Вы тут

Мілыя вобразы роднага краю


Як адлюстраваць прыгажосць беларускай зямлі і яе таленавітых людзей? Здаецца, жывапіс — адзін з найлепшых сродкаў, каб увасобіць усю шматаблічнасць Беларусі. Менавіта гэтаму і прысвечаны жывапісна-музычны праект «Да Беларусі — з любоўю і пяшчотай», які пачаў працаваць сёння ў Палацы Незалежнасці. У экспазіцыю, прымеркаваную да Дня народнага адзінства, увайшлі работы трох жывапісцаў розных пакаленняў: Мікалая Ісаёнка, Ганны Садоўскай і Ганны Конанавай.


Падчас урачыстага адкрыцця міністр культуры Анатоль Маркевіч выказаў шчырыя словы падзякі мастакам-удзельнікам выстаўкі:

— Гэта выдатная традыцыя, якая склалася, яна працягваецца і сёлета, калі мы сустракаемся ў Палацы Незалежнасці. Рэалізоўваюцца вельмі важныя праекты, якія дэманструюць творчыя дасягненні беларускага народа. У мінулым годзе мы прадэманстравалі найлепшыя дасягненні сучаснага і народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўсіх рэгіёнаў нашай краіны. А сёння ўбачым выдатныя карціны, якія прасякнуты любоўю і пяшчотай да роднага краю. Іх нам прадставяць выбітныя людзі, мастакі розных пакаленняў. Сярод іх — прызнаны мэтр беларускага пейзажа Мікалай Ісаёнак. Мастак, педагог, прарэктар па вучэбнай рабоце Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Ганна Конанава і маладая мастачка Ганна Садоўская, чые карціны зусім нядаўна экспанаваліся ў Казахстане падчас Дзён беларускай культуры.

Выстава складаецца з паэтычных пейзажаў, вобразаў, якія ўспамінаюцца, калі кажам аб малай радзіме. Разнастайнасць пейзажаў дапоўнена кветкавымі нацюрмортамі.

Генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў адзначыў:

— Напярэдадні вялікага свята Дня народнага адзінства ў Палацы Незалежнасці мы дэманструем творчыя сілы. Наша краіна славіцца працавітымі і таленавітымі людзьмі.

Гасцям музычныя выступленні прадставілі таленавітыя маладыя музыкі і акцёры з Мінска і рэгіёнаў Беларусі — хлопцам і дзяўчатам далі ўнікальную магчымасць выступіць у Палацы Незалежнасці. Падчас канцэртнай часткі праграмы прагучала беларуская і сусветная класіка.

У якасці гасцей на мерапрыемства былі запрошаны работнікі культуры з рэгіёнаў Беларусі і горада Мінска, якія ў 2022 годзе былі адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі, прэміямі, удастоены звання «Чалавек года», а таксама прадстаўнікі таленавітай моладзі — лаўрэаты міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў.

Арына КАРПОВІЧ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?