Вы тут

Прадпрымальнікі, шулеры, кветкаводы. Невядомыя старонкі Мінска


Стала добрай традыцыяй адзначаць дзень нараджэння нашай сталіцы не толькі ўрачыстасцямі, канцэртамі і феерверкамі, але і правядзеннем буйных навуковых форумаў.


Міжнародная канферэнцыя «Мінск і мінчане: дзесяць стагоддзяў», арганізаваная Нацыянальнай акадэміяй навук, прайшла шосты раз. Прагучала больш за сем дзясяткаў дакладаў. Але, як падчас адкрыцця канферэнцыі адзначыў член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук Аляксандр Каваленя, яшчэ шмат праблем, звязаных з гісторыяй і жыццём сталіцы, патрабуюць вывучэння. Так, да апошняга часу не сціхлі спрэчкі, адкуль пайшоў Мінск, шмат пытанняў звязана з вывучэннем часоў Магдэбурскага права, узаемаадносін гараджан з суседзямі, тэрытарыяльнага пашырэння горада ў ХІХ—ХХ стагоддзях. Заўсёды будзе актуальнай і тэма барацьбы мінскага падполля ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

— Важна не забываць, што гісторыя Мінска — гісторыя дзейнасці яго жыхароў. Чым больш імёнаў мы ўпішам у летапіс нашай сталіцы, тым больш поўнай і аб'ектыўнай будзе наша гісторыя. Важна асвятляць не толькі дзейнасць гістарычных асоб, але і тых, хто сёння піша гісторыю горада — рабочых і будаўнікоў, вучоных і настаўнікаў, медыкаў і архітэктараў, дзяржслужачых і вайскоўцаў, тых, хто сёння забяспечвае дзяржаўную бяспеку нашай краіны, — адзначыў акадэмік.

Экзатычныя калекцыі

Канферэнцыя паказала, як багата падзей, фактаў, лёсаў і нават дэтэктыўных сюжэтаў здольны адкрыць даследчыкі. Інфармацыйныя багацці схаваны ў архівах, мемуарах, старых фотаздымках, дзённіках, успамінах. Усе гэтыя знойдзеныя сакрэты стануць здабыткам сучасных гараджан пасля публікацыі зборніка па выніках канферэнцыі. Многія з агучаных фактаў увойдуць і ў новую фундаментальную працу па гісторыі Мінска, заказ на якую Акадэмія навук атрымала ад ураду краіныблікі.

Сярод выступоўцаў было шмат даследчыкаў, якія адкрывалі раней некранутыя тэмы, — гісторыю можна чытаць па тапаніміцы, па абвестках у газетах аб маштабных будоўлях ХХ стагоддзя і нават... па дэкаратыўных раслінах.

Так, навуковыя супрацоўнікі музея «Лошыцкая сядзіба» падрыхтавалі даклад, прысвечаны дэкаратыўным раслінам у сядзібных дамах губернскага Мінска. Старыя фатаграфіі часта рабіліся на фоне такіх раслін. Кветкавае багацце сапраўды ўражвае. У канцы ХІХ стагоддзя гаспадары ўпрыгожвалі свае дамы раслінамі, якія і сёння можна знайсці хіба ў калекцыях батанічных садоў. Часам падказкі пра тое, што расло ў сядзібных дамах, можна атрымаць з успамінаў гаспадароў і іх гасцей. Такое даследаванне мае практычнае прымяненне — новыя дэталі можна падаваць наведвальнікам музея ці старацца вяртаць зялёныя ўпрыгожанні ў інтэр'еры. Так, гасцям Лошыцкай сядзібы будзе цікава даведацца, што Ядвіга Любанская захаплялася экзатычнымі раслінамі і мела калекцыю, незвычайную для свайго часу. Гэта пацвярджае старажытны здымак пані на фоне сваіх раслінных здабыткаў. У 1901 годзе калекцыя пальмаў Ядвігі была прадстаўлена на юбілейнай сельскагадарчай выстаўцы, арганізаванай Мінскім таварыствам сельскай гаспадаркі. Людзі ўражваліся разнастайнасцю і прыгажосцю экзотаў.

Пажары ў гісторыі горада

Да тэмы абароны горада ад агню ў першай палове ХІХ стагоддзя звярнуўся мінскі даследчык Андрэй Гоцін. Так, у мінулых стагоддзях горад часта гарэў, і як ні дзіўна, перавярнуць сітуацыю ўдалося пасля адной з найбуйнейшых катастроф — 30 мая 1835 года, калі згарэла добрая частка горада з кварталамі Верхняга і Нізкага рынку, вуліц Кацярынінскай, Францысканскай, Захар'еўскай і іншых. Калі паліцмайстар паспрабаваў далажыць пра надзвычайную сітуацыю губернатару, апошні публічна сарваў з мундзіра «дакладчыка» эпалеты. Абсталяванне пажарнага абозу не спрацавала — яно папросту было няспраўным: некаторым інструментам карысталіся ўжо пад 40 гадоў. Губернатар горада дае распараджэнне аб закупцы найноўшага абсталявання ў Санкт-Пецярбургу. Да таго ж вырашаецца папоўніць «штаты», далучаць у час пажараў да іх тушэння каманды ліхтаршчыкаў, якіх у вольны час спецыяльна навучаюць такой справе. Калі раней пажарныя знаходзіліся далёка ад цэнтра горада, то пасля рэформы размяшчаюцца ў новым будынку — спачатку арандаваным, а пасля пабудаваным адмыслова. Ужо ў 1844 годзе з'яўляецца сучаснае пажарнае дэпо, якім ганарыцца горад. З супрацоўнікамі праводзяцца практычныя заняткі, вучэбныя трывогі, адпрацоўваецца магчымасць пажаратушэння новых высокіх дамоў, дзе ваду трэба пастаўляць на трэці паверх. Станаўленне прафесійнай службы на поўным казённым утрыманні вызваліла гараджан ад пажарнай павіннасці — калі ў час катастроф яны мусілі дапамагаць у тушэнні.

Шмат удзялялася ўвагі і пажарнаму апавяшчэнню. Так, на вежы ратушы пасля пажару 1835 года быў усталяваны пажарны сігнал і пост для назірання за сітуацыяй у горадзе. Напачатку звесткі пра пажары перадаваліся пры дапамозе каляровых сцягоў, а ўначы — ліхтароў. Па колерах можна было зразумець, у якім квартале адбылося ўзгаранне. Але ў дрэннае надвор'е сцягі павісалі, не распраўляліся. Таму іх замянілі на сігнальныя шары.

Таксама пажарную тэму выбраў для выступлення доктар гістарычных навук прафесар Эмануіл Іофе. Ён спрабуе высветліць абставіны адной з найжахлівейшых катастроф у пасляваенным Мінску. На навагоднім касцюміраваным балі 3 студзеня 1946 года, што праходзіў на плошчы Свабоды, з 500 запрошаных хлопцаў і дзяўчат, навучэнцаў старшых класаў сталічных школ і тэхнікумаў згарэла амаль палавіна. Пра жахлівую трагедыю, у якой загінулі прадстаўнікі найлепшай моладзі, выдатнікі вучобы, не гаварыла рэспубліканскае радыё, не давалася ні радка ў газетах. Прычыны трагедыі не раскрыты да гэтага часу. Сярод версій аб узнікненні пажару найбольш папулярныя тры: кароткае замыканне, неасцярожнае абыходжанне з агнём (сведкі, якім удалося выжыць, згадваюць, што пажар пачаўся пасля таго, як яны бачылі каля навагодняй елкі сына Панамарэнкі і яго сяброў з запальніцамі). Трэцяя версія — дзеянні нямецкай агентуры. Баль адбываўся ў клубе КДБ, дзе ў сутарэннях у патаемным пакоі захоўваліся засакрэчаныя дакументы са звесткамі пра нямецкую агентуру, задзейнічаную ў гады вайны. Эмануіл Рыгоравіч паспеў сустрэцца са сведкамі трагедыі. Сярод іх быў і нобелеўскі лаўрэат Жарэс Алфёраў, яму тады, старшакласніку сталічнай школы, удалося выжыць.

Дзелавыя людзі

Доктар гістарычных навук, загадчыца кафедры эканамічнай гісторыі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Наталля Палятаева прысвяціла даследаванне прадпрымальнікам 20-х гадоў ХХ стагоддзя. Перапіс 1923 і 1926 гадоў дазваляе высветліць, якімі былі заняткі і заробкі жыхароў горада. Практычна кожны дзясяты мінчанін у часы НЭПа быў уцягнуты ў прадпрымальніцкую дзейнасць. Можна прасачыць, хто выкарыстоўваў наёмную сілу, хто працаваў з членамі сям'і, а хто быў, так бы мовіць, індывідуальным прадпрымальнікам. Захаваны звесткі, якіх нацыянальнасцяў былі гэтыя людзі і чым займаліся да рэвалюцыі. Пераважна прадпрымальніцтва было мужчынскай справай — 77 працэнтаў занятых былі моцнага полу. Жанчыны даганялі іх толькі ў гандлі — ды ў гэтай сферы дамам удалося перахапіць толькі 44 працэнты.

А вось Алена Сакольчык, кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, сваё выступленне прысвяціла «прадпрымальнікам» іншага роду — «рыцарам зялёнага поля». Так у ХІХ стагоддзі называлі картачных шулераў. Назва пайшла ад зялёнага колеру сталоў. У той час у карты гулялі жанчыны і мужчыны, прадстаўнікі розных прафесій і ўзростаў, нават малыя, якія яшчэ не навучыліся вызначаць, дзе права і лева, без памылак называлі картачныя масці.

У канцы ХІХ стагодзя ў судзе разглядалася сенсацыйная справа, следчы працэс цягнуўся некалькі гадоў, усплывалі ўсё новыя выпадкі махлярства. А пачалося ўсё з простай заявы пакрыўджанага чалавека, якога абыгралі ў карты. Мужчына чакаў цягніка на вакзале ў Мінску, калі яго ўзялі ў абарот картачныя шулеры. Як пазней высветлілася, яны з немалым барышом дзейнічалі на розных чыгуначных станцыях, у тым ліку ў Маскве і Ноўгарадзе, мянялі знешнасць, прыдумвалі сабе амплуа, выкарыстоўвалі псіхалагічныя прыёмы, каб увайсці ў давер да будучых ахвяр. Так праз адну судовую справу можна даведацца пра жыццё горада, работу паліцэйскіх службаў, суда. А колькі яшчэ неразгледжаных дакументаў чакаюць сваіх даследчыкаў у архівах!..

Ганна ПЯТРОВА

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».