У апошнія дзесяць-пятнаццаць гадоў выдавецтва «Народная асвета», якое ў большай ступені зарыентавана на выпуск падручнікаў для агульнаадукацыйнай школы, падаравала юнаму чытачу і нямала сустрэч з кнігамі дзіцячых пісьменнікаў.
Адна з навінак — нядаўна выдадзеная «Энцыклапедыя юнага натураліста». Настаўнік і таленавіты паэт з Вілейкі Віктар КАЖУРА склаў свой зборнік з трох тэматычных раздзелаў, дзе ў алфавітным парадку выклаў сваё паэтычнае бачанне пра расліны, грыбы, звяроў і птушак: «Ягады і кветкі — сонейкавы дзеткі»; «Бору-лесу будзь удзячны: пакланіся — ён аддзячыць»; «І на лузе, і ў бары ёсць свае гаспадары». Вершаваныя вобразы і сімвалы пісьменнік дапаўняе празаічным, эсэістычным аповядам пра выбраных ім «персанажаў». А сваю ідэю, характар кнігі «Энцыклапедыя юных натуралістаў» аўтар патлумачвае наступным чынам:
«Дарагія юныя натуралісты! Кажуць, на карце свету Беларусь — маленькая. Можа, і так.
Але для нас яна — вялікая. Сваёй гісторыяй. Сваёй памяццю. Сваёй сучаснасцю. Сваёй будучыняй.
А яшчэ — багаццем. Азірніцеся!
На лузе — гербарый-разнатраўе, ад водару якога можа закружыцца галава.
Ягадныя россыпы, быццам вясёлка на зямлі, упрыгожваюць наваколле. Ды не толькі ўпрыгожваюць, а дораць чалавеку радасць і здароўе.
Грыбы летняй ці асенняй парою, схаваўшыся пад галінкі, лісце ды ігліцу, запрашаюць пагуляць з імі ў хованкі. Пры гэтым — вось хітруны! Нібы кажуць: „Пакланіся нам, чалавек, тады мы пакажамся“. І ты кланяешся з удзячнасцю і радасцю, бо чым часцей кланяешся, тым паўнейшым становіцца твой кош.
У лясах і пушчах водзяцца зубры. Ды не толькі яны. У маладым сасонніку стаіліся паважныя дасі. А там з-за куста хітравата сочыць рыжы ліс, ці не пакажацца на паляне палахлівы заяц.
Рэкі і азёры віруюць ад незлічонай колькасці рыбы...»
Мудрасць, з якою Віктар Кажура, узіраецца ў наваколле, перадаецца і чытачу. Кніга выключна прыгожа, шматзначна праілюстравана каляровымі здымкамі і малюнкамі раслін, звяроў, птушак... Асобна ў кароткіх паэтычна-празаічных аповядах вылучаны галоўныя парады, падказкі для зносін чалавека з той ці іншай раслінай, грыбам. «Энцыклапедыя юнага натураліста» выдадзена «Народнай асветай» накладам 1000 экзэмпляраў. Няма ніякіх сумненняў, што тыраж разыйдзецца даволі хутка. Бацькам, настаўнікам — парада: спяшайцеся хутчэй набыць гэта сапраўды важкае ў справе экалагічнага, патрыятычнага выхзавання выданне!
Кнігу вы зможаце знайсці ва ўсіх крамах ААТ «Белкніга» у розных гарадах краіны. А таксама — у мінскай кнігарні «Акадэмкніга» па адрасе: Мінск, праспект Незалежнасці, 72.
Кастусь Лешніца
Расказвае магістр псіхалогіі Наталі Свірыдава.
З пачаткам навучальнага года рэгіструецца і рост захваральнасці на рэспіраторныя інфекцыі.
Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?