Вы тут

Што міліцыя паказала мінчанам і гасцям сталіцы на Дзень горада


Міністэрства ўнутраных спраў не засталося ў баку ад гэтай важнай падзеі. Каля Палаца спорту ў межах Алімпійскага дня міліцыянеры арганізавалі акцыю «Бяспечны горад».


— Свята сабрала на розных лакацыях вельмі шмат людзей: яны адпачываюць, гуляюць, радуюцца, — заўважыў міністр унутраных спраў генерал-лейтэнант міліцыі Іван Кубракоў. — Мы сустрэлі грамадзян Латвіі, якія прыемна здзіўлены нашай гасціннасцю і ўдакладнялі ў мяне, як можна атрымаць грамадзянства або від на жыхарства ў Беларусі. Людзі актыўна цікавяцца гэтым пытаннем. Яны бачаць бяспеку на нашых вуліцах.

Пры гэтым падчас святкавання Дня горада, як звярнуў увагу кіраўнік ведамства, міліцыянеры не толькі забяспечваюць парадак, але і самі ўдзельнічаюць у розных лакацыях.

Акцыя МУС «Бяспечны горад» карысталася папулярнасцю ў наведвальнікаў. Асабліва яна зацікавіла юных мінчукоў. Дарослых і дзяцей чакала мноства інтэрактыўных пляцовак, незабыўных забаў і відовішчных шоу! Выстава рэтра аўтамабіляў і сучаснай міліцэйскай спецтэхнікі, тэматычныя фотазоны, конны патруль, атракцыёны, роставыя лялькі... Маленькія госці змаглі пагуляць са шчанюкамі службовых сабак і паназіраць за тым, як іх трэніруюць кінолагі. Усе ахвочыя паспыталі салдацкай кашы з палявой кухні.

Але і гэта яшчэ далёка не ўсё. Супрацоўнікі ДАІ далі гасцям шанс прайсці тэст па Правілах дарожнага руху і здаць экзамен на катэгорыі «А1» і «А»! Паўсотні выпускнікоў аўташкол з лёгкасцю вытрымалі выпрабаванне і атрымалі права кіраваць матацыклам. Для малых вартавыя дарожнай бяспекі разгарнулі аўтагарадок з мініяцюрнымі святлафорамі і скрыжаваннямі. На гэтай вуліцы іх навучылі абыходзіць «дарожныя пасткі» і бяспечна ездзіць на веласіпедзе.

Асабліва шматлюдна было каля пляцовак Акадэміі і Магілёўскага інстытута МУС. Тут хлопцы і дзяўчынкі, якія мараць надзець міліцэйскія пагоны, паспрабавалі свае сілы ў квэсце «Курс маладога байца». А яшчэ атрымалі ў выкладчыкаў усе неабходныя звесткі аб парадку паступлення ў навучальныя ўстановы.

Не меншай папулярнасцю карысталіся лакацыі ўнутраных войскаў, спецыяльных падраздзяленняў міліцыі і Дэпартамента аховы МУС. Вартавыя парадку паказалі дарослым і дзецям аўтатэхніку і ўзбраенне. Пад іх кантролем госці праверылі трапнасць у інтэрактыўным ціры, а яшчэ выпрабоўвалі сябе фізічна: падымалі гіры і штангі. Наймацнейшы ўдзельнік імправізаванага спаборніцтва адціснуў ад грудзей... 120 кілаграмаў!

На сталічным праспекце Пераможцаў пад роў матораў на пляцоўцы з’явіліся асы са спецпадраздзялення ДПС «Страла» МУС. Яны прадэманстравалі вадзіцельскае майстэрства за рулём службовых байкаў і аўто. Пад іх кіраваннем цяжкія жалезныя коні выпісвалі паветраныя піруэты і нават выканалі... элементы вальса! У арсенале майстроў аказаліся і брутальныя элементы: з заміраннем сэрца госці ўбачылі, як выконваюць двайны паліцэйскі разварот!

Пад гукі марша ў выкананні Узорна-паказальнага аркестра ўнутраных войскаў гледачы ўбачылі плац-канцэрт ваеннаслужачых роты ганаровай варты сталічнай в/ч 3214. Разам з імі бліскалі і юныя барабаншчыкі са Спецыялізаванага ліцэя МУС. Дзеці рыхтаваліся да шоу некалькі тыдняў, вытрымалі начную трэніроўку і вельмі хваляваліся. І трэба сказаць, недарэмна!

Як расказаў намеснік міністра ўнутраных спраў палкоўнік міліцыі Дзмітрый Карзюк, мы зрабілі ўсё, каб наша праграма спадабалася, кожнаму падняла настрой. «Віншую жыхароў нашага прыгожага мегаполіса! Няхай ён застаецца такім жа прыгожым, мірным і добрым», — пажадаў ён.

Адной з цікавостак, якую таксама падрыхтавалі міліцыянеры, стаў квэст «Міліцыя алімпійская». Гульня аб’яднала некалькі тысяч мінчан. Удзельнікі мусілі адшукаць на пляцоўках нашых герояў-алімпійцаў і атрымаць іх аўтографы. Затым размясціць фота з адным з іх у сацсетках з хэштэгу #ЗАБЯСПЕЧНЫГОРАД. Пераможцаў выбралі з дапамогай латарэі. Яе правяла зорка беларускага спорту — алімпійская чэмпіёнка ў штурханні ядра Яніна Правалінская-Карольчык. З яе лёгкай рукі фартуна ўсміхнулася самым юным гульцам. Уладальнікам скейтборда стаў 10-гадовы Мікіта Максіменя. Хлопец шчыра падзякаваў міліцыянерам за падарунак і паабяцаў, што абавязкова навучыцца на ім катацца. Самакат дастаўся дванаццацігадовай Валерыі Гучок. Па словах дзяўчынкі, такой удачы яна не чакала. А вось суперпрыз — электрасамакат — дадому павезла 9-гадовая Алеся Лабецкая. Дзяўчынка вельмі хацела паўдзельнічаць у латарэі, але жадаючых аказалася вельмі шмат. «Я адразу вырашыла, што спадзявацца няма на што, — падзялілася яна. — Таму, калі назвалі мой нумар, нават закрычала ад радасці. Даўно марыла аб такім „коніку“. Не церпіцца навучыцца ездзіць на ім!»

Многія госці прызналіся: яны не чакалі ад міліцыянераў такіх крэатыўных задум. Дарослыя і дзеці падзякавалі ім і папрасілі часцей ладзіць такія карысныя і займальныя акцыі.

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы МУС

Выбар рэдакцыі

Культура

Любоў Чаркашына: Мой стыль жыцця — не факусіравацца на дрэнным!

Любоў Чаркашына: Мой стыль жыцця — не факусіравацца на дрэнным!

Аб спорце, сакрэтах замужжа, выхаванні дзяцей, прыгажосці і здаровых звычках ў інтэрв’ю. 

Культура

Народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў: чалавек, паранены прыгажосцю

Народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў: чалавек, паранены прыгажосцю

Народны мастак можа быць прыкладам у тым, як ствараць свой лёс.

Грамадства

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Інтэрв’ю з капітанам каманды «Доктар Хаусс» Паўлам Малахавым.​