Вы тут

«Колеры натхнення» розных мастакоў прэзентавалі ў НЦСМ


У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў 2 верасня адкрылася выстаўка «Колеры натхнення». Наведвальнікам прапануюць пазнаёміцца з работамі беларускіх мастакоў з калекцый розных музеяў Беларусі.


Фрагмент экспазіцыі

Аснову экспазіцыі складаюць творы, якія папоўнілі фонды ў 2021 годзе. Жывапіс, графіка, скульптура — выстаўка закранае розныя напрамкі творчасці, жанры, формы, тэмы. Прадстаўленыя работы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, Нацыянальным гістарычным музеі, Музеі гісторыі беларускай літаратуры, Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой», Віцебскім абласным краязнаўчым музеі. Але цяпер, каб наталіцца мастацтвам, неабавязкова наведваць кожны з пералічаных — «Колеры натхнення» даюць магчымасць пабачыць усё ў адным месцы.

Андрэй Пяткевіч «Тройца»

Цікава, чаму ж выбралі такую назву? Адразу ўзнікае асацыяцыя з імпрэсіяністамі, авангарднымі плынямі: яскравае адлюстраванне пачуццяў мастака ва ўсіх адценнях, наватарства. Чакаеш, што цябе з парога накрые каляровая хваля. Па першым уражанні, эфект дасягнуты. Увагу адразу прыцягвае трыпціх Васіля Касцючэнкі «Час туманаў. Лесвіца». Людзі, якія блукаюць у прасторы, і кожны цягнецца да вышыні: узнятыя галовы, погляды. Глядач рухаецца ўгару разам з імі па лініях, якія падзяляюць палотны на розных узроўнях, як ступені. Галоўныя сярод вялікіх плям колераў, якімі насычана карціна, — жоўты,аранжавы і халодны блакітны. Колер неба, мар: сюжэт паўстае амаль містычным. Трыпціх В. Касцючэнкі адкрывае іншую рэальнасць, якая пазнаецца толькі эмацыянальна.

Васіль Касцючэнка «Час туманаў. Лесвіца»

Колер як галоўны герой пануе ў карцінах Святланы Катковай і Таццяны Катляровай-Савік. «Сад радасцей зямных» мае зусім іншы настрой, у адрозненне ад знакамітага трыпціха Босха, да якога адсылае назва. Усю прастору палатна займае насычаны зялёны, і сярод буйнога, залітага сонцам лісця хаваюцца дзве жаночыя фігуры. Адна з іх — чыста белая, нібыта «незямная». «Каля фантана» Т. Катляровай-Савік — гэта зусім іншае. Цёмна-фіялетавы, сіні. Жаночая постаць — нібыта жывая стыхія вады. Загадкавае, цякучае, ілюзорнае.

Колер знікае ў серыі работ Веры Каўзановіч «Кропка сходу», «Паралелі», «Раўнавага». Белы і чорны, святло і тое, што яго паглынае. Уся прастора падпарадкоўваецца лініям, рухаецца па іх. То яны накіроўваюцца ўдалячынь, уздоўж дарогі, якая падзяляе карціну на дзве часткі (нібыта адбіткі ў люстэрку). То ідуць паралельна, а потым нарэшце сыходзяцца — і сярод чыстага белага застаецца роўная кропка, як чорная дзіра. Выказванне завершана, кожны шлях мае свой лагічны канец.

Максім Пятруль «Контрбёрд»

Рухаемся на другі паверх, дзе прадстаўлены работы з калекцыі Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. Радзіме беларускага авангарда прысвечана асобная зала ў экспазіцыі. Але Віцебск, як відаць, мастакі любяць адлюстроўваць больш традыцыйна — у жанры гарадскога пейзажа. Стужкай цягнуцца карціны, якія паказваюць горад ва ўсіх яго праявах. Пэўныя сюжэты, краявіды пераходзяць з адной работы на іншую. Але пры жаданні можна паспрабаваць крыху пагуляць і пашукаць адрозненні.

Павернем размову з жывапісу да графікі. Калі хочацца нечага класічнага, выстаўка прапануе серыю ілюстрацый да рамана І. Мележа «Подых навальніцы» Канстанціна Шаранговіча. Можна знайсці і штосьці больш эксперыментальнае. Таксама да літаратуры звяртаецца Людміла Пятруль у серыі работ да твораў Якуба Коласа. Для стварэння выявы мастачка выкарыстоўвае тэхніку монатыпіі. Іншы погляд на традыцыйны рэлігійны вобраз Тройцы раскрываецца ў касмічнай рабоце Андрэя Пяткевіча. Прадстаўлены і скульптурныя выявы. Да канцэптуальнага напрамку належыць «Контрбёрд» з серыі «Контранімаліз» Максіма Петруля. У жанры дэкаратыўнай скульптуры вылучаюцца работы Рыпсімэ Геваркян. Мастачка звяртаецца да міфалагічных сюжэтаў і рэлігійных вобразаў, увасабляючы іх у дрэве: «Выкраданне Еўропы», «Анёл». Дапаўняе экспазіцыю дэкаратыўная кераміка Віктара Гаўрылава і кампазіцыя «Трансфармацыя» Тамары Курачыцкай.

Выстаўка прызвана даць уяўленне, куды рухаецца беларускае мастацтва. Застаюцца класічныя напрамкі і жанры, але мастакі спрабуюць нешта новае. За два крокі ад акадэмічнага партрэта «Юнацтва. Студэнтка» Яўгена Харытоненкі — зламаныя прапорцыі Алега Прусава («Пераможца настурцый») і рэзкія плямы жоўтага і блакітнага Аляксандра Кішчанкі («Дзяўчына ў блакітным»). Паспрабаваць адшукаць свой колер натхнення можна да 18 верасня.

Арына ПРАНІКАВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.