Выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» па традыцыі шмат намаганняў аддае аддае выпуску літаратуры, скіраванай на юнага чытача. І поруч з мастацкай кнігай выдаецца шмат папулярных, асветніцкіх зборнікаў, асобных выданняў, якія расказваюць пра нашу краіну. Яркі прыклад такой працы — серыя кніг, адрасаваная малодшым школьнікам. Падтрымку ў гэтым новым праекце выдавецтву «Адукацыя і выхаванне» аказала Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Невялікія памерам выданні аб’ядноўвае адна назва — «Я ганаруся!». Прыгожа ілюстраваныя, гэтыя зборнічкі прысвечаны гістарычным і прыродным каштоўнасцям Беларусі, прысвечаны нашым знакамітым суайчыннікам.
У кнізе «Нацыянальныя паркі і запаведнікі Беларусі» Эліна Сапажкова распавядае пра Налібоцкую пушчу, Блакітныя азёры, Нарач, Рэспубліканскі ландшафтны запаведнік «Ельня», Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры», Белавежскую пушчу і іншыя прыродныя залацінкі краіны.
Дасведчаны кнігавыдавец, аўтар і ўкладальнік многіх кніжных праектаў Вольга Ваніна прысвяціла сваю кнігу дзяржаўным сімвалам Рэспублікі Беларусь — «Герб, Сцяг, Гімн».
«Маўклівыя сведкі гісторыі» — кніжачка, у якой публіцыст Дзмітрый Кашавар выкладае звесткі пра Сафійскі сабор у Полацку, Стары замак у Гродне, Камянецкую вежу, Мірскі замак і іншыя адрасы нашай гістарычнай памяці.
Наклад кніг новай серыі «Я ганаруся!» — 3 000 экзэмпляраў. Няма ніякіх сумненняў, што выданні разыйдуцца імгненна, бо, пэўна, кожны школьнік захацеў бы мець такія лаканічныя «энцыклапедыі» у сваёй хатняй бібліятэцы!
Набыць кніжныя навінкі можна ва ўсіх крамах ААТ «Белкніга» і ў кнігарні «Акадэмкніга» — у Мінску па адрасе: праспект Незалежнасці, 72.
Мікола БЕРЛЕЖ
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
У Мінску завяршыўся фестываль «Еўразія.DOC».
Пытанняў і праблем, якія стаяць перад кіраўніцтвам арганізацыі, нямала.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.