Вы тут

Чым абсыпаць маладых на вяселлі?


З пачаткам восені стартаваў вясельны сезон. Людзі сталага ўзросту і моладдзь раз-пораз задаюцца пытаннем: «Чым трэба абсыпаць маладых на вяселлі?» Нехта скажа, што жытам, а іншыя — рысам, бо так робяць кітайцы. Сучасныя традыцыі прапаноўваюць ужываць пялёсткі руж ці канфеці (кавалачкамі рознакаляровай бліскучай паперы). Колькі людзей, столькі і меркаванняў.


Фота pixabay.com

Мы звярнемся да вусна-паэтычнай спадчыны беларусаў, у якой даволі шырока прадстаўлены злакавыя культуры, сярод якіх важнае месца займае жыта. Сучаснаму чалавеку ў большай ступені знаёмы рытуал абсыпання зернем жыта вясельнага поезда перад адпраўленнем у храм, пазней у загс. 

Абрадавае ўжыванне хлебных зярнят асабліва распаўсюджана на вяселлях усіх славян. Па народных уяўленнях зерне, незалежна ад злакавай культуры, першым чынам з’яўлялася цэнтрам жыццёвай сілы, знакам урадлівасці, адраджэння, неўміручасці, вечнага абнаўлення, лічылася зародкам новага жыцця.

Зерне, колькасць якога немагчыма злічыць, выступала знакам множнасці, а значыць, багацця. А таму практычна ва ўсіх каляндарных і сямейна-родавых абрадах прысутнасць зерня была абавязковая. 

Рытуальнай сяўбой — «засеўкамі» — пачыналі новы год. Насенне ўсіх традыцыйных для Беларусі культур (жыта, аўса, ячменю, пшаніцы, проса) было асноўным абрадавым атрыбутам у кантэксце калядна-навагодняга абраду «засявання», які выконваўся дзецьмі раніцай 14 студзеня, г. зн. адразу ж пасля святкавання Шчадраца. Зерне гэтых жа культур выкарыстоўвалі падчас абрадавых падзей абыходу вёскі ў дзень Багача, свята ў гонар завяршэння збору ўраджаю, прымеркаванага да часу восеньскага раўнадзенства. Заўважце: і ў адным, і ў другім выпадку было задзейнічана зерне культур, якія складалі аснову дабрабыту сям’і. Таму далёка не выпадковая сувязь з тымі беларускімі святамі, у назве якіх сфакусіравана філасофія ўсяго цыклу гаспадарчай дзейнасці чалавека-земляроба быць багатым — Шчодры вечар (14.01) і Багач (21.09).

Сама прысутнасць зерня на святочным стале (і ўсякага кшталту кантакт з ім) забяспечвала хаце дастатак, урадлівасць і агульны дабрабыт. А таму, перад тым як маладыя надзявалі заручальныя пярсцёнкі, іх на некаторы час клалі ў жыта. Менавіта так робяць сёння ў некаторых загсах Беларусі.

Зерне надзялялася не толькі прадукавальнай, але яшчэ і ахоўнай семантыкай. І калі бацькі абсыпалі маладых зернем адной са злакавых культур, яны жадалі ім сямейнага дабрабыту, нараджэння дзяцей, а таксама імкнуліся абараніць ад уздзеяння злых сіл.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».