Вы тут

Не захаваўшы спадчыну продкаў, можна страціць і будучыню - Сергеенка


Не захаваўшы пакінутую нашымі продкамі спадчыну, у перспектыве можна страціць і будучыню. Такое меркаванне выказаў сёння кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка ў час пасяджэння Бярозаўскага райвыканкама, перадае БелТА.


«У свеце цяпер сур’ёзныя эканамічныя праблемы, санкцыі, абвастрэнне міжнароднай абстаноўкі. Недалёка ад нас у шэрагу рэгіёнаў праходзяць ваенныя дзеянні. Мы сёння абмяркоўваем, як захаваць гісторыка-культурную спадчыну. Можа здацца, што мы адарваныя ад жыцця ідэалісты. Гэта не так. Не захаваўшы тое, што створана нашымі продкамі, у перспектыве можна страціць і будучыню, — падкрэсліў Ігар Сергеенка. — Не проста так выспела ідэя назваць гэты год Годам гістарычнай памяці. Гэта ўсё зыходзіла са стасункаў з рознымі калектывамі ў розных рэгіёнах краіны».

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта звярнуў увагу, што беларусы сталі адзначаць новае дзяржаўнае свята — Дзень народнага адзінства. «Не ўсе разумеюць, што гэта за дзень у гісторыі нашай краіны. Моладзі трэба тлумачыць і расказваць пра падзеі 17 верасня. Нараўне з Днём Незалежнасці, Днём Перамогі, па сутнасці справы, гэта трэцяе па значнасці дзяржаўнае свята», — дадаў Ігар Сергеенка.

У прыватнасці, падзеі 17 верасня пераплецены з гісторыяй Бярозаўскага раёна. У Бярозе-Картузскай у 1934-1939 гадах размяшчаўся канцэнтрацыйны лагер. Там былі заключаны людзі, якія выказвалі сваю нязгоду з польскай уладай. Лагер спыніў сваё існаванне 17 верасня 1939 года. На яго месцы ў сярэдзіне мінулага стагоддзя ў памяць аб вязнях устанавілі абеліск. У мінулым годзе да мемарыяла дабавілі дзве гранітныя пліты, выява на якіх нагадвае аб сценах і калючым дроце канцлагера. Ігар Сергеенка ўсклаў кветкі да памятнага знака і ўшанаваў памяць ахвяр.

Побач з манументам стаіць будынак так званых чырвоных казарм. Там якраз размяшчаўся канцлагер. Год таму на першым паверсе стварылі часовую экспазіцыю, цяпер — пастаянную ўжо. Для наведвання адкрыты тры залы. У адной з іх адноўлена абстаноўка карцара, у другой — камеры вязняў. На выставе сабраны арыгінальныя фатаграфіі і дакументы, транспаранты і лістоўкі, успаміны і асабістыя рэчы вязняў. Прадстаўлены макет, на якім можна ўбачыць асноўныя будынкі канцлагера. Адчуць драматызм таго, што адбывалася ў тыя гады, дапамагаюць таксама праектар, мультыборды, акуляры віртуальнай рэальнасці. Наведвальнікі могуць скарыстацца аўдыягідам. Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей выкарыстаў свае фонды. Матэрыяламі з калегамі падзяліліся Нацыянальны гістарычны і Брэсцкі абласны краязнаўчы музеі.

«Вам ёсць на чым вучыць гісторыі і паказваць. Гэта можа быць карысна не толькі моладзі раёна, але жыхарам Брэсцкай вобласці і ўсёй краіны», — сказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

На пасяджэнні райвыканкама ўдзялілі ўвагу гісторыка-культурнай спадчыне, а таксама падрыхтоўцы кадраў і ідэалагічнай рабоце ў калектывах. «Ідэалагічная работа паняцце шматграннае. Гэта не толькі правядзенне адзіных дзён інфармавання, але і веданне абстаноўкі ў калектыве, аказанне дапамогі ў вырашэнні жыллёвых або іншых пытанняў, выхаванне на традыцыях. Павінны працаваць людзі неабыякавыя, — лічыць Ігар Сергеенка. — З людзьмі на месцах трэба працаваць, а не адмахвацца. Праблема сама не разыдзецца, калі яна ёсць у чалавека (асабістая яна або звязаная з грамадскай пазіцыяй). Трэба даводзіць, вучыць і вырашаць, каб людзі бачылі аддачу».

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта сёння наведае таксама ўрочышча Бронная Гара. Там на месцы брацкай магілы ахвяр фашызму плануюць стварыць мемарыяльны комплекс. У гады Вялікай Айчыннай вайны гітлераўцы прывозілі туды з розных гарадоў мірных жыхароў, большасць з якіх былі яўрэямі. Людзей заганялі ў ямы і там расстрэльвалі. Каб скрыць сляды злачынстваў, у сакавіку 1944 года акупанты прымусілі палонных выкопваць і спальваць целы забітых. Ва ўрочышчы былі расстраляны больш за 51 тыс. чалавек.

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.