Вы тут

Найлепшы каваль Беларусі жыве ў Мсціславе і ашчадна захоўвае і развівае старажытныя кавальскія тэхналогіі


У старажытным Мсціславе да нашага часу не захаваўся замак, тым не менш жыве легенда пра яго і гарадзішча, што ў народзе называецца Замкавай гарой. На гэтай гары кожны год адбываюцца знакамітыя рыцарскія фэсты. Адзін з удзельнікаў гістарычных рыцарскіх рэканструкцый жыве ў гэтым сярэднявечным горадзе і падчас свята надзявае жалезныя латы, кальчугу, шлем, бярэ меч і шчыт, падымаецца на гару і далучаецца да іншых ваяроў. Гэта мясцовы саракадвухгадовы каваль Сяргей Кудзікаў, адзіны на ўсё наваколле рамеснік па традыцыйнай коўцы, які ашчадна захоўвае і развівае старажытныя кавальскія тэхналогіі. Член Саюза майстроў народнай творчасці Беларусі, кіраўнік дзіцячага аб'яднання «Майстар і метал» пры раёным Доме рамёстваў і кіраўнік клуба гістарычнай рэканструкцыі «Мсціслаўская харугва», ён стварае рыцарскія даспехі і гістарычную зброю, робіць мастацкія эксклюзіўныя ўпрыгажэнні для інтэр'еру і побыту. Мне выпаў гонар прысутнічаць у самым сэрцы працы Замкавага (так яго цяпер называюць) каваля — яго кузні, паглядзець, як лёгка і спорна ён спраўляецца з нагрэтым да чырвані металам, адчуць творчую атмасферу і той непараўнальны водар, які ўтварае металічная акаліна, агонь і вада, куды апускаецца гарачы метал.


— Калі ў старажытнасці ў Мсціславе быў замак, значыць былі і кавалі, — упэўнена сцвярджае Сяргей, адкладваючы ўбок молат і выціраючы са скроняў кроплі поту. — Мясцовая кавальская традыцыя не павінна знікнуць. Але я хачу, каб мае землякі не цураліся сваёй слаўнай мінуўшчыны, займаліся рамёствамі, удзельнічалі ў нашым брэндавым свяце.

Сяргей Кудзікаў у кавальстве амаль дзесяць гадоў. Перад гэтым працаваў майстрам вытворчага навучання па інфарматыцы і ЭВМ у мясцовым будаўнічым каледжы. Калі пачалася эра рыцарскіх фэстаў, яго моцна «прыкавала» гэтая нязведаная дагэтуль стыхія.

Пачынаў як «кравец» рыцарскага абмундзіравання, пазней у кавальскіх справах спакваля дасягаў досведу і сапраўдных вышынь. «Каваль — усім рамёствам бацька», — часта гаворыць Кудзікаў. За сваё ўмельства і ўдзел у грамадскім жыцці Сяргей быў уганараваны званнем «Чалавек года» горада Мсціслава.

Ён часта прымае ўдзел у святах самадзейных майстроў, двойчы перамагаў на фестывалях «Вясновы букет» у Мінску, летась у Бялынічах на Дні беларускага пісьменства атрымаў Гран-пры, а сёлета на фестывалі «Славянскі базар» у наміцыі «Захаванне старажытных тэхналогій» стаў найлепшым кавалём Беларусі.

Калі прыходзіць час чарговага рыцарскага фэсту, Сяргей закрывае кузню і на некалькі дзён жыве ў іншым — гістарычным — вымярэнні. А гэты год у мсціслаўскага каваля ўвогуле асаблівы: ён стаў студэнтам-першакурснікам завочнага аддзялення факультэта Беларускай акадэміі культуры і мастацтваў.

Анатоль КЛЯШЧУК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?