Вы тут

«Вас аб’ядноўвае адзін лёс — лёс нашай роднай Беларусі». Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды


Суайчыннікаў, якія вызначыліся ў сваёй працоўнай дзейнасці і праявілі свае найвышэйшыя чалавечыя якасці, ушаноўвалі ў Палацы Незалежнасці напярэдадні дзяржаўнага свята — Дня народнага адзінства. 


Адпаведны Указ «Аб узнагароджанні» кіраўнік дзяржавы падпісаў 9 верасня. Усяго высокіх узнагарод удастоены 160 прадстаўнікоў розных галін дзейнасці. Ордэны, медалі і ганаровыя званні з рук кіраўніка дзяржавы атрымалі найлепшыя настаўнікі, аграрыі, будаўнікі, журналісты, навукоўцы, артысты, рабочыя, ваеннаслужачыя. Узнагароды ім прысвоены за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, сярод узнагароджаных — беларусы, якія сваім талентам, працавітасцю дасягнулі вялікіх вышынь у вытворчай і творчай дзейнасці, у служэнні Радзіме і свайму народу.

«У Год гістарычнай памяці лічу важным падкрэсліць, што дзень 17 верасня вярнуўся ў наш святочны каляндар не толькі як напамін аб каштоўнасці свабоды і незалежнасці, але і як даніна эпосе, якая падарыла нам, беларусам, права заняць сваё месца на карце свету», — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Мы будзем памятаць пра гэта, як і тое, што мы адбыліся як народ, як нацыя, як дзяржава, перамаглі ў Вялікай Айчыннай вайне, адрадзілі краіну з попелу і нават апярэдзілі некаторых у засваенні космасу, ядзернай энергетыцы, біятэхналогій дзякуючы людзям працы. Людзям, якія заўсёды ставілі інтарэсы дзяржавы вышэй за асабістыя. Такім, як вы»..

Заслужаныя дзяржаўныя ўзнагароды — ордэны, медалі, званні — знайшлі сваіх герояў. «Вы ішлі да іх, як часта бывае ў жыцці, праз узлёты і падзенні, праз цяжкасці і перашкоды, але заўсёды ішлі сумленна і годна, — звярнуўся да ўзнагароджаных Аляксандр Лукашэнка. — У кожнага за плячыма — свая жыццёвая гісторыя і свой шлях. Усіх вас аб’ядноўвае адзін лёс — лёс нашай роднай Беларусі, слаўны летапіс якой мы з вамі працягваем. У маіх вачах кожная гісторыя заслугоўвае асобнага апавядання, асобных слоў падзякі. Але не ўсё, на жаль, можна агучыць». 

Асобна ён удзяліў увагу зусім юнаму грамадзяніну Беларусі, чалавеку з вялікім сэрцам. Медаль «За выратаванае жыццё» была ўручана Багдану Шэлегу, навучэнцу 8-га класа Макранскай сярэдняй школы. Прэзідэнт расказаў, што хлопчык на абпаленых руках вынес з агню дзвюх малодшых сясцёр. Разбіў акно і скокнуў у палаючы дом, не думаючы пра сябе. «Гэта будучыня. Такія героі павінны быць у Беларусі», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў узнагароджаных з надыходзячым святам — Днём народнага адзінства. «Няхай заслужаныя ўзнагароды і званні стануць чарговай прыступкай да новых прафесійных і творчых перамог у вашым жыцці», — пажадаў ён.

У тэму

Самы юны і бадай ці не самы смелы герой дня — вучань Макранскай сярэдняй школы (Маларыцкі раён) Багдан Шэлег — узнагароджаны медалём «За выратаванае жыццё». У лютым гэтага года 13-гадовы хлопчык выратаваў сваіх малодшых сясцёр. Раніцай, калі дзеці яшчэ спалі, а бацькі ўжо былі на працы, у доме здарыўся пажар. Хлопчык не разгубіўся, разбудзіў сясцёр Паліну і Еву і загадаў ім легчы на падлогу. Паколькі выйсці з дому праз ахоплены полымем калідор было немагчыма, Багдан разбіў рукой акно і выцягнуў дзяўчынак. У сваёй школе Багдан адразу стаў героем. Цяпер яго подзвіг ацанілі і на самым высокім узроўні. 

«Я моцна хваляваўся перад тым, як атрымаць узнагароду з рук Прэзідэнта, — прызнаўся Багдан. — У школе былі вельмі здзіўлены, калі даведаліся, што Прэзідэнт будзе ўручаць мне медаль. Калі б можна было ўсё вярнуць назад, у мяне не было шрамаў, я б не пацярпеў ад пажару і сёстры таксама. Я думаў пра тое, што я магу загінуць, але мне больш хацелася выратаваць сясцёр. У іх зараз усё добра, пра пажар не ўспамінаюць. І скажу шчыра, я сябе за гэта лічу героем, бо я выратаваў жыццё».

Аб прысваенні ордэна Пашаны майстар Віцебскага цэха вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Віцебскдругчормет» Юрый Раслякоў даведаўся ў свой дзень нараджэння — менавіта ў гэты дзень, 9 верасня, кіраўнік дзяржавы падпісаў адпаведны Указ. Прызнаецца, што такога падарунку за ўсё сваё жыццё не атрымліваў. Хвалявання не схаваць — атрымаць з рук Прэзідэнта такую высокую ўзнагароду надзвычай адказна і ганарова. І гэта нягледзячы на тое, што падобны вопыт ужо быў — гадоў 15 таму Юрый Раслякоў быў уганараваны медалём «За працоўныя заслугі», які таксама яму ўручаў Аляксандр Лукашэнка.

Юрый — чалавек вельмі сціплы. «Я працую не дзеля славы, — кажа ён. — Проста люблю сваю работу. Маё кіраўніцтва ў курсе, што я на работу іду як на свята». За плячыма Юрыя Раслякова — 39 гадоў працы на прадпрыемстве. У свой час як прыйшоў сюды адразу пасля арміі рабочым, так і застаўся, аб чым ніколькі не шкадуе, хоць, прызнаецца, былі розныя прапановы аб працаўладкаванні. «Работу проста трэба палюбіць», — дзеліцца ён сакрэтам бесперапыннага стажу на адным працоўным месцы. 

Цырымонія ўзнагароджання — даволі хвалюючая падзея нават для людзей у пагонах. Начальнік Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Сяргей Жылінскі не раз атрымліваў з рук кіраўніка дзяржавы ўзнагароды. Праўда, дагэтуль былі медалі. Цяпер на яго парадным кіцелі з’явіўся першы ордэн — «За службу Радзіме» III ступені. 

«Гэта заслуга ўсяго майго калектыву, выпускнікоў Інстытута пагранічнай службы, якія сёння годна выконваюць задачы па ахове Дзяржаўнай граніцы нашай краіны, — заўважыў Сяргей Жылінскі. — Выхоўваць будучых пагранічнікаў — вельмі адказна. Сённяшнія нашы выпускнікі сутыкаюцца з сур’ёзнымі выклікамі бяспекі для нашай краіны, і яны першымі прымаюць рашэнне па недапушчэнні шматлікіх правакацый і парушэнняў на Дзяржаўнай граніцы».

Вераніка КАНЮТА

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».