Вы тут

Секс ёсць, а палавога выхавання няма


Сучасныя, адукаваныя бацькі і сёння часам адчуваюць няёмкасць, абмяркоўваючы з сынамі і дочкамі інтымны бок жыцця. Як рабіць гэта правільна? На што трэба звяртаць увагу, каб фармаваць у сваіх нашчадкаў здаровую сексуальнасць? Чаму важна распрацаваць сістэму палавога выхавання ад дзіцячых садкоў да ВНУ? Гутарым пра гэта з псіхолагам Таццянай Шаранда.


— Сёння дастаткова распаўсюджана меркаванне: аб сексе так шмат кажуць, што знікла жаданне ім займацца. Вы з гэтым згодны? Можа, лішак і даступнасць інфармацыі душаць цікавасць да процілеглага полу?

— Забаронены плод заўсёды салодкі. У савецкі час шматлікія табу актывізавалі і ўяўленне, і лібіда. Сёння інфармацыі дастаткова, а сексуальная цікавасць, сапраўды, знізілася. Асабліва з боку мужчын. Многія жанчыны на кансультацыях прызнаюцца ў сексуальнай нездаволенасці. І не ў апошнюю чаргу я тлумачу гэта тым, што культура ўзаемаадносін паміж паламі ў нас па-ранейшаму нізкая. Адсутнасць выхавання ў сем’ях і ўстановах адукацыі прыводзіць да таго, што звесткі аб ГЭТЫМ дзеці атрымліваюць з інтэрнэту або ад аднагодкаў. Да чаго гэта вядзе? Не фармуецца павагі мужчын да жанчын і наадварот. Знікае таямніца, якая прыцягвае «інь» і «янь». Калі жанчыны становяцца даступнымі, успрымаюцца, як «адкрытая, сумная кніга», цяга да іх зніжаецца.

— Гэта значыць інфармаванне — гэта яшчэ не выхаванне...

— Зразумела. Вопыт перадавых заходніх краін пераконвае: чым больш граматна, разумна падыходзяць да пытанняў сексуальнага выхавання, чым раней пачынаюць прысвячаць дзяцей ва ўзаемаадносіны палоў, тым менш узнікае праблем з ЗППШ, раннімі цяжарнасцямі, абортамі і г. д. Хто папярэджаны, той узброены. Пурытанства ў эпоху інтэрнэту ўжо не прыжывецца. Секс не можа і не павінен успрымацца як «бруд», нешта ганебнае і непрыстойнае. Але трэба ўсталяваць у грамадстве своеасаблівае «сіта», якое будзе адсяваць зярняты ад пустазелля. Выхаванне, культура — гэта і ёсць лепшае «сіта». На жаль, да гэтага часу многім дарослым цяжка перамагчы стэрэатыпы, якія ў іх склаліся. Пытанні дзяцей яны часта пакідаюць без увагі, адмоўчваюцца. А потым абураюцца: адкуль такая распуста? А вось адтуль — нашчадкі знайшлі адказы на свае пытанні па-за сям’ёй і па-за школай. 

— Калі і з чаго трэба пачынаць сексуальнае выхаванне дзяўчынак і хлопчыкаў?

— Першы перыяд павышанай цікаўнасці дзіцяці да таго, як яно з’явілася на свет, чаму хлопчыкі адрозніваюцца ад дзяўчынак, прыпадае на ўзрост 3-5 гадоў. Трэба задавальняць цікавасць дзяцей з улікам іх развіцця і разумення. Распавядаючы пра бусла, які іх прынёс, ці пра тое, што іх знайшлі ў капусце, можна падарваць давер да сябе. Сыны і дочкі, напэўна, пачуюць па-за сям’ёй іншыя, значна бліжэйшыя да праўды жыцця адказы. Мяркую, можна растлумачыць так: ты нарадзіўся таму, што мы, твае мама і тата, кахаем адно аднаго і вельмі жадалі, каб у нас з’явіўся такі слаўны «чалавечак», як ты, наш працяг. Сёння дастаткова літаратуры аб тым, як адукоўваць малых у гэтых далікатных пытаннях. У маіх знаёмых, медыкаў па прафесіі, палавое выхаванне сына і дачкі адбылося вельмі натуральна і арганічна дзякуючы даступнасці ў хаце медыцынскай літаратуры. Дзеці гарталі «Атлас чалавека», разглядалі, як мы ўладкаваны, задавалі пытанні і атрымлівалі ад бацькоў даступныя адказы.

— З сынамі пра гэта павінны гутарыць бацькі, а з дачкамі — маці?

— На мой погляд, так. Цяжка ўявіць, што пра палюцыі сыну будзе расказваць мама, а пра месячныя тлумачыць дачцэ — тата. Калі бацькі ў сям’і няма, можна папрасіць сваяка-мужчыну ці педагога, ці трэнера пагаварыць з хлопчыкам.

— «Акультурыць» кожнага з бацькоў цяжка. Можа, варта было б усё ж спецыялістам распрацаваць стройную сістэму сексуальнага выхавання і паслядоўна ўкараняць веды, пачынаючы з дзіцячых садкоў і да ВНУ?

— Згодна. У некаторых краінах сексуальнай асветай займаюцца сямейныя лекары. Але ў Беларусі, мяркую, гэтымі пытаннямі мусіць заняцца сістэма адукацыі. Калі будуць падрыхтаваны граматныя спецыялісты, гэта — найкарацейшы шлях да вырашэння многіх праблем. На мой погляд, трэба не толькі тлумачыць юнакам і дзяўчатам, у якім узросце пераважней пачынаць інтымнае жыццё, як засцерагацца ад непажаданай цяжарнасці. Выключна важна, паўтару, — выхоўваць павагу паміж паламі, знаёміць не толькі з анатамічнымі, але і псіхалагічнымі адрозненнямі мужчын і жанчын. Часам я гляджу на маладых дзяўчат у шортах-трусах і ў майцы ў абліпку з залішне глыбокім дэкальтэ і думаю: яны, мусіць, не разумеюць, што самі правакуюць некаторых мужчын да непрыстойных прапаноў і дзеянняў.

— Дзеці звяртаюць увагу не толькі на тое, што гавораць бацькі, але перш за ўсё на тое, як яны паводзяць сябе.

— «Рабі, як я» — залатое правіла выхавання. На прыкладзе бацькоў хлопчыкі і дзяўчынкі бачаць мадэль адносін паміж паламі. І калі бацька клапоціцца пра маму, увесь час ёй дапамагае па хаце, не дазваляе займацца цяжкай працай, праяўляе цеплыню і пяшчоту, можна не сумнявацца, што дзеці засвояць гэтыя ўрокі: ім не прыйдзецца доўга тлумачыць, што значыць — быць мужчынам, якой павінна быць жанчына. А калі дачка бачыць, як мама ўвесь час мяняе «спадарожнікаў жыцця», тады што б яна ні чула ад дарослых, чаму б яе не вучылі, вялікая верагоднасць — дзяўчынка стане такой жа «вольнай» у адносінах з мужчынамі.

— Пра што важна памятаць мамам і татам, каб фармаваць у сыноў і дачок здаровую сексуальнасць? Якія памылкі дарослыя часта дапускаюць? 

— На жаль, я назіраю дастаткова шмат неадукаванасці ў паводзінах дарослых. Нядаўна ў мяне выклікала здзіўленне і абурэнне прызнанне адной з кліентак: 8-гадовага сына яна нярэдка садзіць на калені, цалуе яго ў вусны, а ён кладзе ёй галаву на грудзі. Некаторыя маці могуць зайсці да сыноў пераходнага ўзросту ў ванну, калі тыя купаюцца. Ведаю прыклады, калі 10-гадовыя хлопчыкі спяць у адной пасцелі з мамай ці калі тата купае дачку такога ж узросту. У многіх сем’ях лічаць нармальным у прысутнасці дзяцей пераапранацца, хадзіць у ніжняй бялізне. Некаторыя бацькі не бачаць у гэтым ніякай праблемы. А праблема ёсць. Гэта так званы псіхалагічны інцэст; ён можа прывесці з цягам часу да рознага роду сексуальных адхіленняў і парушэнняў.

— З якога ўзросту трэба спыняць «цялячыя пяшчоты», абдымашкі-цалавашкі з дзецьмі?

— Нельга ўстанавіць жорсткія межы. Дзеці розныя, яны адрозніваюцца асаблівасцямі сталення і развіцця. Бацькі павінны адчуваць такія рэчы ў адносінах са сваімі дачкамі і сынамі.

— На Захадзе прыхільнікі гендар-нейтральнасці выступаюць за тое, каб выкарыстоўваць у школах вызначэнне «яно» замест «ён» і «яна». Што вы думаеце з нагоды трэцяга полу? 

— Пераканана: хлопчыкі і дзяўчынкі павінны выхоўвацца як носьбіты свайго полу, з традыцыйнай мадэллю паводзін. У любой супольнасці заўсёды будуць людзі з рознымі перверсіямі. Але нельга падмяняць норму анамаліяй. Адмова ад адрозненняў паміж паламі, арыентацыя на бясполае «яно» — гэта дарога да вымірання. Прырода — самы галоўны заканадаўца, да яе трэба прыслухоўвацца, а не ігнараваць тое, што яна дыктуе,

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.