Вы тут

Юрый Сянько: У аснове адносін Беларусі і Кітая — узаемная павага і падтрымка. Інтэрв'ю


Наша краіна можа дадаць на кітайскім напрамку. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у жніўні падчас рабочай сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Кітаі Юрыем Сянько. «Яны малайцы, здорава нам дапамагалі, ды і цяпер у нас прырост тавараабароту значны, новыя магчымасці, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Добра, што ў нас склаліся такія ў галіне дыпламатыі, палітыкі адносіны. Ды і асабістыя адносіны ў мяне і з сям'ёй Сі Цзіньпіна, і з ім вельмі добрыя». Паводле слоў Прэзідэнта, асаблівую ўвагу варта звярнуць на гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі і крэдытна-фінансавы складнік. Як развіваецца стратэгічнае беларуска-кітайскае ўзаемадзеянне, чаму кітайцы вывучаюць беларускую мову, аб чым будуць весці размову ў Самаркандзе Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін — у эксклюзіўным інтэрв'ю «Звяздзе» Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы Юрыя СЯНЬКО.


— Юрый Аляксеевіч, наколькі паспяхова на фоне даволі няпростай міжнароднай абстаноўкі, звязанай з санкцыйнымі абмежаваннямі, эпідэміялагічнай сітуацыяй, развіваецца сёлета беларуска-кітайскае супрацоўніцтва?

— Гэты год асаблівы: сёлета мы адзначаем 30-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай. Можна з упэўненасцю сказаць, што за гэты перыяд адносіны паміж нашымі краінамі дастойна прайшлі выпрабаванне часам і з'яўляюцца сапраўды ўзорам паспяховага ўзаемадзеяння паміж дзяржавамі. Супрацоўніцтва дэманструе станоўчыя вынікі. Двухбаковы тавараабарот за апошнія 30 гадоў павялічыўся ў 51 раз. Беларусь стала адным з ключавых удзельнікаў ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях». Рэалізоўваецца праект Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень», дзе зараз зарэгістраваны 93 рэзідэнты з 15 краін.

Паміж краінамі дзейнічае практыка абвяшчэння тэматычных гадавых цыклаў — 2021—2022 гг. аб'яўлены Годам рэгіёнаў Беларусі і Кітая. У Беларусі, першай на еўразійскай прасторы, распачата вытворчасць прэпаратаў традыцыйнай кітайскай медыцыны. Знешнегандлёвы абарот тавараў і паслуг па выніках мінулага года дасягнуў новага ўзроўню — амаль 6 мільярдаў долараў. Кітай захоўвае пазіцыі другога гандлёвага партнёра Беларусі (пасля Расіі). Нягледзячы на каранцінныя абмежаванні і знешнеэканамічныя выклікі, сёлета па выніках першага паўгоддзя забяспечаны тавараабарот з Кітаем у 2,6 млрд долараў (з ростам у 10,3 працэнта да адпаведнага перыяду летась). Гэта не мяжа магчымасцяў нашых экспарцёраў. Павялічваючы колькасць акрэдытаваных прадпрыемстваў, мы зможам нарошчваць экспарт у Кітай значна больш высокімі тэмпамі. Дарэчы, ужо зараз на пастаўкі ў КНР акрэдытавана звыш 160 беларускіх вытворцаў малочнай, мясной, рыбнай, кандытарскай, алкагольнай і іншай харчовай прадукцыі.

— Якія праекты былі рэалізаваны ў рамках Года рэгіёнаў Беларусі і Кітая, што плануецца ўвасобіць у перспектыве?

— Значнасць міжрэгіянальнага супрацоўніцтва абумоўлена ў першую чаргу тым, што менавіта на мясцовым узроўні ажыццяўляецца стымуляванне гандлёва-эканамічных сувязяў з канкрэтнымі краінамі і партнёрамі. Год рэгіёнаў Беларусі і Кітая ўключае больш за 100 мерапрыемстваў па розных напрамках. На жаль, эпідэміялагічнае становішча і каранцінныя абмежаванні ў Кітаі не дазваляюць планаваць і праводзіць масавыя мерапрыемствы ў вочным фармаце, таму яны цяпер, як правіла, праходзяць у анлайн-рэжыме.

Сёлета ў студзені адбылося падпісанне Пагаднення па развіцці супрацоўніцтва паміж Светлагорскім райвыканкамам і Народным урадам горада Баадзін правінцыі Хэбэй. З вялікім поспехам прайшоў Тыдзень Віцебскай вобласці ў правінцыі Шаньдун, адбыўся В2В семінар дзелавых колаў Магілёўскай вобласці і горада Цяньцзінь. Праведзены форум, прысвечаны 30-годдзю ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Кітаем і 5-годдзю ўстанаўлення дружалюбных адносін паміж Мінскай вобласцю і горадам Чунцын.

У рамках правядзення анлайн-сустрэч з рэгіёнамі праводзяцца прэзентацыі экспартнага патэнцыялу беларускіх рэгіёнаў. Так, у горадзе Чэнду правінцыі Сычуань праведзены Форум па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Гомельскай вобласцю. У найбліжэйшы час запланаваны чарговыя анлайн-мерапрыемствы з удзелам дзелавых колаў Магілёўскай вобласці з правінцыямі Хунань і Шэньсі, Віцебскай вобласці з правінцыямі Гуйчжоу і Хэйлунцзян, Брэсцкай вобласці з правінцыяй Ляанін.

Дарэчы, па выніках мінулага года і першага паўгоддзя сёлета пры садзейнічанні пасольства было праведзена больш за 200 двухбаковых анлайн-мерапрыемстваў, асобныя з якіх збіралі сотні прадстаўнікоў кітайскіх кампаній. Гэта сведчыць аб вялікай цікавасці да нашай краіны з боку кітайскага бізнесу. Перспектыўным стане ўстанаўленне дружалюбных сувязяў паміж Мінскай вобласцю і правінцыяй Цзілінь, гарадамі Гродна і Ланьчжоў (правінцыя Ганьсу). Прапрацоўваецца магчымасць адкрыцця офіса па прасоўванні Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» у горадзе Чунцын.

— Прэзідэнтам у снежні 2021 года была падпісана Дырэктыва нумар 9 «Аб развіцці двухбаковых адносін Рэспублікі Беларусь з Кітайскай Народнай Рэспублікай». Як яна рэалізоўваецца?

— У рамках рэалізацыі стратэгічнага дакумента — Дырэктывы нумар 9 — бакі ўдзяляюць асаблівую ўвагу пытанням стварэння сумесных прадпрыемстваў, прыцягненню інвестыцый і нарошчванню беларускага экспарту ў КНР. Сёлета ў першым паўгоддзі экспарт у Кітай амаль удвая перавысіў адпаведны паказчык за аналагічны перыяд мінулага года. Мы таксама адзначаем рост інвестыцыйнай актыўнасці. Напрыклад, сёлета ў першым квартале аб'ём прамых кітайскіх інвестыцый павялічыўся на 70 працэнтаў. Увогуле, валавы аб'ём кітайскага інвесціравання ў праекты ў Беларусі з 1992 года склаў больш чым 2,6 мільярда долараў, у тым ліку каля 1,1 млрд долараў прамых інвестыцый.

З удзелам кітайскіх кампаній рэалізоўваецца больш за 50 інвестпраектаў. Вядзецца актыўная работа па садзейнічанні беларускім прадпрыемствам у нарошчванні паставак у Кітай прадукцыі дрэваапрацоўкі, нафтахіміі, сельскай гаспадаркі і харчовай прамысловасці. Асаблівы сэнс набыло супрацоўніцтва ў рамках ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях», якое дае магчымасць не толькі захаваць, але і атрымаць дадатковыя транспартна-лагістычныя маршруты паставак тавараў у КНР і краіны Паўднёва-Усходняй Азіі.

— Беларусь падала заяўку на ўступленне ў ШАС. Што прынясе нашай краіне членства ў гэтай арганізацыі?

— Перш за ўсё, хачу адзначыць, што на гэты момант можна весці гаворку толькі аб пачатку працэдуры ўступлення Беларусі ў ШАС, рашэнне аб якім, спадзяёмся, будзе прынята падчас найбліжэйшага пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў у Самаркандзе. У далейшым трэба будзе правесці даволі маштабную работу па завяршэнні ўсіх унутрыдзяржаўных працэдур па ўступленні ў гэтую арганізацыю. У будучыні атрыманне Беларуссю статусу паўнапраўнага члена ШАС дасць шэраг дадатковых пераваг і магчымасцяў, стане прадаўжэннем нашай паслядоўнай палітыкі па ўдзеле ў падобных па асобных параметрах міжнародных і рэгіянальных структурах. У эканамічнай сферы беларускі бок атрымае доступ да ўсіх існуючых праграм у эканоміцы, гандлі, фінансах, транспарце і г. д. у рамках ШАС, а таксама да будучых ініцыятыў.

Мяркуем, што на фоне традыцыйных пытанняў бяспекі, якія адыгрываюць у арганізацыі ключавое значэнне, паслядоўна будзе ўмацоўвацца і эканамічнае супрацоўніцтва. Зараз у рамках ШАС ужо дзейнічаюць такія структуры, як Дзелавы савет, Міжбанкаўскае аб'яднанне, дзе наша краіна актыўна ўдзельнічае. Важным таксама з'яўляецца той факт, што павышэнне статусу Беларусі ў арганізацыі створыць спрыяльныя ўмовы для інтэнсіфікацыі супрацоўніцтва з дзяржавамі растучай «сям'і ШАС» у галіне бяспекі, эканомікі і гандлю, рэалізацыі праектаў развіцця транспартна-лагістычнай, інфармацыйна-камунікацыйнай і іншай інфраструктуры.

— Паспяховым аказаўся старт электронных продажаў нашых тавараў на электроннай пляцоўцы, у якім вы прынялі асабісты ўдзел. Як змяняюцца формы і метады папулярызацыі беларускага экспарту, што гэта прыносіць?

— Анлайн-фармат з'яўляецца неабходнай умовай прысутнасці тавару на кітайскім рынку і садзейнічае далейшаму прасоўванню прадукцыі. З чэрвеня на кітайскай платформе электроннай камерцыі JD.com у пробным рэжыме пачаў працаваць першы электронны нацыянальны павільён Рэспублікі Беларусь у КНР. 5 ліпеня мы ўзялі ўдзел у цырымоніі адкрыцця Нацыянальнага электроннага павільёна Беларусі на пляцоўцы Douyіn (кітайская версія TіkTok) і ў прамым эфіры правялі прэзентацыю беларускай прадукцыі. Усяго за гадзіну анлайн-трансляцыі эфір паглядзелі звыш 1,3 мільёна чалавек, а агульная сума продажаў беларускага шакаладу і снэкаў перавысіла 900 тысяч кітайскіх юаняў (135 тыс. долараў)

— Нашы адносіны дасягнулі найвышэйшай кропкі «жалезнага братэрства» і «ўсепагоднага партнёрства». Што далей?

— Кожнае павышэнне ўзроўню двухбаковых адносін, прычым менавіта афіцыйнае, з'яўляецца, па сутнасці, замацаваннем таго, чаго мы дасягнулі за папярэднія гады, а таксама адлюстраваннем планаў на будучыню. Гэта новая планка, кажучы спартыўнай мовай, новая вышыня, ніжэй за якую потым ужо апускацца нельга. Мы шчыра ўдзячныя кітайскім сябрам, што, нягледзячы на складанае становішча ў свеце, у дадзеным пытанні глядзяць з намі ў адным напрамку, падтрымліваюць у самых розных сітуацыях.

Свет не стаіць на месцы. Падвёўшы рысу пад пэўным узроўнем адносін, мы адразу пачынаем рухацца далей. З'яўляюцца новыя праекты, тэхналогіі, з імі — новыя магчымасці. Узнікаюць і новыя выклікі. Таму перакананы, што і адносіны Беларусі і Кітая таксама будуць рушыць далей, напаўняцца новым зместам і набываць новыя характарыстыкі.

— Вельмі перспектыўнае супрацоўніцтва ў сферы лічбавай эканомікі. Як яно развіваецца?

— Ва ўмовах пандэміі ўвесь свет адчуў наступствы парушэнняў традыцыйных эканамічных, фінансавых і транспартна-лагістычных ланцужкоў. Таму цяпер пытанні лічбавізацыі эканомікі маюць вельмі важнае значэнне. Разам з кітайскімі калегамі мы прапрацоўваем пытанні абмену электроннай інфармацыяй аб таварах, якія перавозяцца чыгуначнымі кантэйнерамі цягнікамі «Кітай — Еўропа». Актыўна супрацоўнічаем з паркам «Вялікі камень» у дадзеных пытаннях. Сёлета ў сакавіку пры непасрэдным садзейнічанні пасольства зарэгістраваны новы рэзідэнт — ТАА «Навукова-тэхнічная кампанія Бел Самаед клаўд» з праектам у галіне лічбавых тэхналогій. Ва ўзаемадзеянні з Сумеснай кампаніяй па развіцці парка «Вялікі камень» Пасольства Беларусі ў Кітаі актыўна прасоўвае адкрыццё беларускіх нацыянальных павільёнаў на новых кітайскіх электронных пляцоўках.

— Пасольства актыўна падтрымлівае і прасоўвае праекты, звязаныя з традыцыйнай беларускай культурай, беларускай мовай. Як яны ўспрымаюцца кітайцамі, наколькі паспяхова праходзіць культурны абмен паміж нашымі народамі?

— Доўгатэрміновае і дзейснае супрацоўніцтва, заснаванае на ўзаемным даверы і ўзаемным выйгрышы, немагчыма без разумення менталітэту і ведання культуры, традыцый і звычаяў краіны-партнёра. Менавіта таму мы заўсёды ўдзялялі асаблівую ўвагу народнай дыпламатыі і папулярызацыі традыцыйнай беларускай культуры і беларускай мовы ў Кітаі. У Кітайскай Народнай Рэспубліцы на базе вышэйшых навучальных устаноў у 2012—2019 гг. створаны і функцыянуюць 11 цэнтраў вывучэння Беларусі, а таксама інстытут вывучэння Беларусі, які спецыялізуецца на эканамічных даследаваннях. На базе цэнтраў праводзяцца канферэнцыі, круглыя сталы, лекцыі па пытаннях беларускай мовы, культуры, а таксама па тэматыцы беларуска-кітайскіх адносін.

З асаблівым гонарам адзначу, што ў Пекінскім, Цяньцзіньскім і Сіаньскім універсітэтах замежных моў, а таксама ў Другім Пекінскім інстытуце замежных моў вядзецца выкладанне беларускай мовы. Пры падтрымцы пасольства ў 2020 годзе Пекінскі ўніверсітэт замежных моў заснаваў Усекітайскі конкурс беларускай мовы «Гаворым па-беларуску», які праходзіць кожныя два гады, а Цяньцзіньскі ўніверсітэт замежных моў штогод праводзіць Усекітайскі конкурс па беларусазнаўстве «Ад Сінявокай да Паднябеснай».

Мне як беларусу вельмі прыемна, што кітайская моладзь праяўляе шчырую цікавасць да мовы і культуры нашай невялікай краіны, старанна і з любоўю паглыбляецца ў беларускія традыцыі і тым самым уносіць свой уклад у збліжэнне нашых народаў і паглыбленне беларуска-кітайскіх культурных абменаў. У дапандэмійны перыяд у КНР на рэгулярнай аснове праводзіліся выставы жывапісу і фотамастацтва беларускіх аўтараў, а творчыя калектывы Беларусі былі пастаяннымі гасцямі розных конкурсаў і фестываляў, якія праводзяцца ў Паднябеснай.

Адным з важных напрамкаў двухбаковага супрацоўніцтва з'яўляюцца абменныя Дні культуры. Паміж Беларуссю і Кітаем яны праходзілі ў 2011-м, 2012-м, 2015-м, 2017-м і 2019-м гадах. Сёлета, 1 ліпеня, напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, адбылося афіцыйнае адкрыццё чарговых Дзён культуры Беларусі ў Кітаі, якія ўпершыню праходзяць у анлайн-фармаце (з улікам строгіх антыковідных абмежаванняў, якія захоўваюцца ў КНР) і прадоўжацца да 1 кастрычніка. Паводле інфармацыі Міністэрства культуры і турызму КНР, за першыя 10 дзён трансляцыі на платформах вядучых кітайскіх СМІ (CCTV, Tengcent, Youku і інш.) паглядзелі звыш трох мільёнаў кітайскіх гледачоў. Гэта выдатная магчымасць для жыхароў Кітая бліжэй пазнаёміцца з традыцыйнай і сучаснай беларускай культурай і ўбачыць канцэртныя праграмы найлепшых творчых калектываў Беларусі. Сёлета ў рамках Дзён культуры Беларусі ў Кітаі нашу краіну прадстаўляюць балетная трупа Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета са «Спартаком», Беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль «Харошкі» з тэатралізаванай харэаграфічнай праграмай «Мы беларусы» і Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі імя Г. І. Цітовіча са сваёй канцэртнай праграмай.

— Плануецца, што на палях саміту ШАС у Самаркандзе адбудзецца сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна. Якія пытанні плануецца абмеркаваць?

— Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка і Старшыня КНР Сі Цзіньпін апошні раз сустракаліся на палях пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў ШАС у Бішкеку ў чэрвені 2019 года. З таго часу адбылося тры тэлефонныя размовы, кіраўнікі дзяржаў рэгулярна абменьваліся пасланнямі па самых розных тэматыках. Перакананы, што такім моцным лідарам заўсёды ёсць што абмеркаваць: гэта і міжнародная абстаноўка, і двухбаковыя адносіны, парадак дня якіх зараз вельмі шырокі. Безумоўна, ёсць месца і чыста чалавечым, сяброўскім зносінам. Мы заўсёды падкрэслівалі, што ў аснове адносін Беларусі і Кітая ляжыць узаемная павага, падтрымка, імкненне да пераадолення любых перашкод.

Гутарыў Мікалай ЛІТВІНАЎ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.