Вы тут

Верасень — пачатак падрыхтоўкі руж да зімы


Неабходна скараціць паліў кветак і рыхленне глебы, каб прыпыніць рост маладых парасткаў і ўзмацніць выспяванне драўніны.

Адцвілыя бутоны зразаюць, каб ружы не «марнавалі сілы» на завязь пладоў. Каб паскорыць выспяванне, адшчыпваюць верхавіны маладых парасткаў. У канцы верасня кусты падсыпаюць сухім торфам або кампостам на вышыню 5—7 см.


Пасадка

Восеньскую пасадку руж праводзяць пачынаючы з першай дэкады верасня і да сярэдзіны кастрычніка. Больш ранняя пасадка непажаданая: расліны пачнуць затрачваць энергію на рост маладых парасткаў і пупышак.

Калі ж пасадзіць ружы пазней, яны не паспеюць укараніцца і адужэць да замаразкаў. Спачатку рыхтуюць пасадачныя ямы, уносяць у іх арганічныя ўгнаенні. Перад пасадкай неабходна выдаліць у саджанцаў нявыспелыя парасткі, пакінуўшы толькі 3—5 наймацнейшых.

Перадзімовая абрэзка

Яе праводзяць да надыходу маразоў, прыблізна ў другой палове кастрычніка. З кустоў выдаляюць нявыспелыя парасткі. Адужэлыя парасткі чайнагібрыдных руж абразаюць на 1/2, а мініяцюрныя, глебапакроўныя і паліянтавыя — на 1/3.

У пляцістых руж выдаляюць нявыспелыя верхавіны, слабыя і старыя парасткі. Пасля іх здымаюць з апоры, звязваюць сінтэтычным шпагатам і ўкладваюць на пласт яловага лапніку.

Нарыхтоўка чаранкоў

Падчас восеньскай абрэзкі руж нарыхтоўваюць чаранкі. Выбіраюць добра развітыя і выспелыя роўныя аднагадовыя сцёблы таўшчынёй 4-5 мм. Наразаюць чаранкі даўжынёй 20 см з трыма-чатырма пупышкамі кожны. Зрэз на ніжнім канцы чаранка робіцца пад самай пупышкай, а ў верхняй частцы чаранка — наўскасяк у сярэдзіне міжвузелляў.

Пасля нарыхтоўкі неабходнай колькасці чаранкоў іх звязваюць у пучкі, загортваюць ў мешкавіну і захоўваюць ў вільготным пяску пры тэмпературы +1 ?С.

Хованкі

Лёгкія замаразкі спрыяюць гартаванню парасткаў, але пры надыходзе ўстойлівага пахаладання кусты падсыпаюць сухой зямлёй і пяском у суадносінах 1: 1 пластом 15—25 см. Калі тэмпература паветра апускаецца да -5 °С — час ружы ўцяпляць.

Самым надзейным лічыцца паветранасухое сховішча кустоў. Над абгорнутымі кустамі ўсталёўваюць каркас, зацягваюць яго нятканым матэрыялам і закрываюць поліэтыленам, пакідаючы аддушыну ў тарцы. Варта памятаць, што сховішча неабходна рабіць выключна ў сухое надвор'е.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».