Вы тут

Як стаць валанцёрам «сярэбранага» ўзросту і чым можна дапамагчы?


Выходзячы на пенсію, пажылы чалавек нярэдка страчвае сваю сацыяльную ролю ў грамадстве. Яшчэ ўчора былі праца і зацікаўленасць у вашых ведах і вопыце, калектыў і шмат кантактаванняў штодзень, а вось з выхадам на заслужаны адпачынак жыццё рэзка мяняецца. Адна з магчымасцяў заставацца запатрабаваным у любым узросце — валанцёрства. Гэта і кантактаванне, і пачуццё каманднага духу, а таксама новыя веды, навыкі і ўражанні. Стаць валанцёрам проста, прычым зрабіць гэта можна ў любым пункце краіны — дастаткова звярнуцца ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ці, напрыклад, рэгіянальнае прадстаўніцтва Беларускага Чырвонага Крыжа. Чаму навучаюць валанцёраў? Якую дапамогу яны могуць аказваць? І што ад гэтага атрымлівае сам валанцёр? Навошта закон аб валанцёрстве і якія гарантыі ён будзе ўтрымліваць? Пра гэта расказалі спецыялісты.


Маладыя душой

— Развіццё валанцёрскага руху замацавана ў Нацыянальнай стратэгіі «Актыўнае даўгалецце — 2030» як адна з задач уцягвання пажылых грамадзян у жыццё грамадства, — адзначае намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Мікалай Арол. — Ва ўсіх 146 тэрытарыяльных цэнтрах абслугоўвання насельніцтва створаны валанцёрскія атрады з ліку валанцёраў «сярэбранага» ўзросту.

Асноўная іх дзейнасць — аказанне даступнай дапамогі адзінокім людзям, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Прычым найперш гэта маральна-псіхалагічная падтрымка. А папросту кантактаванне, калі валанцёр цікавіцца, што адбываецца ў жыцці такога чалавека, як прайшоў яго дзень. І даступная сацыяльна-бытавая дапамога — у прыборцы, прыгатаванні ежы.

Яшчэ адзін важны напрамак — наведванне людзей, якія знаходзяцца ў дамах-інтэрнатах і сацыяльных установах. У Беларусі працуе 92 дамы-інтэрнаты розных напрамкаў і 62 аддзяленні кругласутачнага знаходжання. Тут спектр дзейнасці валанцёраў шырокі. Гэта выраб сувеніраў і арганізацыя дабрачынных акцый, канцэрты, віншаванне юбіляраў, гурткі па прынцыпе «роўны навучае роўнага». Дарэчы, апошні напрамак вельмі запатрабаваны: камп'ютарная і фінансавая адукаванасць, эканамічная бяспека, дзе пажылых людзей навучаюць, як не стаць ахвярай махляра. Папулярныя і экскурсіі «Мой родны горад», «Мой родны край», ветэранскія чытанні. А таксама заняткі, звязаныя са здаровым ладам жыцця: скандынаўская хадзьба, ёга, аздараўленчая гімнастыка.

Пад шэфствам валанцёраў знаходзяцца многія сацыяльна-педагагічныя цэнтры і прытулкі, створаныя пры іх. Адзін з цікавых праектаў, якія тут рэалізоўваюцца, — «Казкі ад бабулі», калі валанцёры чытаюць дзецям. У такім жа фармаце ажыццяўляецца і дапамога сем'ям з дзецьмі, напрыклад, праект, дзе пажылыя жанчыны дзеляцца вопытам з маладымі — «Бабуля — маме».

Цікавая для пажылых аказалася і праграма па навучанні бяспецы жыццядзейнасці. Тут расказваюць, з чым ісці ў лес і як сябе там паводзіць, калі заблудзіўся, што рабіць у выпадку навальніцы, у якім выглядзе мусіць падтрымлівацца печ і іншае. Прадстаўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях навучаюць спачатку валанцёраў, якія затым інфармуюць сваіх аднавяскоўцаў, сяброў, суседзяў і іншых.

Паводле дадзеных Мікалая Арла, у валанцёрскіх атрадах, створаных пры ўстановах сацыяльнага абслугоўвання, задзейнічана каля 2,5 тысячы грамадзян пажылога ўзросту. Увогуле ж, установам сацыяльнага абслугоўвання дапамагае каля 7,5 тысячы прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў — ветэранскага, Беларускага саюза жанчын, БРСМ, Чырвонага Крыжа, грамадскага аб'яднання інвалідаў, рэлігійных арганізацый. Пад патранажам валанцёрскіх атрадаў сёння знаходзіцца каля 20 тысяч грамадзян.

У лістападзе-снежні гэтага года ва ўсіх рэгіёнах пройдуць злёты валанцёраў «сярэбранага» ўзросту, прымеркаваныя да Дня валанцёра. Традыцыйна з 2017 года сумесна з Беларускай праваслаўнай царквой у нашай краіне праводзіцца конкурс «Святло міласэрнасці», дзе вызначаюцца найлепшы валанцёр тэрытарыяльнага цэнтра, найлепшы валанцёр дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў і інтэрната для дарослых. Узнагароджанні праводзяцца ў рамках Калядных чытанняў, арганізаваных БПЦ.

Бясплатна навучаюць і страхуюць

— Важна, калі ў валанцёрскі рух уцягнута не толькі моладзь, але і людзі ўсіх узростаў. Некалькі гадоў таму мы праводзілі маркетынгавае даследаванне, каб вызначыць, наколькі беларусы гатовы ўдзельнічаць у валанцёрскім руху. Яно паказала, што рынак дабрачыннасці вельмі шырокі, грамадскіх аб'яднанняў і арганізацый шмат, людзі гатовы стаць валанцёрамі. Але не ўсе грамадскія арганізацыі прапануюць зразумелыя і ясныя праекты, у якіх бы ахвотныя былі б гатовы ўдзельнічаць, — расказвае намеснік генеральнага сакратара Беларускага Чырвонага Крыжа Раманія Зорына.

У праектах гэтай арганізацыі задзейнічана каля 16 тысяч валацёраў. Многія з іх прыходзяць сюды, калі ўзнікаюць пэўныя сацыяльныя выклікі і патрабуецца дапамога. Апошнія з іх — пандэмія каранавіруснай інфекцыі і міграцыйны крызіс.

— Вялікая колькасць нашых валанцёраў, да 75 %, — маладыя людзі. Але ёсць і валанцёры «сярэбранага» ўзросту. З году ў год павялічваецца колькасць людзей працаздольнага ўзросту, якія днём ходзяць на працу ці вучобу, маюць сем'і, а ў вольны час удзельнічаюць у рабоце Чырвонага Крыжа, — удакладняе Раманія Зорына.

Чырвоны Крыж праводзіць навучанне сваіх валанцёраў. Гэта асновы першай дапамогі, псіхасацыяльнай падтрымкі, курсы па доглядзе дома з элементамі кінестэцік, па асаблівасцях работы з дзецьмі. Большая частка валанцёраў застрахавана.

— Апошнія выклікі паказалі, што варта вярнуцца да размовы аб заканадаўчай аснове дзейнасці валанцёраў, у прыватнасці Закона аб валанцёрстве. Адзінага закона пакуль няма. У гэтым кірунку ідзе праца, у тым ліку з прыцягненнем грамадскіх арганізацый. Важнае не толькі азначэнне паняцця «валанцёр», але і тое, як на заканадаўчай аснове будзе матываваны і падтрыманы валанцёр, яго правы і абавязкі, хто можа лічыцца валанцёрам, а хто — не, — звярнула ўвагу прадстаўнік Чырвонага Крыжа.

І нават школьнікі

Паводле меркавання спецыялістаў, валанцёрства варта пачынаць са школьнага ўзросту.

— Дабрачыннасць і валанцёрства — не абавязак, а прывілегія. Каб з'явілася такое разуменне, пачынаць варта з ранняга дзяцінства, — дадае памочнік старшыні праўлення — прэс-сакратар Беларускага фонду міру Вікторыя Тройніч. — Адна група праектаў нашай арганізацыі прадугледжана выключна для дзяцей і моладзі, другая — для ўсіх, але ў іх абавязкова ўдзельнічаюць дзеці і моладзь. Адзін з такіх рэспубліканскіх праектаў — «Сетка школ міру» ў Беларусі, цяпер іх у краіне 85. Ён рэалізоўваецца сумесна з Міністэрствам адукацыі і БПЦ. Яго мэта — выхаванне дязцей і моладзі на прынцыпах сяброўства і ўзаемаразумення, талеранстнасці, цярпімасці. Гэта праект не толькі карысны, але і перспектыўны, дазваляе прыцягнуць вялікую колькасць добраахвотных памочнікаў.

Валанцёры Беларускага фонду міру ўдзельнічалі ў стварэнні мемарыяла пад Полацкам «Урочышча Пяскі» на месцы захаранення загінулых у Вялікай Айчыннай вайне. Пры ўдзеле валанцёраў штогод аднаўляецца і ствараецца каля 60 помнікаў, яны займаюцца пошукавай работай, у прыватнасці збіраюць інфармацыю для школьных музеяў, перш за ўсё пра сваіх блізкіх.

Праект «Паклон вам нізкі, нашы дактары» аказваў дапамогу больш чым тром сотням устаноў аховы здароўя. Пяць гадоў спаўняецца акцыі «Дай пяць дабру» па дапамозе ўсім васьмі дамам дзіцяці ў краіне. Беларускі фонд міру пастаўляе ім і абслугоўвае апараты ШВЛ, якія выкарыстоўваюцца ў палеатыўнай медыцыне. Акцыя «Наш клопат ветэранам войн і працы» дазволіла абсталяваць больш за 1100 палат для ветэранаў па ўстановах аховы здароўя ўсёй краіны.

За ўвесь час у дзейнасці Беларускага фонду міру прыняло ўдзел больш за 1 мільён чалавек. Яго работа цалкам будуецца на валанцёрстве і дабрачыннасці. Арганізацыя не фінансуецца дзяржавай і не атрымлівае грошы з-за мяжы.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.