Вы тут

Галоўная поўня года. У Паднябеснай адзначаюць свята сярэдзіны восені


У Кітаі з гэтай нагоды трохдзённыя вакацыі. Свята сярэдзіны восені (Чжунцюцзэ), або, як яго яшчэ называюць, свята Месяца — другое па значнасці ў Паднябеснай пасля кітайскага Новага года, адзначыла «Жэньмінь жыбаа» анлайн». З 2008-га Чжунцюцзэ быў уключаны ў спіс нацыянальных святаў краіны. 20 мая 2006 года Дзяржсавет КНР унёс свята сярэдзіны восені ў спіс першай партыі Дзяржаўнага нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Паўната спадарожніка нашай планеты сімвалізуе адразу некалькі важных для кітайцаў паняццяў — гэта знак урадлівасці, яднання сям'і, завяршэння збору багатага ўраджаю. Звычайна Чжунцюцзэ выпадае на 15-е чысло восьмага месяца па месяцавым календары. Сёлета гэта якраз 10 верасня. І, па шчаслівым збегу абставінаў, настала поўня. Так што самы час паназіраць за чароўным Месяцам. Што, уласна кажучы, кітайцы з задавальненнем і робяць, яны па праву лічаць цяперашнюю поўню галоўнай у годзе.


Багіня Месяца

Адзначаць свята сярэдзіны восені пачалі яшчэ больш чым тры тысячагоддзі таму ў часы дынастыі Шан. Пакланенне Месяцу заўсёды было важнай часткай кітайскай культуры, і існуе мноства розных міфаў, звязаных з паходжаннем свята. Адзін з самых папулярных — гэта рамантычная легенда пра народнага героя Хоу І і яго верную жонку Чан Э.

Паводле паданняў, калісьці на небасхіле свяцілі дзесяць сонцаў, спальваючы на зямлі ўвесь ураджай і прыносячы невымерныя бедствы. Адважны герой Хоу І змяніў ход падзей. Трапнымі стрэламі ён збіў з неба дзевяць сонцаў, пакінуўшы адно, якое з гэтага часу свяціла толькі днём. Людзі былі бязмерна ўдзячныя свайму выратавальніку. Нават Нябесная Імператрыца выказала сваё прызнанне Хоу І і паднесла яму падарунак — чароўны эліксір. Яго сіла магла ператварыць чалавека ў несмяротнае бажаство, якое вечна пасяляецца на нябёсах.

Хоу І горача любіў сваю жонку і не жадаў расстання з ёй, нават наўзамен на вечнае жыццё. Ён папрасіў Чан Э прыхаваць эліксір, а сам тым часам адправіўся на паляванне. Скарыстаўшыся адсутнасцю Хоу І, адзін з яго вучняў, Фэн Мэн, вырашыў займець запаветнае зелле. Ён прыйшоў у дом свайго настаўніка і, пагражаючы яго жонцы, патрабаваў аддаць яму эліксір. Але Чан Э не магла гэтага дапусціць і выпіла ўсё сама. У гэты ж момант яна ўзнялася на нябёсы. Але ёй было складана пераносіць расстанне з каханым, і, каб быць да яго бліжэй, Чан Э пасялілася на спадарожніку Зямлі. Сіла эліксіру зрабіла яе багіняй Месяца.

Калі Хоу І вярнуўся дадому з палявання і даведаўся пра тое, што здарылася, яго смутку не было межаў. Кожную ноч ён узнімаў свой погляд да нябёсаў і клікаў каханую. Менавіта 15-га чысла 8-га месяца месяц быў надзвычай яркі, і Хоу І здалося, што менавіта ў гэтую поўню ён бачыць постаць Чан Э. Ён папрасіў сваіх усталяваць алтар, каб пакланіцца ёй і выказаць свой смутак. Вельмі хутка пагалоска распаўсюдзілася сярод людзей, і ўсе даведаліся, што Чан Э ператварылася ў багіню Месяца. Людзі пачалі пакланяцца ёй, просячы аб дабрабыце і яе заступніцтве. З часам гэта стала традыцыяй, якая дайшла да нашых дзён.

Чароўныя прысмакі

Галоўнай стравай у гэты дзень лічыцца юэбін — месяцавы пернік. Гэта салодкае печыва, якое гатуецца на пары і звычайна падаецца з духмяным кітайскім чаем. Паколькі юэбін сімвалізуе паўнату і адзінства, падчас Чжунцюцзэ кітайцы ядуць месяцовыя пернікі разам з роднымі і сябрамі. Юэбіны — гэта таксама выдатны падарунак, каб выказаць любоў і пажадаць блізкім доўгага і шчаслівага жыцця. Хоць тыповыя месяцавыя пернікі звычайна невялікія, некаторыя з іх дасягаюць гіганцкіх памераў. У Кнігу рэкордаў Гінеса ў 2007 годзе быў занесены прысмак дыяметрам звыш васьмі метраў і агульнай вагой амаль 13 тон!

Асноўны інгрэдыент месяцовых пернікаў — яечны або качыны жаўток, а рыхтуецца гэты ласунак з рознымі начыннямі. Сярод найбольш распаўсюджаных — бабовая паста, корань лотаса, садавіна і нават мяса. Найбольш вядомыя юэбіны — пекінскія, сучжоўскія, гуанчжоўскія і чаачжоўскія. Пернікі, як правіла, робяць круглымі, што сімвалізуе поўны Месяц. Большасць месяцовых пернікаў салодкія на смак, але не ўсе. Бываюць і салёныя, і вострыя. Штогод пекары імкнуцца разнастаіць існуючы асартымент і прыдумляюць новыя варыянты. Узоры і надпісы на перніках з'яўляюцца сімваламі дабрабыту і шчасця, прычым яны могуць адрознівацца ў залежнасці ад горада ці правінцыі. Падарункавыя скрынкі для месяцовых пернікаў звычайна не саступаюць па прыгажосці самім здобным вырабам.

Напярэдадні свята сярэдзіны восені кітайскія ўлады ўзмацнілі кантроль за цэнамі на месяцовыя пернікі (юэбіны), якія з'яўляюцца традыцыйным далікатэсам і папулярным падарункам на свята сярэдзіны восені, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн». Паводле дадзеных Дзяржаўнага камітэта па справах развіцця і рэформаў, ведамствы па кантролі і рэгуляванні рынка праводзяць праверкі прадпрыемстваў, гатэляў, рэстаранаў і платформаў электроннай камерцыі, якія займаюцца вытворчасцю або продажам месяцовых пернікаў і строга караюць іх пры выяўленні адпаведных парушэнняў.

Яшчэ ў чэрвені камітэт сумесна з трыма іншымі ўрадавымі органамі выпусціў апавяшчэнне, у якім адзначалася недапушчальнасць выкарыстання каштоўных металаў, чырвонага дрэва або іншых дарагіх матэрыялаў пры стварэнні пакавання для месяцовых пернікаў. Акрамя таго дакумент таксама забаронены продаж падарункавых каробак, у якіх месяцовыя пернікі спакаваныя разам з іншымі таварамі. Нельга выкарыстоўваць у якасці начыння для юэбінаў дарагія інгрэдыенты, такія як акулавыя плаўнікі і ядомыя ластаўчыны гнёзды. У ведамстве таксама адзначылі, што пры выяўленні скрынь з папулярным святочным ласункам, кошт якіх перавышае 500 юаняў (каля 75 долараў), пры неабходнасці будзе праводзіцца праверка сабекошту.

«Фішкі» Чжунцюцзэ

Поўня ў сярэдзіне восені традыцыйна лічыцца найлепшым часам для шлюбу. У кітайскай міфалогіі бог Месяца адказвае за сардэчныя справы, таму ў гэты перыяд мноства пар бяруць шлюб, спадзеючыся на заступніцтва нябёсаў. Выраб і развешванне ліхтарыкаў адносіцца да асаблівых традыцый свята сярэдзіны восені. Звычайна яны аформлены ў шчаслівым чырвоным колеры, але няма абмежаванняў для крэатыву. Нярэдка на ліхтарыках пішуць загадкі, каб людзі маглі з задавальненнем разгадваць з сябрамі або сям'ёй. Часта іх развешваюць у парках, запускаюць у неба і па вадзе, таму шмат людзей шпацыруюць святочнымі вечарамі, каб паглядзець на восеньскія агеньчыкі. У некаторых парках усталёўваюць сцэны і паказваюць святочныя прадстаўленні, у іншых жа праводзяцца парады. Гэты фестываль вядомы таксама двума танцамі — танцам льва і танцам дракона.

Кажуць, што ў гэты дзень месяцовы дыск самы яркі і круглы у годзе. Вобраз «паўнаты» фігуруе ў некалькіх сэнсах: гэта час завяршэння збору ўраджаю, спадарожнік Зямлі з'яўляецца сімвалам жаночага пачатку, яе паўната — таксама сімвал урадлівасці. Паводле кітайскай традыцыі, спадарожнікам Чан Э на месяцы з'яўляецца трусік, які таўчэ ў ступе зёлкі неўміручасці седзячы пад карычным дрэвам, а таксама трохногая жаба — сімвал жаночага пачатку. Свята адзначаюць ўсёй сям'ёй, і семантыка «кола сям'і» прысутнічае ў падзеле пернікаў на ўсіх. Паставіць свечку ў курыльніцу каля храма — адна са старажытных традыцый свята сярэдзіны восені. У гэты час кожны загадвае жаданне. Жадаюць звычайна здароўя блізкім, дабрабыту сям'і.

Гэтае свята, як і кітайскі Новы год, жыхары Паднябеснай імкнуцца сустрэць у сямейным коле. Таксама ў гэты дзень прынята выстаўляць на стол кавуны, яблыкі, фінікі і слівы. У розных частках Кітая яго адзначаюць па-свойму, адзначае «Жэньмінь жыбаа» анлайн». У горадзе Пучэн жанчыны збіраюцца, каб перайсці праз мост Наньпу. Яны вераць, што гэта прынясе ім даўгалецце. Жыхары Цзяньніна развешваюць лямпы, каб памаліцца за дзяцей. У Шаньтоў галоўная страва святочнага стала — клубні тара, у той час як у Нанкіне гэта качка, прыгатаваная з кветкамі духмянай масліны. У некаторых раёнах робяць невялікія пагады з чарапіцы з адтулінамі на даху. У свята іх напаўняюць дровамі і падпальваюць. У полымя сыплюць спецыяльны парашок, гэта сімвалізуе багацце і дабрабыт.

А жыхары павета Лун'янь звычайна дастаюць цэнтральную частку перніка для старэйшых, што азначае, што ёсць таямніцы, пра якія маладыя не павінны ведаць. У павеце Усі, што ў правінцыі Цзянсу, увечары напярэдадні свята сярэдзіны восені людзі запальваюць ладан «доўсян». Гаршчок абкладваецца шоўкам, на якім намаляваныя карціны Месяца. Ёсць і іншыя ўпрыгажэнні цырыманіяльнага посуду. А жыхары Шанхая п'юць віно са смакам духмянага асмантуса. У павеце Цзіань правінцыі Цзянсу пры заканчэнні свята сярэдзіны восені ў кожнай вёсцы паляць гаршчок саломы. Пасля таго, як гаршчок стаў чырвоным, у яго наліваюць воцат, і па ўсёй вёсцы разносіцца прыемны водар.

У правінцыі Аньхой дзеці плятуць косы з саломы, а дарослыя танчаць з саламяным драконам. Жыхары Сычуань ласуюцца юэбінамі, а таксама гатуюць мясцовыя тарты «ба» і ядуць качку. У некаторых месцах яшчэ над варотамі вешаюць лямпы ў мандарыны, адзначаючы свята сярэдзіны восені. У павеце Луань правінцыі Шаньсі на ўрачыстыя банкеты запрашаюцца зяці. У павеце Датун юэбіны называюць «пернікам для сустрэчы родных пасля расстання». Жыхары павета Хэцзянь правінцыі Хэбэй лічаць дождж на Свята сярэдзіны восені «горкім». Калі ён ідзе ў гэты дзень, то лічыцца, што гародніна ў абавязкова будзе нясмачная. Мужчыны павета Сісян правінцыі Шэньсі ўвечары катаюцца на лодках і падымаюцца ў горы, жанчыны ладзяць банкеты. Усе абавязкова ласуюцца кавунамі. У павеце Лочуань правінцыі Шэньсі бацькі школьнікаў з падарункамі наведваюць настаўнікаў, віншуючы іх са святам. Яны звычайна абедаюць у школах.

Традыцыю працягваюць не толькі ў Паднябеснай. Гэта адно з самых любімых і чаканых свят у Сінгапуры, Ганконгу, Філіпінах, Японіі, Малайзіі і іншых краінах Азіі, дзе пражывае шмат этнічных кітайцаў. Не застаецца ў баку і Беларусь. Гэтымі днямі ў нас таксама можна пабачыць святочны антураж Чжунцюцзэ. У прыватнасці, у Салігорску пройдзе сямейны вайб «Да Месяца і назад». Праграма вельмі цікавая. Тут можна паслухаць месяцовыя вершы і пазнаёміцца са свістковай флейтай, пабачыць святочныя ліхтарыкі, выпіць чаю з Паднябеснай і пакаштаваць «сакрэтную» кітайскую страву. Таксама адкрыецца выстава «Прыгажосць Кітая ў паштовых марках». Ну і, вядома ж, сёння варта палюбавацца на поўню. Галоўную ў годзе.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

100 гадоў Леаніду Шчамялёву. Як добра вы ведаеце жыццё і творчасць мастака? Тэст

100 гадоў Леаніду Шчамялёву. Як добра вы ведаеце жыццё і творчасць мастака? Тэст

Леанід Дзмітрыевіч стаў сапраўдным класікам беларускага жывапісу.