Вы тут

Калі мы разам


Ганарыцца нам ёсць чым. Насычанай, але цяжкай гісторыяй. Ад вяршыні палеалітнага «аграгарадка» ў Юравічах да страшэннай ямы на Мельнікайтэ — бяздоннага і жахлівага дна «выключнай еўрапейскасці». Колькі такіх гіблых месцаў пакінула і апошняя вайна, і супрацьстаянне цывілізацый. А мы заўжды — лінія фронту. Памятаеце, як у Караткевіча, — дзве стралы, на якіх напісана рунамі, «наперад і назад». Чаму вытрымалі? Бо былі разам. Таму з любой дрыгвы падымаліся на вяршыню гістарычнага існавання. Калі дружыны з Полацка ўзнімалі пераможны меч на Грунвальдзе, калі бессмяротны гарнізон з Брэсцкай крэпасці да апошняга трымаў чырвоны сцяг. Ён быў стужкай, першай стужкай сцяга Перамогі. Ён і зараз лунае на праспекце Пераможцаў. Тых, хто выратаваў Еўропу ад сваіх жа пастак. І, нібыта ў люстэрку, адлюстроўваецца квітэнсэнцыя нашай гісторыі, гісторыя нашых перамог. Ад Рагвалода да Лукашэнкі. Перамог, калі мы разам.


Мы ніколі не падзяляліся. Беларусы заставаліся ментальна разам. А Чырвоная Армія 17 верасня 1939-га выправіла гістарычную памылку. Паглядзіце на нашы абарочныя збудаванні. Яны на Захадзе. З зубцоў Камянецкай вежы, з байніц Сынкавіцкай царквы і сцен Лідскага замка нашы продкі з асцярогай, уважліва ўглядаліся на Захад. Яны глядзелі ў адзін бок і ў сэнсе развіцця. Паглядзіце на архітэктурнае аблічча нашых райцэнтраў — колішніх мястэчак. Ды нават на сэрца сталіцы. Званіцы храмаў і касцёлаў нібыта ў вочы глядзяць адзін аднаму. І мелодыя са званіцы віленскага барока не замінае «гучаць» базыліцы ў стылі ракако. Наадварот, у некалькі галасоў разносіцца агульная малітва за Беларусь. Не здолелі нашых продкаў пасварыць і знішчыць на рэлігійнай глебе. Але не кінулі разыгрываць гэтую карту. Зараз праз карту паляка. Вельмі хітрая геапалітычная гульня. І зноў магнатам Варшавы свярбіць жаданне гуляць у карты — на беларускія вёскі і саміх беларусаў. Хапае і сваіх, што дзеляць беларусаў на розных.

Так, у рэгіёнах розныя архітэктурныя традыцыі, гаворкі і дыялеткы. Але ўсё гэта ўзбагачае нас — галоўнае, што мы размаўляем на адной мове. Мове паразумення. А колькі на сталах у беларусаў розных страў! Ад кожнай нацыі па рэцэпце. Вось ён, рэцэпт, — агульнага свята. Утульнай хаты для кожнага. Канешне, гісторыя ў нас вельмі ж неадназначная. І да некаторага часу ў Свіслачы мірна і побач суіснавалі помнік Сталіну і дошка на гімназіі пра навучэнца Каліноўскага. А ў Гродне справа ад касцёла рэстаран «Мураўёў». Гістарычныя калізіі, але не мы іх стварылі. І мы не павінны пераўтварыць іх у прычыны спрэчкі адзінай нацыі.

Я наўмысна не пісаў пра змагароў і іншых нячысцікаў апазіцыйнай «міфалогіі». Тыя, хто абудзіўся ад падманнага сну, расплюшчыў вочы — яны нашы, а тыя, хто з'ехаў і, нібыта ведзьмакі, рыхтуюць супраць краіны новую бойку, — чужынцы. Не варта пра іх.

Мы пра нас. Трэба зразумець, што справа не ў палітычнай стракатасці нашага грамадства. Справа — у рознасці стаўлення да жыцця. Нас не падзялілі на моўным пытанні, не здолелі разарваць, зыходзячы з таўшчыні кашалька. Мы самі, праўда, дзелімся па стаўленні да жыцця. Адны лішнюю капейчыну ўкладваюць у гаспадарку — каб агароджа па мастацкім гусце і паўсюль кветкі, другія —- у ботэкс. Адны інвестуюць у бульбу на сотках, другія аддаюць грошы на заморскія гатэлі. Але гэта нармальна і не страшна, бо застаецца галоўнае, агульнае для ўсіх.

Калі мы ўглядаемся ў ранішняе каляднае марознае неба ў пошуках Багдановічавай зоркі Венеры, калі з дзіцячай надзеяй чакаем магіі ад вогнішча Купалы, калі з салона самай шыкоўнай еўрапейскай мадэлі аўто з замілаваннем углядаемся ў абшары жытнёвага поля. Гэта значыць, што зерне адзінства дае сваю збажыну. І сярод трэндавага ўзору «ад Гучы» і сусветнай моды на адзіноту настойліва і жыццесцвярджальна праглядаюць нашы васількі — суквецце адзінай Беларусі.

Яўген ПУСТАВОЙ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.