Вы тут

Сенатары з усёй Беларусі пра сваё стаўленне да Дня народнага адзінства


Аб неабходнасці гэтага свята казалі даўно. Беларусам патрэбен быў дзень, які сімвалізуе яднанне беларускай нацыі, падзяліць якую спрабавалі на працягу ўсёй нашай гісторыі. І калі раней па розных прычынах гэта атрымлівалася, то падзеі сучаснасці прадэманстравалі, што ў XXІ стагоддзі падзяліць, раз'яднаць, пасварыць беларускі народ немагчыма.


На VІ Усебеларускім народным сходзе, які адбыўся ў лютым 2021 года, рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Вячаслаў Даніловіч прапанаваў заснаваць Дзень народнага адзінства і выбраць паміж дзвюма датамі: 17 верасня і 14 лістапада. Тое, што яна будзе звязана з адной гістарычнай падзеяй — уз'яднаннем беларускага народа ў выніку вызваленчага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнуюю Беларусь у 1939 годзе, — ніхто не сумняваўся.

Дату 14 лістапада грамадства не падтрымала (праводзілася адпаведнае галасаванне), хоць менавіта ў гэты дзень у далёкім 1939 годзе на пазачарговай сесіі Вярхоўны Савет БССР прыняў Закон «Аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад БССР». Аднак не юрыдычнаму афармленню аб'яднання Беларусі адалі перавагу сённяшнія грамадзяне краіны. У генетычнай памяці беларусаў больш яскрава адлюстравалася іншая дата — 17 верасня. У 1939 годзе ў гэты дзень пачалося аб'яднанне Заходняй Беларусі і БССР.

Спачатку, у канцы 1940-х гадоў, 17 верасня з'яўлялася асаблівым днём для беларусаў. У гонар гэтай даты называліся вуліцы, праводзіліся ўрачыстасці. Затым пра гэты дзень, а самае галоўнае, пра яго значэнне, як быццам забыліся — тагачасныя саюзныя кіраўнікі лічылі, што не варта нагадваць суседняй сацыялістычнай Польшчы аб не зусім прыемным для яе перыядзе гісторыі. Аднак чаму ва ўгоду камусьці мы павінны былі замоўчваць адметны факт сваёй гісторыі?!

Як падчас Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прыйшоў час расставіць акцэнты ў мінулым для абароны будучыні. «Новы статус лёсавызначальнай для беларусаў даты — 17 верасня — стаў актам гістарычнай справядлівасці, — пакрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Гэтае свята заслужана стаіць нароўні з Днём Перамогі і Днём Незалежнасці. І гэта не проста даніна памяці, памяці ўз'яднання беларускага народа пасля двух дзесяцігоддзяў замежнай акупацыі. Мы ўвекавечылі сімвал, найважнейшы для разумення геапалітычных пагроз, якія і праз сотню гадоў не страчваюць сваёй актуальнасці».

У Год гістарычнай памяці Дзень народнага адзінства загучаў яшчэ больш яскрава. Наша гісторыя, памяць — менавіта тое, што яднае беларусаў, якія, нягледзячы на шматлікія выпрабаванні, здолелі захаваць сваю самабытнасць і самастойнасць.

Што дата 17 верасня азначае для гісторыі нашага народа і дзяржавы, чаму яе варта адзначаць і што рабіць, каб гэты дзень стаў сапраўдным святам у свядомасці людзей, мы распыталі членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу, якія працуюць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.

Вераніка КАНЮТА


Адзінства дае народу шанц на будучыню

Ігар Гедзіч, член Савета Рэспублікі, дырэктар Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра вызначыў галоўныя, на яго думку, аспекты Дня народнага адзінства.

17 верасня як гістарычная падзея

— Я ўспрымаю гэту дату як момант, што сімвалізуе гістарычную справядлівасць, што вярнулася на нашу зямлю. Менавіта 17 верасня 1939 года спынілася паланізацыя нашага насельніцтва. Хаця і зараз польская эліта падагравае свае амбіцыі па вяртанні былых земляў і ўтварэнні трэцяй так званай Рэчы Паспалітай. Бо інакш чым патлумачыць з'яўленне ў польскіх цягніках карты з новымі граніцамі, куды ўваходзяць беларускія Брэст, Гродна, украінскі Львоў? Мяркуючы па гэтым, польскія дзеячы не могуць прыняць факт нашай незалежнасці і выношваюць свае амбіцыйныя планы па далучэнні гэтых тэрыторый. Нездарма яны выступілі ў падтрымку тых санкцый, якія прыняў «калектыўны захад».

Мне як сенатару даводзіцца часта сустракацца з моладдзю, праводзіць гутаркі. І магу канстатаваць, што многім маладым не хапае ведаў, нават аб тых жа падзеях 1939 года. І тут не трэба далёка хадзіць па прыклад. Мая бабуля расказвала, што ў яе вёсцы польская пані забараняла ім размаўляць на беларускай мове. Яны павінны былі гаварыць толькі па-польску. І ў краму заходзілі тады, калі там не было польскіх чыноў. Палітыка была скіравана на асіміляцыю, паланізацыю і ніяк інакш.

Памятныя мясціны

У Гродне нямала знакавых аб'ектаў, звязаных з гэтай датай. Адна з вуліц носіць назву 17 верасня. Аб гістарычных падзеях сведчаць помнікі і вуліцы ў гонар тых, хто загінуў пры вызваленні горада ў 1939 годзе. Гэта як байцы Чырвонай Арміі, так і мясцовыя жыхары. Да таго ж значную ролю адыграла і падпольная барацьба на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Знакаміты Стары мост у Гродне быў адноўлены ў 1949 годзе да 10-годдзя гэтай памятнай даты. І вельмі важна, што дата вярнулася ў наша грамадскае жыццё і набыла статус дзяржаўнага свята.

Бо раней мы неяк саромеліся гэтый даты, каб каго-небудзь не пакрыўдзіць. Беларусы, як вядома, народ талерантны. Але зараз час іншы. Мы выразна фарміруем свае гістарычныя арыенціры, і дата 17 верасня якраз і з'яўляецца адным з такіх арыенціраў. Бо што можа быць важней для краіны, чым народнае адзінства?

Крок да нацыянальнай ідэі

Для нас сёння як ніколі важна быць адзінымі, згуртаванымі, разумець неабходнасць суверэнітэта дзяржавы. А ў яго аснове ляжыць у першую чаргу эканамічны складнік. Таму нам трэба працаваць, кожнаму займацца сваёй працай. Толькі на такім падмурку можна будаваць незалежную дзяржаву.

Мы даўно вядзём гаворку па фарміраванні нацыянальнай ідэі. І Прэзідэнт аб гэтым неаднаразова заяўляў. Мабыць, гэта ідэя яшчэ не зусім саспела, гэта доўгі працэс. І тое, што вызначана канкрэтнае свята — Дзень народнага адзінства, — значны крок да развіцця той самай нацыянальнай ідэі. Тут ключавое паняцце — адзінства. Такі ж прынцып быў закладзены і 17 верасня 1939 года, калі дзве часткі Беларусі аб'ядналіся ў адну краіну. Гэты прынцып павінен развівацца і надалей. Цяпер мы рухаемся далей, па ўзыходзячай. Па-першае, нам трэба ведаць сваю гісторыю, па-другое, не саромецца выказваць свае наратывы. Нам няма чаго саромецца, наадварот, у беларусаў нямала нагод для гонару. Аб гэтым варта заяўляць у поўны голас.

Ёсць свяшчэнныя сімвалы, якія ніколі не страцяць сваёй значнасці. Гэта Радзіма, сям'я, сяброўства. Я б яшчэ дадаў: школа, праца, людзі навокал. І, вядома, гэта законы краіны, у першую чаргу Канстытуцыя. Гэта той базіс, які забяспечвае жыццяздольнасць грамадства і дзяржавы. Лічу, што зараз вельмі важна ўмацоўваць сямейныя каштоўнасці, берагчы сямейныя традыцыі, не паддавацца дэструктыўным плыням псеўдадэмакрататычных тэхнолагаў.

Патрыятычны рух

Зараз тэме адзінства ўдзяляецца вялікая ўвага, у краіне праходзіць шмат мерапрыемстваў да гэтай даты. Адбудзецца нямала дыялогавых пляцовак, у тым ліку ў Гродзенскай вобласці, на якіх якраз і будзем размаўляць з моладдзю на ўсе гэтыя тэмы. Трэба займацца папулярызацяяй нашых вехавых падзей, якія ў значнай ступені садзейнічалі фарміраванню сучаснага грамадства. Бо, калі мы самі не будзем аб гэтым казаць, людзі будуць шукаць інфармацыю ў іншых крыніцах, і не ўсе гэтыя крыніцы будуць праўдзівыя.

Сёлета Гродзенскі абласны драматычны тэатр зрабіў пастаноўку па п'есе Андрэя Макаёнка «Трыбунал». У нас ёсць даволі шырокі попыт на гэты спектакль сярод школьнікаў. Гэта такі сумесны праект з адукацыяй. Спектакль не стаціў актуальнасці. Ён аб сапраўдным патрыятызме, гэта спектакль з глыбокім падтэкстам, які прымушае задумацца аб сапраўдных каштоўнасцях грамадства.


Галоўны абавязак — працаваць на карысць Радзімы

Аляксандр Карпіцкі, член Савета Рэспублікі, галоўны ўрач Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы, доктар медыцынскіх навук:

Аляксандр Карпіцкі з ветэранам вайны, франтавіком Вадзімам Сіняком з вёскі Камянюкі Камянецкага раёна.

— Свята, якое мы будзем адзначаць на гэтым тыдні, для нас новае, адзначаецца ўсяго другі раз, і толькі пачынае ўкараняцца ў жыццё, напаўняцца сэнсамі, традыцыямі, падзеямі — тым зместам, які паступова зробіць гэты дзень адметным. Свята народнага адзінства, несумненна, мае нашмат большы сэнс, чым проста дзень уз'яднання ўсходняй і заходняй частак Беларусі. Мы гаворым аб адзінстве нацыі, якое грунтуецца на агульнай гісторыі, менталітэце, звычках і традыцыях народа.

З усяго пералічанага і выбудоўваецца наша нацыянальная адметнасць, на якой узрастае адзінства. Нездарма ж складнікамі беларускага менталітэту заўсёды былі талерантнасць, спагада, гатоўнасць прыйсці на дапамогу. Беларуская талерантнасць — гэта ўжо свайго роду брэнд. На нашай зямлі спакон вякоў жылі людзі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў. Прычым жылі ў згодзе, разам працавалі, а беларусы ніколі не падкрэслівалі свае перавагі, не прыціскалі іншых, наадварот, служылі прыкладам узаемапавагі і добрасуседства. Ну а наконт спагады, умення спачуваць чужой бядзе: наш народ можа быць нават узорам для іншых. Вось і цяпер мы прымаем украінскіх бежанцаў, і не проста прымаем — дапамагаем наладзіць жыццё, дапамагаем з работай, жыллём, прадстаўляем пэўныя сацыяльныя гарантыі.

Як і нашы продкі, мы шануем сваю гісторыю і людзей старэйшага пакалення. Калі сёлета, а таксама ў мінулым годзе ў якасці сенатара наведваў ветэранаў вайны, сустракаўся з малалетнімі вязнямі, меў магчымасць упэўніцца, што гэтых людзей не пакідаюць без увагі ўсе слаі грамадства. Шаноўныя ветэраны расказвалі аб сустрэчах са школьнікамі, моладдзю, прадстаўнікамі мясцовай улады. І гэта вельмі важна. Я таксама стараюся заўсёды зайсці ў школу, пагаварыць з вучнямі. І кожны раз адчуваю актуальнасць такіх сустрэч. Калі раслі мы, вакол яшчэ многа было ветэранаў, мы ведалі пра вайну з першых вуснаў. Цяперашнія дзеці ведаюць пра яе з фільмаў, інтэрнэту, радзей з кніг. Неабходна расказваць ім, тлумачыць, гутарыць на гэтыя тэмы. Не проста важна — архіважна тое, якія кнігі яны чытаюць, як успрымаюць інфармацыю. Гісторыя, агульнае мінулае, гонар за продкаў — тое, што здольна аб'ядноўваць нацыю.

Як і агульнае ўсведамленне адзінства правоў і абавязкаў грамадзяніна. Несумненным здабыткам нашай дзяржавы з'яўляецца даступнасць медыцынскага абслугоўвання. Любы чалавек з аддаленай вёскі, калі яму патрабуецца нават самае высокатэхналагічнае лячэнне, напрыклад, аперацыя, можа на яе разлічваць. Нашы школьнікі маюць магчымасць атрымаць належную адукацыю незалежна ад даходу сям'і. А каб гэта ўсё надалей працавала, умацоўвалася, мы павінны памятаць пра галоўны абавязак — працаваць на карысць Радзімы.


Разам мы справімся з усімі цяжкасцямі

Фелікс Яшкоў, член Савета Рэспублікі, начальнік Гомельскай мытні:

— Дата 17 верасня ў нашай нацыянальнай гісторыі сапраўды вельмі знакавая. Яшчэ нядаўна для тых, хто нарадзіўся ў Савецкім Саюзе, прынцыпы міру, праўды і памяці аб Вялікай Айчыннай вайне былі непарушныя і відавочныя. Цяпер так званая заходняя цывілізацыя спрабуе прымусіць нас забыць сваю гісторыю і ператварыцца ў людзей другога гатунку. Такое дапусціць нельга. Цаной намаганняў нашых продкаў, дзякуючы нашаму Прэзідэнту і працы беларускага народа сёння мы жывём у мірнай квітнеючай дзяржаве. «Мы, беларусы, мірныя людзі, сэрцам адданыя роднай зямлі» — словы нашага Дзяржаўнага гімна цалкам адлюстроўваюць сутнасць беларусаў. Тут няма чаго дадаць. Словы «Радзіма», «народ», «родны» аднакарэнныя і нясуць у сабе сімвалы сям'і, адзінства, узаемаразумення і ўзаемадапамогі. Усё гэта мы — беларусы — талерантны і міралюбівы народ, які беражліва захоўвае гістарычную памяць, заснаваную на праўдзе і справядлівасці.

Святкуючы Дзень народнага адзінства, мы чарговы раз падкрэсліваем, што шануем і захоўваем традыцыйныя каштоўнасці, якія аб'ядноўваюць наш народ. Гэта перш за ўсё — жыць у міры і згодзе, працаваць, гадаваць і выхоўваць дзяцей... Для мяне асабіста Дзень народнага адзінства — сімвал таго, што мы ўсе разам, адзіным народам нашай краіны рухаемся па шляху цывілізаванага развіцця, разам пераадольваем цяжкасці, а часам і цяжкія гістарычныя падзеі, але аддаём свой голас за мір, росквіт і спакой у нашай краіне. Дзень народнага адзінства — вернасць традыцыям і маральным каштоўнасцям, любоў да Радзімы, адкрытасць і сумленнасць. Дзень народнага адзінства — гэта гонар за нашы дзяржаўныя сімвалы, якія так яскрава і дакладна раскрываюць гісторыю і адлюстроўваюць суверэнітэт беларускага народа.

Перакананы, што гэта дзяржаўнае свята абавязкова варта шырока адзначаць у працоўных калектывах, са сваёй сям'ёй, з сябрамі, дарагімі і блізкімі людзьмі. Бо калі будзе паразуменне і ўзаемапавага паміж усімі намі, тады і ў вялікай рэспубліканскай сям'і будзе парадак. Між тым святкаванне Дня народнага адзінства — стымул для ўмацавання грамадзянскай свядомасці і згуртаванасці, стымул аб'яднання людзей усіх пакаленняў. Бо толькі разам мы — надзейнае звяно ў ланцугу захавання гістарычнай памяці, недапушчэння прыніжэння гераізму і заслуг нашага народа. Толькі аб'яднаўшы намаганні, мы справімся з усімі цяжкасцямі».


«Мы, беларусы, адчуваем сябе як вялікая дружная сям'я

Наталля Якубіцкая, член Савета Рэспублікі, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў:

— Дзень народнага адзінства — свята хоць і маладое, але вельмі значнае для беларусаў. Яно сапраўды аб'ядноўвае людзей, і гэта немагчыма не адчуваць. «У грамадстве адчуваецца згуртаванасць, агульнасць поглядаў і інтарэсаў. Для нас народнае адзінства — гэта ўсведамленне людзьмі сваёй роднасці. Мы, беларусы, адчуваем сябе як вялікая дружная сям'я. Мы стараемся захаваць свае традыцыі і прымножыць іх. Мы традыцыйна праяўляем памяркоўнасць, гасціннасць, міласэрнасць, разуменне. Мы шчыра імкнёмся да дабра. Народнае адзінства абавязвае нас жыць, не падзяляючы людзей па нацыянальнай, рэлігійнай ці іншым прыкметах.

Наталля Якубіцкая заўважыла, што беларусы ва ўсе часы імкнуліся жыць у міры і сяброўстве. Заўсёды з павагай ставіліся да ўсіх нацыянальнасцяў, рэлігій, культур. «І для нас гэта прыярытэт. Наш народ у ліку першых на постсавецкай прасторы стаў на шлях народнага адзінства. Дзякуючы гэтаму курсу, вызначанаму нашым Прэзідэнтам, мы збераглі сваю краіну ад шматлікіх бед і ўзрушэнняў. Беларусаў аб'ядноўвае мудрасць, талерантнасць і прыязнасць», — адзначыла сенатар.

Наталя Якубіцкая заўважыла, што сёлета Дзень народнага адзінства асабліва сімвалічна адзначаецца ў Год гістарычнай памяці, бо агульная гістарычная памяць — гэта падмурак народнага адзінства. «Нам ёсць на чым будаваць нашу будучыню. А будучыню мы будуем на памяці, на сваёй гісторыі, на памяці пра Вялікую Айчынную вайну. Цяпер шмат што робіцца, каб захаваць гістарычную памяць. І мы не будзем спыняць гэтую работу, паколькі яна патрэбная ўсяму беларускаму народу», — сказала яна.

Старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў адзначыла, што народнае адзінства — гэта еднасць розных пакаленняў беларусаў, згуртаванасць кожнай асобнай сям'і і ўсёй краіны ў цэлым. Таму Дзень народнага адзінства — свята не толькі дзяржаўнае, але і сямейнае. «У гэты дзень варта ўспомніць гісторыю не толькі сваёй краіны, але і сям'і. Мы стараемся нашу памяць і нашу гісторыю ашчадна перадаць маладому пакаленню. Таму што мы людзі ўдзячныя, мы памятаем. З намі побач заўсёды былі ветэраны, у нас заўсёды перад вачыма подзвіг нашага беларускага народа. Мы гартаем старонкі нашай гісторыі і захоўваем гэтую памяць і перадаём яе нашым дзецям», — падкрэсліла Наталля Якубіцкая.

Яна прызналася, што свята сустрэне на працы — з раніцы ў яе запланавана правядзенне прамой лініі. Наталля Якубіцкая расказала, што спачатку выслухае праблемы грамадзян, пастараецца іх вырашыць, а затым далучыцца да ўсіх суайчыннікаў, хто святкуе Дзень народнага адзінства. Дарэчы, гэта таксама аб'ядноўвае. Яна звярнула ўвагу на яшчэ адзін выдатны спосаб аб'яднаць людзей — дыялогавыя пляцоўкі. Напярэдадні Дня народнага адзінства шэраг такіх сустрэч прайшоў у Мінскай вобласці. «Людзі былі вельмі задаволены, прызнаваліся, што ўсё прайшло на адным дыханні. Былі цікавыя спікеры, уздымаліся цікавыя тэмы, важныя для людзей. А гэта таксама аб'ядноўвае», — расказала Наталля Якубіцкая.

Сенатар павіншавала беларусаў з Днём народнага адзінства. Яна пажадала ўсім салідарнасці, разумення і яднання, што абавязкова дапаможа ў такі няпросты час.


Беларусаў аб'ядноўваюць спагадлівасць і дабрыня

Ігар Каско, член Савета Рэспублікі, галоўны ўрач Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы:

Прадстаўнікі Белаграпрамбанка і абкамапрафсаюза Магілёўскага аблвыканкама прынеслі дзецям падарункі.

— Дзякуючы менавіта нашаму адзінству ў Беларусі медыцына адна з найлепшых у свеце. Я ўрач і магу прывесці рэальны прыклад, які будзе ўсім зразумелы. Калі адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, у Магілёўскай і Гомельскай абласцях былі адкрытыя анкагематалагічныя аддзяленні, каб папярэдзіць магчымы рост анказахворванняў. Яны працуюць пад эгідай нашага рэспубліканскага цэнтра. І не толькі. Уся гэта структура яшчэ і цесна супрацоўнічае з расійскім гематалагічным дзіцячым цэнтрам, мы ажыццяўляем сумесныя праекты ў лячэнні раку крыві ў дзяцей, захворванняў лімфоіднай тканкі. І сёння, распрацоўваючы разам з расіянамі пратаколы лячэння па хіміятэрапіі, прамянёвай тэрапіі, па некаторых відах захворванняў, такіх, напрыклад, як рак крыві, мы навучыліся захоўваць дзіцячыя жыцці ўжо ў 80 % выпадкаў. Яшчэ 30 гадоў таму выжывала толькі 10 %. Нездарма кажуць: адна галава добра, а некалькі — яшчэ лепш. Усё ў рэшце рэшт рэалізоўваецца ў вынік. А што галоўнае ў жыцці медыка? Вынік!

Ігар Каско звяртае ўвагу на тое, што ў Беларусі вельмі нізкая дзіцячая смяротнасць.

— У нас найлепшыя паказчыкі дзейнасці медыцыны ў сусветным маштабе, — падкрэслівае ён. — Дзіцячая смяротнасць складае ўсяго 2 праміле. Такіх краін у свеце няшмат. Пры гэтым мы не валодаем вялікімі рэсурсамі, якія можам лёгка ўкідваць у сістэму аховы здароўя. Наш вынік — сумесная работа ўсіх медыкаў, педагогаў, сістэмы сацыяльнай абароны. Калі структура працуе згуртавана, заўсёды ёсць станоўчы вынік.

Сенатар лічыць, што Дзень народнага адзінства вельмі арганічна спалучаецца з Годам гістарычнай памяці.

— Уся гісторыя вучыць любую дзяржаву і яе народ толькі аднаму: калі ён раз'ядноўваецца і дзеліцца на нейкія там групоўкі, то ўсё для краіны і для народа заканчваецца сумна. Гэта як у сям'і: калі ў ёй няма ладу, яна, як правіла, развальваецца. Калі мы нацэлены развівацца, павінны быць толькі разам. І свята Дзень народнага адзінства яшчэ раз нагадвае нам пра гэта, — кажа ён.

Сіла беларусаў у іх памяркоўнасці і спагадлівасці, лічыць суразмоўца.

— Беларусы заўсёды стараюцца дапамагчы адзін аднаму, — падкрэслівае ён. — Я, працуючы ў абласной дзіцячай бальніцы, бачу гэта кожны дзень. У нас маса праектаў, якія эфектыўна працуюць. У Магілёве падхапілі ідэю рэспубліканскага анкагемацэнтра, дзе прыдумалі так званую скрыначку храбрасці. Гэта тэма была запушчана ў сацыяльнай сетцы старшай медсястрой анкагематалагічнага аддзялення. На фота, дарэчы, той самы момант, калі супрацоўнікі Белаграпрамбанка і Камітэта прафсаюзаў Магілёўскага аблвыканкама далучыліся да акцыі. Да 1 верасня яны прынеслі не толькі скрыначкі храбрасці, але і шыкоўную пасцельную бялізну. Мы стараемся стварыць для хворых дзетак дамашнія ўмовы, каб у нас не пахла бальніцай, лекамі. Так, дзяржава шмат увагі аддае лячэнню дзяцей, у год на закупку лекаў для аднаго малога пацыента выдаткоўваецца амаль 1,5 мільёна еўра. А вось прыгожая пасцельная бялізна, тыя ж цацкі — здаецца, дробязі, а насамрэч вельмі моцныя матыватары. Дзеці перасталі баяцца хадзіць у працэдурны кабінет: там жа цацку дадуць! Вось як гэта працуе. Аднаму чалавеку зрабіць такое не па сілах, а вось разам становіцца магчыма. У бальніцы ёсць дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, якіх забралі з праблемных сем'яў. Пра іх клапоцяцца іншыя людзі, якія вязуць ім падарункі, сродкі гігіены.

Дапамогу дзецям да 1 верасня прывезлі і супрацоўнікі атрада міліцыі асобага прызначэння.

— Мала хто ведае, што ў гэтым аддзяленні ёсць традыцыя: супрацоўнікі, якім былі нанесены траўмы і калецтвы падчас выканання службовых абавязкаў і яны па суду атрымалі права на маральную страту ад вінаватай асобы, аддаюць гэтыя грошы на дабрачынныя мэты. Яны аказваюць дапамогу розным сацыяльным установам. Сёлета гэтыя людзі прывезлі на ўвесь стацыянар мячы, шахматы, шашкі, настольныя і развіццёвыя гульні, шмат чаго іншага. Ну чым гэта не прыклад адзінства са сваёй краінай і яе народам?


Нідзе ў свеце няма больш дружнай і гасціннай нацыі, чым беларусы

Юрый Дзеркач, член Савета Рэспублікі, старшыня Віцебскага абласнога камітэта прафсаюзаў:

— Нялёгкія гістарычныя метамарфозы неаднойчы імкнуліся зламаць унутраную моц і стойкасць беларусаў: нашы землі былі ў складзе іншых дзяржаў, падчас шматлікіх войнаў беларускія тэрыторыі былі амаль сцёртыя з твару зямлі, але наш народ раз за разам, як фенікс, адраджаўся з небыцця. Было нялёгка, але толькі агульнымі намаганнямі і жаданнем быць самастойнымі мы перамаглі розныя сацыяльныя і эканамічныя няўдачы і сёння жывём у незалежнай і міралюбівай дзяржаве.

Мы не проста так кажам, што гатоўнасць дапамагчы і самаадданасць характарызуюць беларусаў. Незалежна ад нацыянальнасці, веравызнання і сацыяльнага статусу кожны чалавек, які апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі, атрымае дапамогу любога ўзроўню ад дзяржавы. Тут можна адчуваць сябе ў бяспецы, не баючыся грамадскага асуджэння і пагроз збоку.

Галоўнай каштоўнасцю, якая нас яднае, якую берагуць беларусы, з'яўляецца наша гістарычная памяць — даніна павагі гераічнага подзвігу нашых продкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, тое, што мы беражліва, як крышталь, перадаём нашым дзецям. Без мінулага не будзе будучыні, без горкага вопыту стагоддзяў мы не навучыліся б жыць у міры і згодзе не толькі ўнутры Беларусі, але і з краінамі свету. З мэтай захавання гістарычнай памяці народа рэгулярна абнаўляюцца і добраўпарадкоўваюцца воінскія мемарыялы, вядзецца актыўная пошукавая праца па вяртанні з небыцця імёнаў байцоў-вызваліцеляў. І зараз наша старажытная Полаччына стала першым пунктам рэспубліканскага аўтапрабегу «Сімвал адзінства».

Да Дня народнага адзінства ў паўночным рэгіёне праходзіць шэраг мерапрыемстваў рознага кірунку, але галоўнай мэтай усіх з'яўляецца аб'яднанне: грамадскіх арганізацый і органаў кіравання, моладзі і сталага пакалення, палітыкі і культуры. У Віцебскай абласной філармоніі прайшоў патрыятычны марафон «У адзінстве — сіла Беларусі», Наваполацк прымаў удзельнікаў круглага стала, а ў суботу там жа прадстаўнікоў працоўнай моладзі збярэ патрыятычны фестываль. Менавіта з Наваполацка стартаваў абласны грамадзянска-патрыятычны марафон «Адзіны», удзельнікі якога перадаюць эстафету памяці ад раёна да раёна. У горадзе Глыбокае Дзень народнага адзінства пройдзе ў сінтэзе з абласным фестывалем працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2022» — яшчэ адзін паказчык высокага працоўнага выніку кожнага аграрыя, за якім стаіць харчовая бяспека ўсіх нас. У Докшыцкім раёне 16 верасня будзе закладзена алея Адзінства на месцы спаленай у гады вайны вёскі Баравыя. Полаччына запрашае жыхароў і гасцей на ўрачыстае адкрыццё пляцоўкі тэхнікі і Узброеных Сіл СССР і Рэспублікі Беларусь. Яшчэ адной слаўнай традыцыяй Віцебшчыны з'яўляецца прысваенне ўстановам адукацыі імён Герояў Савецкага Саюза і выдатных дзеячаў Вялікай Айчыннай вайны. Напярэдадні свята яслі-саду № 24 горада Полацка будзе прысвоена ганаровае імя Паліны Сяргееўны Партновай, якая ў пачатку вайны выратавала мясцовых дзяцей-сірот.

Свята, якое адзначаецца 17 верасня, яшчэ раз нагадвае кожнаму беларусу незалежна ад месца пражывання аб сваіх каранях. Аб вытоках, адкуль пайшлі ўсе мы — моцныя духам, гатовыя дапамагчы і гасцінныя. Апошняе, дарэчы, з'яўляецца нацыянальнай адметнасцю, якая ніколі не была створана штучна, — так было закладзена на эмацыянальным узроўні здаўна. Наша прыгожая зямля заўсёды прыцягвала да нас замежных гасцей, а мы робім усё магчымае, каб у кожнага, хто наведае нашу краіну, заставаліся яркія эмоцыі і жаданне вярнуцца.

Устанаўленне Дня народнага адзінства як дзяржаўнага свята яшчэ раз падкрэслівае пераемнасць пакаленняў, непахіснасць і самадастатковасць беларускай нацыі і дзяржаўнасці.

Меркаванні сенатараў запісалі Аляксандра ГВОЗДЗЕВА, Нэлі ЗІГУЛЯ, Наталля КАПРЫЛЕНКА, Валерыя Сцяцко, Маргарыта УШКЕВІЧ, Святлана ЯСКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.