Вы тут

Ад калодзежа да дома. Як «Мінскводаканал» мяняе каналізацыйныя трубы


Сёлета ў сталіцы плануецца замяніць больш за 18,5 кіламетра каналізацыйных труб, і штогод гэтая лічба павялічваецца, сведчаць супрацоўнікі прадпрыемства «Мінскводаканал». Пакрысе ўсе трубы ў Мінску павінны быць заменены на пластыкавыя, якія гарантавана праслужаць гадоў 50 і больш.


Замена каналізацыйных труб — працэс шматступеньчаты.

Скрозь зямлю

Мяняюць трубы, як правіла, бестраншэйным спосабам, не парушаючы інфраструктуру, то-бок, новыя сеткі працягваюцца наўпрост скрозь старыя — пад зямлёй. Карэспандэнт «Звязды» паназірала, як гэта робіцца ў Аўтазаводскім раёне сталіцы ў ваенным гарадку Сосны.

— Мы ўваходзім ў каналізацыйную трасу праз калодзеж і рухаемся па шляху пракладзенай старой трубы дыяметрам 150 мм, — расказвае Сяргей Бойка, слесар аварыйна-аднаўленчых работ «Мінскводаканала». — Бурыльны малаток расколвае існуючыя камунікацыі, пасля расшыральнік павялічвае прастору ў траншэі, а следам цягнецца плець — злучаныя паміж сабой кавалкі пластыкавай трубы даўжынёй 65 см і дыяметрам 225 мм, якая і становіцца новай камунікацыяй. І так да наступнага каналізацыйнага калодзежа.

Прывезенае абсталяванне трэба рагрузіць і агарадзіць месца работ.

Кожны адкрыты калодзеж абавязкова праветрываецца.

Нарыхтоўкі для труб наразаюць з шасціметровых канструкцый самі воднікі і робяць на іх насечкі, каб кавалкі злучаліся ў адну сетку. Старыя трубы рабіліся з розных матэрыялаў: кераміка, азбест, чыгун — усе іх можна разбіць, і іх кавалкі застаюцца пасля гэтага ў зямлі, тым самым надаючы новым камунікацыям своеасаблівую дадатковую абалонку. А вось калі сустракаюцца месцы, дзе калісьці былі правалы і дзе падчас рамонту ўкладвалі металічныя трубы, даводзіцца раскопваць паверхню і выцягваць старыя камунікацыі.

Праветрыванне, замер, замена

Перш чым пачынаць работы, кожны каналізацыйны калодзеж пасля адкрыцця праветрываюць. Робяць першы замер на наяўнасць унутры метану, прапану, кіслароду. Праз 15 хвілін замяраюць другі раз. Бяспечна спускацца ўнутр, калі аб'ём кіслароду ў калодзежы 18—20 %, падзяліўся Сяргей Бойка:

Газааналізатарам замяраецца наяўнасць у калодзежы газаў і кіслароду.

— Калі кіслароду менш за 18 % або больш за 23 %, лезці ў калодзеж небяспечна. Калі газааналізатар паказвае, што ў калодзежы газы або недастаткова кіслароду, то прадзімаем калодзеж. Калі і гэта не дапамагае дасягнуць патрэбных паказчыкаў — ставім выцяжку. Калі і гэта не спрацоўвае — шукаем, адкуль ідзе газ.

Калодзежы, дарэчы, таксама бываюць розныя. Збудаваныя пасля вайны, напрыклад, маюць глыбіню ўсяго 0,5—0,6 метра і такі ж дыяметр і сустракаюцца, як правіла, у цэнтры сталіцы. Найчасцей за ўсё калодзежы маюць глыбіню 2-2,5 метра, аднак сустракаюцца і 10-метровыя канструкцыі (прыёмачныя калектары).

Спецыяліста, які спускаецца для працы ў калодзеж, заўжды страхуюць тыя, што на паверхні. Яны сочаць, каб чалавек не страціў прытомнасць у калодзежы ці не захрас.

Перад пракладкай новых камунікацый з калодзежа вымаюць бруд і кавалкі старых разбіваемых прылад — так званых палічак. Пасля пракладкі новых труб іх у калодзежы зробяць нанова.

— Пры замене каналізацыйных труб старое кальцо вузкага калодзежа дэманціруецца і на яго месца ставіцца новае. Наша абсталяванне ўвогуле ў такія кольцы не ўлезе, паколькі яно мае дыяметр 85—90 см, а больш новыя малаткі ў зборы — увогуле 1,2 метра, — патлумачыў Аляксей Станкевіч, мантажнік вонкавых трубаправодаў 5-га разрада ўчастка будаўніцтва сетак каналізацыі «Мінскводаканала». — А, бывае, сустракаюцца калодзежы глыбінёй метры чытары, выкладзеныя з цэглы. Такія канструкцыі нагадваюць бутэльку, бо звужаюцца каля паверхні. Гэтыя калодзежы таксама мяняюць на сучасныя бетонныя.

Усяго ў сталіцы функцыянуе 2000 кіламетраў каналізацыйных сетак, і штодня ствараецца каля 460 тысяч м3 сцёкавых вод.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.