Вы тут

Лукашэнка: Каб прыбыткова прадаць прадукцыю на экспарт, патрабуецца віртуозная лагістыка


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, прысвечаную рабоце транспартнага комплексу краіны ва ўмовах санкцый. Гэтае пытанне кіраўнік дзяржавы падымаў у пачатку жніўня, падчас пасяджэння Савета міністраў, на якім абмяркоўвалася функцыянаванне эканомікі ва ўмовах санкцый і меры па іх пераадоленні. Праз месяц на нарадзе спецыялісты падрабязна абмеркавалі сітуацыю ў гэтай сферы. 


«Не сакрэт, што менавіта транспартная галіна, з’яўляючыся натуральным правадніком знешнегандлёвых аперацый, прыносіць у краіну амаль палову валавой выручкі (40-45 %) ад экспарту паслуг», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён заўважыў, што сітуацыя, якая цяпер склалася, разарвала многія даўно выбудаваныя лагістычныя ланцужкі. Зразумела, гэта прыводзіць да выдаткаў вытворцаў ва ўсіх галінах. Па словах Прэзідэнта, сёння, каб прыбыткова прадаць сваю прадукцыю на экспарт або паставіць на ўнутраны рынак камплектуючыя, патрабуецца сапраўды віртуозная лагістыка.

«І прасцей, ва ўсякім разе ў найбліжэйшай будучыні, не стане, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Таму па-ранейшаму штодзённая работа Мінтранса — дамаўляцца аб вагонах, кантэйнерах, прапускных „вокнах“, канкурэнтных тарыфах. Тым больш што задачы па нарошчванні фізічных аб’ёмаў і дыверсіфікацыі экспарту галіновым міністрам пастаўлены. Іх выкананне ў некаторым родзе залежыць і ад паваротлівасці Мінтранса». 

Асобна Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на авіяперавозкі. Па яго словах, нягледзячы на жаданне Захаду адрэзаць нас ад так званай цывілізаванай Еўропы, мы працягваем лятаць і захоўваем высокі ўзровень авіяцыйнай бяспекі.

Па словах Прэзідэнта, стратэгічная задача — пашырыць напрамкі авіязносін, даць людзям магчымасць лятаць па пытаннях бізнесу, на адпачынак, наведваць родных. «Пры гэтым важна захаваць высокі ўзровень бяспекі палётаў, не спыняцца ў развіцці авіяцыйнай галіны, прадоўжыць абнаўленне авіяпарку, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — Але кошт пералётаў павінен быць канкурэнтным і не залімітавым для нашых людзей, чаго б нам гэта ні каштавала».

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што з пачатку ўвядзення абмежаванняў прайшло дастаткова часу, каб не толькі знайсці ўсе праблемныя месцы, але і прыняць адэкватныя меры рэагавання. «Так, мы своечасова адлюстравалі, што называецца, забарону на перамяшчэнне грузавых аўтамабіляў з Еўрасаюза па нашай тэрыторыі, — нагадаў беларускі лідар. — Цяпер штодня на перачэпцы ў нас каля тысячы транспартных сродкаў. Сюды прыехалі — будзьце ласкавыя пакінуць свой груз, прычэпы, едзьце назад — мы павязём далей ваш груз». 

Кіраўнік дзяржавы папрасіў далажыць, як Мінтранс вырашае задачы па нарошчванні перавозак чыгункай перш за ўсё ва ўсходнім напрамку. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ніхто не абмяжоўвае перавозкі па ўсіх кірунках. У любым выпадку, забяспечанасць кантэйнерамі пад патрэбу павінна быць стопрацэнтная — такую задачу перад транспартнай галіной паставіў беларускі лідар. 

Таксама Прэзідэнт пацікавіўся, ці выбудавана аптымальная для цяперашніх умоў лагістыка. «Расія дае нам адпаведныя магчымасці. Аб гэтым ужо шмат казалі, у прыватнасці аб портах», — удакладніў кіраўнік дзяржавы і спытаў, як выконваюцца інтарэсы беларускіх аўтамабільных перавозчыкаў (даручэнне па адмене дазвольнай сістэмы было дадзена Прэзідэнтам яшчэ два гады таму). Якія меры прымаюцца па ўмацаванні эканамічнага становішча авіяцыйнай галіны — яшчэ адно з пытанняў, якое абмяркоўвалася падчас нарады.

У тэму

Як адзначыў падчас размовы з журналістамі намеснік прэм’ер-міністра Анатоль СІВАК, фактары, якія ўскладняюць работу транспартнай галіны, з’явіліся яшчэ з пачаткам пандэміі ў 2020 годзе, і гэта расцягнулася дастаткова на працяглы перыяд. «Вельмі важна было ў гэты момант (і гэта ў першую чаргу патрабаванне кіраўніка дзяржавы) — захаваць калектывы транспартных прадпрыемстваў», — расказаў віцэ-прэм’ер. Па яго словах, такіх спецыялістаў, як пілоты, бортправаднікі або праваднікі ў вагонах, нельга набраць на біржы працы, гэта вельмі сур’ёзныя кадры, якія адказваюць за жыццё чалавека. 

Анатоль Сівак заўважыў, што рост, які сёння назіраецца ў транспартным комплексе, звязаны з тым, што як толькі пайшло паслабленне (маюцца на ўвазе абмежаванні, звязаныя з пандэміяй. — «Зв.»), галіна пачала актыўна працаваць. «Што датычыцца грузавых перавозак, тут таксама вельмі важны момант, які заключаецца ў тым, што ўся санкцыйная палітыка, якую мы назіраем пэўны перыяд часу, патрабуе ад нас пераарыентацыі транспартных плыняў, — акцэнтаваў увагу віцэ-прэм’ер. — Павінна быць узгодненая пазіцыя грузаадпраўніка і перавозчыка. У гэтай сітуацыі задача нумар адзін — нарошчваць аб’ёмы перавозак. Грузавая база ў нас у краіне ёсць. Эканоміка працуе. Патрабаванні нашых партнёраў да нашай эканомікі, тавараў, якія ў нас вырабляюцца, вялікія. Тое, што неабходна будзе перавезці, перавязём». 

Гаворачы аб аўтатранспарце, Анатоль Сівак расказаў аб рабоце па рэалізацыі падпісаных саюзных праграм з Расіяй. «У рамках іх рэалізацыі рыхтуюцца пэўныя пагадненні, якія ў гэтым годзе павінны быць падпісаны, — паведаміў ён. — І там рэфрэнам з’яўляюцца роўныя ўмовы гаспадарання для суб’ектаў, у гэтым выпадку ў транспартнай дзейнасці».

Што датычыцца перавозкі калійных угнаенняў, то, па словах намесніка прэм’ер-міністра, аб’ёмы перавозак толькі растуць. Праблему транспарціроўкі поўнасцю задавальняе Беларуская чыгунка. Пры гэтым выкарыстоўваецца партовая інфраструктура Расійскай Федэрацыі. Нягледзячы на тое, што частка рухомага саставу (мінералавозы) для транспарціроўкі па чыгунцы калійных угнаенняў, засталася ва Украіне, Магілёўскі вагонабудаўнічы завод актыўна працуе, каб аднавіць гэты рухомы састаў.

Вераніка КАНЮТА

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».