Вы тут

Пашырэнне правоў жанчын — гарант развіцця дзяржавы


Саміт, які сёлета праходзіў з 8 да верасня ў Ташкенце, аб'ядноўвае жанчын, якія займаюць вышэйшыя кіруючыя пасады ў парламентах. Удзельніцы саміту «Парламенцкае лідарства: прадбачачы рызыкі дзеля лепшага забеспячэння ўстойлівасці і росквіту» абмяняліся думкамі і вопытам па такіх актуальных пытаннях міжнароднага і нацыянальнага парадкаў дня, як ліквідацыя рызык у працэсе глабальнага аднаўлення пасля пандэміі, прадухіленне пагроз, звязаных з тэхналогіямі, абарона правоў чалавека і гендарнай роўнасці ў свеце тэхналогій і інш.


— Азіраючыся назад, сёння можна ўпэўнена казаць аб тым, што пандэмія COVІD-19 паказала нам, як яна здольна тармазіць глабальныя палітычныя працэсы і правакаваць новыя крызісы, — адзначыла старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна Рунец. — З гонарам хачу адзначыць, што абраная Беларуссю мадэль рэагавання і падтрымкі ў пандэмію — без увядзення татальных забарон, лакдаўнаў і каранцінных мер — даказала сваю эфектыўнасць. Устойлівае ж аднаўленне пасля пандэміі будзе ў значнай ступені залежаць ад міжнароднага супрацоўніцтва і салідарнасці дзяржаў, і ў першую чаргу ад наяўнасці справядлівай, адкрытай і празрыстай гандлёвай сістэмы без эканамічных санкцый, ціску і ўмяшання ва ўнутраныя справы.

Па словах члена Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Кацярыны Серафіновіч, пандэмія каранавіруса прымусіла ўвесь свет усвядоміць важнасць працэсаў лічбавізацыі і пачаць у паскораным рэжыме перабудоўваць жыццядзейнасць чалавека на новы лічбавы ўклад. «У сучасных рэаліях інтэрнэт з'яўляецца найважнейшым элементам жыцця, — лічыць парламентарый. — Разам з тым яго імклівае развіццё дае шырокія магчымасці як для прагрэсу, так і адначасова для выкарыстання тэхналогій у злачынных мэтах. Менавіта гэты факт стаіць за ўсплёскам так званых інфармацыйных і гібрыдных войнаў, кампаній па дэзынфармацыі і распальванні нянавісці. Сёння наспела вострая неабходнасць у выпрацоўцы дакладнай міжнароднай прававой базы ў сферы інфармацыйнай бяспекі. Яе стварэнне будзе садзейнічаць у тым ліку эфектыўнаму супрацьдзеянню дэзынфармацыі і распальванню нянавісці ў інтэрнэце і афлайн».

14-ы Саміт жанчын-спікераў парламентаў праводзіўся ў дзясятую гадавіну Плана дзеянняў Міжпарламенцкага саюза для парламентаў, якія ўлічваюць гендарныя аспекты. Спецыяльны сегмент мерапрыемства даў магчымасць паразважаць аб тым, ці пачалі парламенты ўлічваць гендарныя аспекты больш, ці сталі яны больш інклюзіўнымі, эфектыўнымі і моцнымі інстытутамі, якія могуць забяспечваць устойлівасць і росквіт для ўсіх.

Даслоўна

«З гонарам хачу адзначыць, што ў Беларусі роля і значэнне жанчын нязменна расце. Мы ўваходзім у 27 краін свету, якія дасягнулі мэтавага паказчыка па ўдзеле жанчын у прыняцці кіраўніцкіх рашэнняў. У гендарнай структуры дзяржаўных служачых, гэта значыць людзей, якія вызначаюць сучаснае аблічча Беларусі, фарміруюць умовы для росту эканомікі і развіцця сацыяльнай сферы, удзельная вага жанчын перавышае 70 працэнтаў, у тым ліку на кіраўніцкіх пасадах — каля 60 працэнтаў. У беларускім парламенце доля жанчын складае каля 35 працэнтаў. Для параўнання: сярэдні сусветны ўзровень прадстаўніцтва жанчын у замежных парламентах — 24,5 працэнта.

Прыведзеныя вышэй факты ў поўнай меры карэлююць з тым, што Беларусь падтрымлівае прапанаванае да абмеркавання сцвярджэнне: парламент, які ўлічвае гендарныя аспекты, можа праводзіць гендарна-адчувальную парламенцкую дыпламатыю, супрацоўніцтва ў мэтах развіцця і праводзіць мірную палітыку», — падкрэсліла Таццяна Рунец.

«Пытанні пашырэння правоў і магчымасцяў жанчын з'яўляюцца цэнтральнымі для працэсаў развіцця і забеспячэння стабільнасці дзяржавы. Менавіта таму мы, парламентарыі, канцэнтруемся на дзейсных заканадаўчых інструментах, якія ў кароткай доўгатэрміновай перспектыве забяспечаць роўны ўдзел жанчын у эканамічнай, грамадска-палітычнай і культурнай сферах», — адзначыла Кацярына Серафіновіч.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.