Вы тут

Работы мастакоў-фарфарыстаў з калекцыі Віктара Суворава прадстаўлены ў Мінску


У сталічным Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры праходзіць выстаўка «Мастацтва ў фарфоры і часе». Тут прадстаўлены работы розных мастакоў-фарфарыстаў з калекцыі Віктара Суворава, які ўваходзіць у праўленне Беларускага рэспубліканскага грамадскага аб’яднання калекцыянераў.


Балерыны

Фарфор быў вынайдзены ў Кітаі пятнаццаць стагоддзяў таму. Яго здаўна называлі белым золатам, таму што ён меў вельмі складаную тэхналогію вытворчасці і шмат каштаваў, а спосаб яго вырабу заставаўся загадкай для большасці простых людзей. Белы, тонкі, звонкі, але ў той жа час вельмі трывалы матэрыял, які прыгожа паблісквае на сонцы, хутка атрымаў папулярнасць сярод майстроў, якія рабілі з яго посуд, статуэткі і іншыя дэкаратыўныя вырабы. Фарфор таксама з’яўляецца вельмі пластычным матэрыялам. Фарфарысту падуладныя як мяккія і плаўныя лініі, так і фігуры з рэзкімі, вострымі контурамі. Пры вырабе скульптур з іншых матэрыялаў дасягнуць такога эфекту немагчыма. Фарфору паддаюцца і вялікія формы, і дробныя дэталі, а дзякуючы яго пластычнасці аб’екты ўшчыльную набліжаюцца да натуры.

Гусляр

Выстаўка «Мастацтва ў фарфоры і часе» аб’ядноўвае творы, якія былі зроблены з аднаго матэрыялу, але пры дапамозе розных тэхнік апрацоўкі. Некалькі груп работ аб’яднаны тэматычна. Сярод фарфоравых бюстаў вядомых музыкантаў вылучаюцца ўвасабленні Моцарта, Шапэна, Расіні, Брамса, Баха. У кампазіцыі «Балет» можна ўбачыць фарфоравыя фігуры балерын, якія былі зроблены на Імператарскім фарфоравым заводзе, Ленінградскім заводзе фарфоравых вырабаў, Кіеўскім эксперыментальным кераміка-мастацкім заводзе і Дулеўскім фарфоравым заводзе. Прадстаўлены таксама скульптуркі танцорак, вакалістаў, музычнага квартэта з байкі Крылова. У кампазіцыі «Музычныя інструменты» ёсць скульптуры з Мінскага, Добрушскага, Корасценскага, Баранавіцкага і Рыжскага заводаў, а таксама фарфор з Італіі, Германіі і Венгрыі. Адмысловая кампазіцыя «Цырк»: тут скульптуры сланоў і іншых жывёл, клоўнаў, цыркавых музыкантаў, дрэсіроўшчыкаў, штукароў, а таксама зацікаўленых гледачоў.

Кампазітары

Яшчэ адной асаблівасцю фарфору з’яўляецца магчымасць роспісу па ім. Роспіс скульптурак, якія экспануюцца гэтымі днямі, выканананы ў надглазурнай і падглазурнай тэхніках. Апошняя сёння выкарыстоўваецца нячаста, таму што пры ёй бярэцца абмежаваны дыяпазон колераў. І хоць скульптуры распісаны ў рознай манеры, большасць з іх аб’ядноўвае дзве рысы: яркасць колераў і жывасць рухаў. Майстрам удалося стварыць вельмі рэалістычныя фігуры нібыта застылых у прасторы і часе людзей, перадаць іх думкі і клопаты, настрой. У кагосьці вясёлы і радасны, у кагосьці — задумлівы і меланхалічны.

Цырк

Да радасных можна аднесці скульптуру «Бандурысткі», у афармленні якой выкарыстаны сіні, фіялетавы, зялёны і чырвоны колеры, да задумлівых — скульптуру «Гусляра», натхнёную творам беларускага класіка Янкі Купалы. Сярод іншых яна вылучаецца адсутнасцю роспісу, што прымушае гледача сканцэнтраваць сваю ўвагу на твары — сур’ёзным і сумным.

Выстаўка будзе працаваць да 10 кастрычніка.

Валерыя ГАЎРУКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.