Вы тут

На памяць ад Якуба Коласа


У гэтым юбілейным годзе Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа рэалізуе праект «Ад усяго сэрца, ад усёй душы: інскрыпты Якуба Коласа на кнігах», які атрымаў падтрымку гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы культуры. Дзякуючы праекту, былі выяўлены дарчыя надпісы паэта пачынальніку рускай дзіцячай літаратуры Самуілу Якаўлевічу Маршаку, перакладчыку твораў Якуба Коласа Міхаілу Васільевічу Ісакоўскаму, вядомаму беларускаму навукоўцу Яўгену Іванавічу Барычэўскаму і многім іншым асобам. Вось і сёння падзелімся з нашымі чытачамі адной з такіх знаходак.


У 20 томе збору твораў Якуба Коласа асобным раздзелам пададзены інскрыпты паэта на кнігах і фотаздымках. Большасць з іх захоўваецца ў музеях, архівах і прыватных калекцыях. Але і бібліятэкі Беларусі валодаюць рэдкімі асобнікамі кніг з рукапісамі класіка беларускай літаратуры. Сярод іх — Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Слонімская цэнтральная раённая бібліятэка імя Якуба Коласа.

12 кніг паэт падарыў бібліятэцы Акадэміі навук. Сярод іх — зборнікі вершаў, аповесці «У палескай глушы», «Дрыгва», паэма «Адплата», выбраныя творы на беларускай і рускай мовах. Усе кнігі былі падараваны ў адзін дзень — 6 лютага 1950 года, аб гэтым сведчаць аднолькавыя дарчыя надпісы на кнігах:»Бібліятэцы Акадэміі навук БССР. Якуб Колас 6. ІІ. 1950 г.». Акрамя кніг, падпісаных аўтарам установе, у бібліятэцы беражліва захоўваюцца кнігі Якуба Коласа з інскрыптамі, адрасаваныя беларускаму этнографу, фалькларысту, мовазнаўцу, бацьку беларускага паэта Максіма Багдановіча Адаму Юр'евічу Багдановічу, беларускаму вучонаму Івану Іванавічу Замоціну, беларускім пісьменнікам Максіму Гарэцкаму, Пятру Глебку і Максіму Лужаніну, дзяржаўнаму дзеячу Панцеляймону Кандратавічу Панамарэнку.

Багатую калекцыю кніг з інскрыптамі Якуба Коласа мае Нацыянальная бібліятэка Беларусі, якая 15 верасня 2022 года адзначыць 100-годдзе з дня заснавання. Напярэдадні новага 1954 года Якуб Колас падараваў установе польскамоўнае выданне аповесці «У палескай глушы», якое выйшла ў Варшаве ў 1950 годзе. Выданне захоўвае наступны дарчы надпіс аўтара: «Дзяржаўнай бібліятэцы імя Леніна. Якуб Колас. 31/ХІІ 1953 г.».

У 1952 годзе Якуб Колас падараваў сваю аповесць «Адшчапенец» бібліятэцы вёсцы Вялікая Кракотка. Гэту вёску з-за яе шыкоўнай прыроды Уладзімір Караткевіч называў самай прыгожай вёскай у свеце. Аднак яна не толькі прыгожая, але і знакамітая. У Вялікай Кракотцы яшчэ ў 1927 годзе пры гуртку Таварыства беларускай школы вясковая моладзь заснавала бібліятэку-чытальню, якую назвалі імем народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Гэта была першая ўстанова культуры рэспублікі, якой было нададзена імя песняра беларускага народа. На падараванай кнізе рукою класіка напісана: «Бібліятэцы імя Янкі Купалы в. Вялікая Кракотка. Якуб Колас 2/VІІІ 1952 г.». Зараз гэта кніга захоўваецца ў Слонімскай раённай бібліятэцы.

Слонімская раённая бібліятэка носіць імя Якуба Коласа з 1944 года, якое атрымала яшчэ пры жыцці паэта. Яна мае ў сваім зборы свой асобнік кнігі «Адшчапенец» з аўтографам песняра: «Слонімскай раённай бібліятэцы. Якуб Колас. 6/ ІХ 1954 г.».

Але ёсць аўтограф яшчэ адной бібліятэцы, які не ўвайшоў у раздзел інскрыптаў збору твораў Якуба Коласа. Зараз рэдкае выданне захоўваецца ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь. На першым томе свайго сямітомнага збору твораў, які выйшаў у Мінску ў 1952 годзе да юбілею пісьменніка, Якуб Колас пакінуў памятныя радкі: «Бібліятэцы Саюза савецкіх пісьменнікаў Беларусі на памяць Якуб Колас. 23. ІХ. 1954 г.». Аўтограф друкуецца ўпершыню. У сярэдзіне верасня 1954 года Якуб Колас з уступнай прамовай адкрывае Трэці з'езд пісьменнікаў БССР, абіраецца членам прэзідыума Праўлення Саюза савецкіх пісьменнікаў Беларусі і дэлегатам на Другі Усесаюзны з'езд пісьменнікаў. У той час і была падаравана кніга.

Якуб Колас з радасцю дарыў свае кнігі сябрам, калегам і знаёмым, а таксама розным установам, пакідаючы некалькі радкоў на памяць. Дзяржаўныя і прыватныя бібліятэкі валодаюць каштоўнымі асобнікамі, якія памятаюць цеплыню рук беларускага песняра. Спадзяёмся, што яшчэ многа невядомых коласазнаўцам кніг з інскрыптамі паэта чакаюць свайго адкрыцця.

Васіліна МІЦКЕВІЧ, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.