працу сэрца. Навукоўцы даўно выявілі ў «паўночным ананасе» дубільныя рэчывы, фітанцыды, арганічныя кіслоты і яшчэ цэлы спектр прыродных злучэнняў, якія маюць самыя разнастайныя карысныя ўласцівасці – ад стымулявання стрававання да паляпшэння настрою.

Адна з галоўных уласцівасцяў абляпіхі – супрацьзапаленчая. «Сонечная» ягада паскарае гаенне пашкоджанняў слізістых абалонак, аднаўленне тканак пры апёках, экзэмах. Алей з пладоў абляпіхі даўно прымяняецца ў медыцыне менавіта з гэтай мэтай. Многія з дзяцінства памятаюць, як пры хворым горле ім рабілі інгаляцыі гэтым ярка-аранжавым алеем з прыемным пахам. Жанчынам абляпіха можа дапамагчы ў гаенні эрозій шыйкі маткі, а фоліевая кіслата ў складзе «паўночнага ананаса» акажа падтрымку цяжарным.

Ягаду-цуд можна не ўсім

Абляпіха мае супрацьпаказанні. Па сведчанні спецыялістаў, сок са свежых ягад узмоцніць сімптомы язвы страўніка і гастрыту з павышанай кіслотнасцю, а вось алей абляпіхі, наадварот, дапаможа язве загаіцца. Не рэкамендуецца ўжываць аранжавы суперпрадукт хворым на панкрэатыт, а таксама тым, у каго ёсць камяні ў нырках або ў жоўцевым пузыры. Абляпіха здольная разрэджваць кроў і запавольваць яе згусанне, а значыць, не варта налягаць на прадукт тым, хто ўжывае лекі для разрэджвання крыві.

Што прыгатаваць з абляпіхі

Свежыя ягады пераціраюць з цукрам, выціскаюць з іх сок, гатуюць морс, чай, кісель, вараць варэнне, робяць джэмы, дэсерты, соусы.

Дзе захоўваць «аранжавае золата»

Свежую ягаду захоўваюць у халадзільніку. Можна замарозіць частку ўраджаю, а ўзімку браць патроху і атрымліваць асалоду і карысць ад аранжавага «сонейка».

Аліна ТОМІНА

Друкуецца ў часопісе «Алеся».

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».