Вы тут

Мітрапаліт Веніямін: Адзін з самых вострых крызісаў сёння — крызіс сям’і


Міжнародны форум славянскіх сем'яў пройдзе ў Мінску 23 верасня. Яго мэта — садзейнічаць захаванню традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасцяў, арыентаваных на моцную сям'ю, нараджэнне дзяцей, пераемнасць пакаленняў. У мерапрыемстве возьмуць удзел прадстаўнікі Рускай і Беларускай праваслаўнай царквы, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства адукацыі, Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства інфармацыі. Таксама сярод запрошаных будзе і мэтавая аўдыторыя — моладзь з ліку студэнтаў і навучэнцаў, маладых спецыялістаў.


Фота: sb.by

Як адзначыў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, у сучасных умовах правядзенне падобнага форуму набывае асаблівую значнасць.

— Агульнапрызнана, што мы жывём у няпросты час — эпоху эканамічных, сацыяльных, палітычных, духоўных крызісаў. І адзін з самых вострых — крызіс сям'і. І ў яго шмат прычын самага рознага характару. Але, аналізуючы іх, немагчыма не прызнаць, што найважнейшай з'яўляецца менавіта скажэнне каштоўнасных арыенціраў, прынятых у грамадстве, — адзначыў Уладыка. — Напрыклад, матэрыяльнае становішча, несумненна, можа паўплываць на рашэнне маладой сям'і адмовіцца на доўгі час ад нараджэння дзіцяці. А з іншага боку, мы бачым, што менавіта краіны з высокім дабрабытам часта сутыкаюцца з дэмаграфічным крызісам.

Мітрапаліт канстатаваў, што ў сучасным свеце мы часта назіраем стаўленне да шлюбу як да нечага састарэлага, неабавязковага. Маладыя людзі часта прытрымліваюцца лжывага ўяўлення аб тым, што сям'я можа перашкодзіць рэалізацыі чалавека як асобы, прафесіянала і члена грамадства. Таму многія адкладваюць яе стварэнне да пэўнага часу, калі гэта зрабіць бывае значна складаней.

— Нядаўнія даследаванні паказваюць, што людзі па ўсім свеце пачынаюць усведамляць, што падобныя адносіны да сям'і прыводзяць да глыбокага крызісу, прычым не толькі ў духоўна-маральнай сферы. Відавочна, што грамадства, дзе эгаістычныя каштоўнасці пераважаюць над сямейнымі, а дзеці ўспрымаюцца як абуза, непазбежна сутыкнецца з цяжкім сацыяльна-эканамічнымі праблемамі, — адзначыў мітрапаліт.

Яшчэ адным довадам супраць уступлення ў шлюб з'яўляецца ўяўленне аб тым, што сямейнае жыццё накладвае няпростыя абавязацельствы. Аднак такі погляд — відавочная прыкмета таго, што чалавек не пасталеў.

— Дарослы чалавек пастаянна прымае на сябе абавязацельствы, нясе адказнасць не толькі за сябе, але і за іншых. І сям'я тут не выключэнне. Пры правільна пабудаваных сямейных адносінах сям'я становіцца крыніцай натхнення, падштурхоўвае чалавека да здзяйсненняў на твочым, прафесійным і іншым полі дзейнасці. Мне неаднойчы прыходзілася сутыкацца з такой сітуацыяй, калі людзі, якія сапраўды дасягнулі па чалавечых мерках многага ў грамадстве, сведчылі, што гэта дзякуючы таму, што маюць добрую сямейную абстаноўку і, вяртаючыся з работы пасля цяжкай працы і перажыванняў, могуць дома адпачыць, аднавіць сілы і настроіцца на іншы лад, — дадаў мітрапаліт. — У сям'і важна бачыць не проста сацыяльны інстытут і тым больш не фактар, які абмяжоўвае свабоду, а рэальнасць, якая дорыць чалавеку радасць, гармонію і паўнату жыцця.

Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў падкрэсліў, што сям'я заўсёды знаходзіцца ў цэнтры ўвагі дзяржавы. Гэта, у прыватнасці, дапамога ў вырашэнні жыллёвага пытання — сёння сем'і з трыма дзецьмі амаль бясплатна яго вырашаюць.

Маладыя людзі нярэдка імкнуцца адкласці нараджэнне дзяцей, бо на першае месца выходзіць кар'ера. Таму ў Працоўны кодэкс сёння ўнесены такія паняцці, як няпоўны працоўны дзень, дыстанцыйная работа. Маці з малым да трох гадоў можа працаваць і адначасова атрымліваць дапамогу. Нядаўна ўведзены і бацькоўскі адпачынак, які наймальнік дае на два тыдні пры нараджэнні дзіця.

Валерый Кавалькоў адзначыў што нярэдка да нас пранікаюць чужыя «каштоўнасці» — быццам бы сям'і не патрэбна дзіця. Будучы форум паспрабуе змяніць такія стэрэатыпы. Падчас яго пройдуць круглыя сталы, дзе спецыялісты раскажуць пра аспекты развіцця сямейных адносін і нагадаюць пра традыцыйныя для нашай культуры каштоўнасці.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.