Вы тут

Аляксандра Гайдук. Для мяне кожны праект — займальны эксперымент


Аляксандра Гайдук — эстрадная артыстка, тэлевядучая, прадзюсар... Асоба, якая адбылася, самадастатковая... Прафесія, загарадны дом, закаханы муж, двое дарослых сыноў, устойлівы пазітыўны імідж у грамадстве... Здавалася б, чаго яшчэ жадаць?! Жыві ды радуйся... Але ж Аляксандра і ў свае выдатныя сталыя гады, калі многае ў жыцці ўсведамляеш і адчуваеш сябе шчаслівай, застаецца нястомнай працаўніцай — не ўяўляе сябе без руху і ў прафесіі, і ў побыце, і ў духоўнай сферы.


Аляксандра ахвотна дае інтэрв'ю беларускаму тэлебачанню.

Па словах маёй суразмоўцы, Сусвет дорыць ёй многія магчымасці, таму і яна не можа бяздзейнічаць. Дарэчы, зусім нядаўна завяршыла вучобу ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі. Гэтым летам прыхільнікі творчасці бачылі Аляксандру на сцэне «Славянскага базару ў Віцебску»: на закрыццё і ў Беларускім дні яна выходзіла да гледачоў з прэм'ерай песні «Самае галоўнае» разам з Валерыем Шматам. Ён заснавальнік і мастацкі кіраўнік гурта «Беларусы», кампазітар, арганіст, дырыжор. Як гаворыць Аляксандра, Валерый надзвычайны музыка і харызматычны саліст. Яму, дарэчы, нядаўна прысвоена званне заслужанага артыста Беларусі. Прыгожы ў іх атрымаўся дуэт.

Яшчэ Аляксандра Гайдук шчыльна занятая ў Маладзёжным тэатры эстрады, дзе ў цяперашні час працуе, а таксама ў іншых праектах. Ёй вельмі падабаюцца паездкі па беларускіх гарадах з фестывалем «Вытокі», адным з арганізатараў якога з'яўляецца Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі. «Вытокі» — гэта ўжо беларускі брэнд, сімвал, які адлюстроўвае скіраванасць фестывальнага руху на папулярызацыю нацыянальнай культуры, спорту, гісторыі, традыцый і падтрымку малых гарадоў.

Мы гутарым з Сашай у адной з мінскіх кавярань. Вядзём няспешную, не кліпавую размову, як кажуць, за жыццё. І ўвесь час, гледзячы на маю візаві, так і хочацца ёй сказаць: якая ж вы немагчыма прыгожая! Проста вачэй не адарваць. Такая жаночая прыгажосць не можа заставацца па-за ўвагай не толькі дзякуючы знешняй, скажам так, форме: вочы, бровы, вусны, прычоска, фігура, вытанчаны парфюм... Саша Гайдук — перш за ўсё, па-мойму, гэта гранічная адкрытасць жыццю. Адсюль — зачаравальнае цяпло, якое яна выпраменьвае, глыбіня пачуццяў і той душэўны водар, які магічна прыцягвае да чалавека. А яшчэ мая суразмоўца і гаворыць выдатна. Зрэшты, мяркуйце самі: некаторыя моманты з нашай размовы перад вамі.

  • Самае важнае ў жыцці — само жыццё і здароўе. Тваё і блізкіх. Таму я імкнуся шанаваць кожнае імгненне жыцця: быць тут і цяпер. Ніхто не ведае, што можа быць літаральна ў наступную хвіліну. Быць побач з тымі, хто табе па-сапраўднаму дарагі і каму дарагі ты. Я ўмею ўжо ад чагосьці не самага важнага для мяне адмаўляцца. Казаць «не», чаго вельмі доўга рабіць не ўмела. Адчуваю: жыццё варта расходаваць на добрыя справы. Рада, што ў мяне цяпер ёсць такая магчымасць. Гэтым таксама займаюся.
  • Здарылася тое дзякуючы Аляксандру Ціхановічу і Ядвізе Паплаўскай. Усё жыццё буду ўдзячная ім за дапамогу і падтрымку. Аляксандр і Ядвіга ў мяне паверылі, і я апынулася ў іх тэатры. Там і адбыўся мой першы сольны канцэрт, у 1999-м. Саша і Ядзя ўсялілі ў мяне ўпэўненасць, што я, 22-гадовая брастаўчанка, якая прыехала ў зусім чужы для мяне Мінск, змагу многага дасягнуць на эстрадзе. Дзе менавіта яны сталі для мяне хроснымі мамай і татам. Першы свой сольны альбом я запісала ў студыі «Ціхановіч-Паплаўская». Яны ж падштурхнулі мяне рабіць нешта карыснае для тых, хто мае ў тым патрэбу. А пасля тое зрабіў Сяргей Доўгаль, чалавек, які стаў для мяне сапраўдным сябрам. Ён жа навучыў мяне «ў сусветным маштабе» любіць не сябе... Здаецца, гэта называюць безумоўнай любоўю. Да таго ж Сяргей таксама падвёў мяне да думкі: як шмат мы можам зрабіць добрых спраў для тых, хто мае ў тым вялікую патрэбу. Ён у свой час заснаваў Дабрачынны фонд «Спирос» імя Аляксандра Ціхановіча. Гэты фонд дапамагае дзецям і дарослым інвалідам, якія жывуць у псіханеўралагічных інтэрнатах, а таксама людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Вось і я пэўны час ездзіла туды з дабрачыннымі выступленнямі. А цяпер Сяргея не стала. Без слёз я сёння не магу сказаць пра яго: быў... Нястомна згадваю пра тое, з якім светлым чалавекам з вялікім сэрцам і чыстай душой я сябравала. З ім жа здзейсніла пробны палёт на лёгкаматорным самалёце. У верасні павінна была ехаць да Сяргея — а ён быў выдатным інструктарам-экзаменатарам, дырэктарам школы пілотаў «VRP Avіa», дасведчаным лётчыкам з 38-гадовым стажам — каб самой вучыцца лятаць... Яшчэ думаю і пра тое, як яго на ўсё тое хапала. Калі Сяргей пра нешта прасіў, то заўсёды не для сябе. У мяне было адчуванне, што кожную хвіліну ён жыве для іншых. Мне здаецца, такая бескарыслівасць ёсць дар Божы. А калі так, то ўпэўненая: у сваю чаргу я павінна з вялікай стараннасцю дапамагаць тым, каму нашмат цяжэй, чым нам. Я гэта яму паабяцала... Бог, паўтаруся, мне пасылае вялікія магчымасці.

Аляксандра Гайдук на «Славянскім базары ў Віцебску», 2022 г.

  • Сваёй пеўчай кар'ерай я задаволена. Я ж, як кажуць, разнапланавая і разнажанравая! Магу ствараць розныя вобразы. Здольная праспяваць папсовую песню — і ў той жа час мая оперная акадэмічная адукацыя дае магчымасць звярнуцца да сур'ёзных, складаных і вытанчаных твораў. Да таго ж мы жывём у цікавы час: пасля пандэміі ўсё як бы ажывае. Для мяне кожны праект, кожны канцэрт — гэта займальны эксперымент.
  • У сваёй прафесійнай дзейнасці пераступаць праз свае прынцыпы мне не даводзілася. Я ж Авен па гараскопе, таму гэта проста немагчыма.
  • У мяне ўжо шмат работ у кіно. Усе ролі другога плана, але ж вялікія, яркія, прыкметныя. Разнапланавыя. Але ніводнай галоўнай: яны «не здарыліся». Бо не дазваляю сабе прымаць непрыстойныя прапановы ад некаторых рэжысёраў і прадзюсараў. Не магу паставіцца да іх так, як яны таго хацелі б.
  • У мяне ёсць прынцыпы, і паступіцца імі — значыць перастаць паважаць сябе. Я сталы чалавек, артыстка. Мяне ведаюць і паважаюць у маёй краіне. Да таго ж я ведаю: тое, што павінна быць маім, у любым выпадку маім будзе. Таму і не імкнуся дасягнуць чагосьці, як кажуць, любой цаной. Я ўмею за сябе пастаяць не толькі ў размове.
  • У мяне шэсць гадоў заняткаў кун-фу і два гады самба. Мой тата — афіцэр-дэсантнік, самбіст, школа вельмі добрая. Неяк прыйшлося ў аднаго рэжысёра, які праявіў вольнасць, запытаць: а вы не баіцеся? Бо я ж магу і руку вам зламаць... Ён потым прасіў прабачэння...
  • Мне асабіста падабаюцца ў кіно характарныя ролі. Гэта па мне. Калі трэба дастаць з глыбінь сябе тое, пра што можаш і сам не падазраваць. Вось цяпер мне прапанавалі ў адным маскоўскім кінапраекце — прайшла ўжо пробы — выканаць ролю бізнес-вумен. Яна па сюжэце для ўсіх добрая — а на самай справе, як гаворыцца, сабе наўме». Вось такая дваістасць. Думаю, гэта будзе цікава. Здымкі хутка пачнуцца.

У першыя дні знаёмства з мужам Аляксандрам.

  • Ці моцная я асоба? Мабыць, так. Спрыялі таму многія жыццёвыя фактары. Але мне б не хацелася паўтарацца: у інтэрнэце шмат інфармацыі пра мой жыццёвы шлях. Магу яшчэ прызнацца: я здольная спыніць любую агрэсію, прычым пераконвалася ў тым неаднаразова. Магчыма, гэта сіла маёй уласнай энергіі, мая ў тым упэўненасць.
  •  Што мяне радуе? Мае маленькія два сабачкі, чыхуашкі. Адзін кароткашэрсны, пародзісты, гэткі брутальны сабака. Мне здаецца, ён уяўляе сябе абаронцам, які павінен вартаваць дом, тэрыторыю і добра з тым спраўляецца. Раней ён быў «несацыялізаваны» — проста страчваў прытомнасць і падаў, калі бачыў іншага сабаку. Я на тыдзень узяла, каб яму дапамагчы сацыялізавацца, маленькую чыхуашку-дзяўчынку: беленькую, у рудыя плямы — ну проста лісічка. Цяпер іх у мяне двое. Проста маленькія дзеці... Што можа яшчэ парадаваць? Рыбалка зімой! Падлёдная, з свідрам ды ўсёй іншай належнай амуніцыяй. У розных месцах рыбачу: і пад Піцерам, і ў Беларусі на якім-небудзь возеры з сябрамі. Мужчынская кампанія мяне бярэ ахвотна — бо я ж не п'ю і за рулём. У выпадку чаго магу кантраляваць сітуацыю. Таму рыбалка — гэта заўсёды маленькая прыгода. Неяк вывудзіла шчупака на жыўца — кілаграмы на 4. Прычым уначы, пры месяцы!.. Яшчэ люблю збіраць грыбы. Кожны год стараюся зрабіць нарыхтоўкі. У мінулым слоікаў 70 закатала. Сёлета яшчэ ў лесе не была, але ўжо клубнічнае варэнне зварыла: пах па ўсім доме... І абрыкосавае таксама... Гэта ў мяне ад бабулі...
  • Кухаварыць мне падабаецца. Гатую плоў, боршч таксама, прычым з улікам багатых родавых украінскіх традыцый: усё як належыць. Вядома, і салат аліўе раблю, які запраўляю смачным маянэзам «ручной працы», па маім рэцэпце. Цяпер у загарадным доме жыву, як даўно марыла. За час пандэміі адчула, як гэта выдатна. Здорава мець сваю асабістую прастору, дзе адчуваеш камфорт, цеплыню і абароненасць. Да таго ж дом у прыгожым месцы — у аграгарадку Калодзішчы пад Мінскам, і побач у нас прыгожы лясны масіў — Глебкаўскі біясферны заказнік. Я і па грыбы туды хаджу.

«Мае сыны Вадзім і Аляксандр — мой гонар».

  • Для кожнай нармальнай жанчыны галоўнае ў жыцці дасягненне — яе дзеці. Сыны ў мяне рана з'явіліся, і я змагла маіх хлопчыкаў выхаваць годнымі людзьмі. Ганаруся сваімі сынамі, веру ў іх. Як і я са сваёй мамай, яны побач са мной у цяжкія хвіліны. Для мяне гэта галоўная апора і падтрымка.
  • Лёс — гэта «ворыва», і ў аснове ўсіх нашых поспехаў і шанцаванняў ляжыць штодзённая велізарная праца. Хто яе не здольны вынесці, не здольны нешта рабіць сістэмна і ўпарта, той спрабуе знайсці сабе апраўданне ў «іншых светах». У мяне часам пытаюць: як гэта ўсё ў вас так удала складваецца?.. Сябры, я сплю па 5-6 гадзін у суткі! Увесь астатні час працую.
  • У людзях цаню шчырасць, дружалюбнасць, у пэўнай ступені адкрытасць. Часам чую іх думкі. Што гэта? Магчыма, інтуіцыя, магчыма, яснабачанне. Прызнаюся: вялікае шчасце і раскоша ў нашым свядомым, выдатным узросце — умець бачыць і чуць. І мець зносіны менавіта з тымі, хто нам па душы.

Прыгожая і таленавітая, жаноцкая і разумная, абаяльная і аптымістычная... Гэты спіс эпітэтаў у адрас Аляксандры Гайдук у яе родным горадзе Брэсце, куды яна нязменна, дзе б ні была, прыязджае на святы і спявае для гараджан, завяршаюць два важныя для эстраднай артысткі, тэлевядучай і прадзюсаркі словы: наша, народная… Для Аляксандры гэта высокае прызнанне.

Гутарыла Валянціна ЖДАНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».