Вы тут

Дзе знайсці сучаснага чытача?


Бібліятэкі прыкладаюць немалыя намаганні, каб звярнуць увагу сучаснікаў да чытання. Яны ператвараюцца ў сацыякультурныя цэнтры, куды людзі ідуць не толькі па веды. Тут ладзяцца мастацкія і латаратурныя сустрэчы, музейныя заняткі, кансультацыі спецыялістаў. Для прыкладу: Брэсцкая абласная бібліятэка імя Максіма Горкага на працягу года ладзіць каля 700—800 мерапрыемстваў! Зараз яна мае сотні тысяч чытачоў, захоўвае ў сваіх фондах 800 тысяч экзэмпляраў дакументаў. І, тым не менш, кожны год установа працягвае змагацца за новых чытачоў.


Асаблівую ўвагу сучасным тэхналогіям удзяляе Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Яе віртуальная чытальная зала сёння надзвычай запатрабаваная. Чытачы атрымалі бясплатны анлайн-доступ да мільёнаў артыкулаў, шматлікіх баз даных, могуць знаёміцца з дакументамі на розных мовах свету. Колькасць чытачоў, якіх задавальняе дыстанцыённы доступ, імкліва расце.

Загадчык сектара маніторынгу і каардынацыі дзейнасці бібліятэк Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Анастасія Маслоўская заўважыла, што сёння публічныя бібліятэкі краіны захоўваюць 40 мільёнаў экзэмпляраў дакументаў. Краіна можа пахваліцца, што кожны трэці з яе жыхароў з'яўляецца чытачом бібліятэк, усяго каля 2,8 мільёна чалавек.

Сучасныя бібліятэкары ведаюць, як завабіць чытача, шукаюць да яго новыя падыходы, здзіўляюць, а галоўнае, даносяць каштоўныя веды, фарміруюць густ, выхоўваюць. Так, апошнія 5—10 гадоў Брэсцкай абласной бібліятэкай вядзецца вялікая работа ў кірунку гістарычнага кнігазнаўства. Адзін з яе самых яскравых праектаў — канферэнцыя «Берасцейскія кнігазборы». З 2020 года ў бібліятэцы пачаў працаваць аддзел рэдкай кнігі і створаная пры ім музейная экспазіцыя. Сёння ў гэтым аддзеле захоўваецца больш за тры тысячы дакументаў, сярод якіх багата ўнікальных, краязнаўчых крыніц. Бібліятэка ганарыцца рукапіснымі дакументамі, якія датычацца гісторыі Брэстчыны XVII—XIX стагоддзяў. Сапраўдны скарб фонду — арыгінальны фрагмент кніжнага помніка ХVІ стагоддзя — Берасцейскай Бібліі. На базе аддзела рэалізоўваецца многа сацыякультурных праектаў, ладзяцца заняткі для школьнікаў, прысвечаныя гісторыі рукапісных кніг.

Больш за 15 гадоў Гомельская абласная бібліятэка становіцца асноўнай пляцоўкай славянскіх літаратурных дажынак. Сёлета сюды прыехала амаль чатыры дзясяткі гасцей з-за мяжы.

Намеснік дырэктара Гомельскай абласной бібліятэкі Таццяна Барабаншчыкава прэзентавала новы, унікальны і надзвычай актуальны для нашай краіны праект «Мы — не рабы». Ён ужо прыцягнуў увагу шматлікіх наведвальнікаў бібліятэкі, працоўных калектываў вобласці, але заслугоўвае ўвагі наогул усіх жыхароў краіны. Над праектам працавала вялікая каманда, пры гэтым бібліятэка абзавялася новымі нечаканымі партнёрамі. Гомельская абласная пракуратура, Дзяржаўны абласны архіў, гістарычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны , Палацава-паркавы ансамбль і Музей народнай славы прысвяцілі праект падзеям Вялікай Айчыннай вайны. У мінулым годзе КДБ рассакрэціў частку сваіх архіваў і стала вядома пра больш за 30 тысяч спраў па гамяльчанах, якіх у гады вайны зганялі на прымусовыя работы. Дадзены матэрыял дазволіў больш даведацца пра гэтую няпростую, эмацыянальна складаную і пакуль мала вядомую старонку з жыцця горада.

Шмат цікавых праектаў бібліятэкі краіны ладзяць для юных чытачоў. Усё больш сем'яў з малымі дзеткамі наведваюць фестывалі дзіцячых кніг. На працягу лета каля сталічнай Ратушы працавала «Бібліятэка пад адкрытым небам». У межах гэтага праекта быў узведзены спецыяльны павільён, дзе па выхадных можна паўдзельнічаць у разнастайных конкурсах і віктарынах, больш даведацца пра захапляльны кніжны свет і людзей, якія заўсёды гатовы адкрыць яго юным чытачам, дапамагчы падабраць цікавыя навінкі, зладзіць сустрэчы з сучаснымі аўтарамі. Павільён аказаўся запатрабаваным не толькі ў жыхароў сталіцы, але і шматлікіх гасцей горада. Дарэчы, 17 верасня кніжны павільён каля Ратушы будзе зноў чакаць гасцей, падрыхтаваны конкурсы і віктарыны.

Ганна ПЯТРОВА

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».