Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Артысткі пагарэлага тэатра»


У школе аб’явілі конкурс на лепшую песню, і Святлана Уладзіміраўна, наша класная, сказала: «Мы ўсе прымем у ім удзел — выступленне будзе масавае. Падрыхтуем дзве песні, нам дапаможа мой брат — дырыжор філармоніі. Ёсць шанец заняць першае месца!» Было вырашана — адну песню выканае хор, у складзе ўсяго класа, а другую — ансамбль з шасці дзяўчынак.


Фота: pixabay.com

Не ведаю, па якім прынцыпе адбіралі ў склад ансамбля: самых прыгожых, самых разумных ці самых бойкіх... але відавочна не па голасу, таму што ў склад шасцёркі трапіла і я. Я падыйшла да класнай і, пачырванеўшы, прызналася: «У мяне голас не вельмі прыгожы, дакладней, адсутнічае наогул. Мяне двойчы не ўзялі ў хор». «Нічога, — запэўніла Святлана Уладзіміраўна. — Мой брат і слана спяваць навучыць. Галоўнае, рабіце так, як ён кажа, і ўсё атрымаецца!»

Я ішла дадому пад уражаннем: няўжо і мяне навучаць спяваць? А чаму б і не? Бо дзеці многіх артыстаў становяцца артыстамі, і гэта зусім не азначае, што яны нарадзіліся таленавітымі. Проста з дзяцінства развівалі слых і голас. Былі б у мяне бацькі артысты...

Два тыдні пасля заняткаў мы рэпетавалі пад кіраўніцтвам дырыжора філармоніі. Спачатку — хор дружна выконваў пад акардэон: «На Русі, ахрышчанай злымі войнамі, гусляроў звінелі песні вольныя...». А потым наш ансамбль яшчэ гадзіну развучваў песню «Тапаліны пух».

Удзельніц ансамбля дырыжор падзяліў на тры групы: першы голас — круглатварая Ірка і хударлявая Юлька, абедзве рыжыя; другі — Танька і Галька, а трэці — я і Алка. Па сцэнары мы будзем стаяць на сцэне каля дэкаратыўных бярозак (дэкаратыўных таполяў у школе няма) і з сумам выводзіць на тры галасы «таполі, таполі ўсё ў пуху...»

Мы былі поўныя энтузіязму — першае месца нам забяспечана! Іншыя класы не былі ахоплены такім ажыятажам, ад іх выступала па два-тры чалавекі. Мы хадзілі з загадкавым выразам твару і трымалі ў строгай таямніцы, што нас рыхтуе асабіста дырыжор аркестра. Наступіў доўгачаканы дзень. Актавая зала была запоўнена на сто працэнтаў. «Выступае хор 8-га Б класа, — вымаўляючы кожнае слова, абвясціў вядучы. — Хор выканае песню „Праўда“, словы Міхаіла Пляцкоўскага, музыка Барыса Савельева».

Паднялі заслону, і мы апынуліся тварам да твару з гледачом. Класная дырыжыравала, і мы, амаль прафесійна, выканалі песню: не збіваючыся, гучна і зладжана. Грукат апладысментаў здаўся аглушальным. Ад хвалявання мы не бачылі асоб, якія сядзяць у зале, яны зліліся ў мора пад назвай «глядач». Хлопцы з А-класа падтрымалі воклічамі. «Бэшкі, давай! Давай! Брава! Пакажы нашых!» — крычалі яны, што ёсць моцы.

На першым шэрагу сядзела грознае журы на чале з дырэктарам. Журы ацаніла выступленне на 10 балаў — за масавасць, мастацкасць выканання і патрыятызм абранай песні. Мы не сумняваліся — першае месца наша! Мастацтва выдатна падымае настрой! На выступы іншых класаў мы ўжо не звярталі ўвагі, куды ім?!

На сцэну запрасілі наш ансамбль. Клас быў спакойны, у нас нядрэнна атрымлівалася на рэпетыцыях. Урачыста прыбраныя, мы выйшлі і сталі ля бярозак. Калі хор выступаў ва ўборы — белы верх, чорны ніз, то для гэтага нумара мы пераапрануліся ў каляровыя сарафаны. Задуменна схіліўшы галаву (так належыць па сцэнарыю), зацягнулі: «Таполі, таполі ўсё ў пуху...»

Я падумала, што мой сарваны голас праз мікрафон будзе гучаць рэзка і вылучацца. Каб не сапсаваць выступленне ансамбля, вырашыла спяваць бязгучна, бо я спяваю не першым голасам, і гэта будзе незаўважна. Сінхронна музыцы я адкрывала рот, імітуючы выкананне. Акрамя таго, артыстычна жэстыкулявала рукамі і адлюстроўвала на твары эмоцыі, аб якіх спявалася.

Скончыўшы спяваць, мы тэатральна пакланіліся і грацыёзна выбеглі за кулісы. Збянтэжыла адсутнасць чаканага шквалу апладысментаў... Напэўна, зала здранцвела ад захаплення! Разрознена і няўпэўнена запляскала некалькі чалавек... У чым справа? Танька зазірнула ў дзірачку ў заслоне. «Не апладзіруюць, яшчэ і смяюцца», — сказала яна, з жахам вылупіўшы вочы, чым узмацніла нашу паніку. У чым справа?

Мы кідаліся ў разгубленасці, не разумеючы, што адбываецца. І тут за кулісы віхурай уляцелі раз’юшаныя Грэк і Бесаў: «Вы што, ашалелі?» Іх вочы кідалі маланкі: «Чаго, моўчкі раты адкрывалі? Скажыце дзякуй Юльцы, яна адна спявала, а так бы вас наогул са сцэны прагналі». Мы ахнулі і ўтаропіліся адна на адну ў здзіўленні.

Кожная з нас, сумняваючыся ў сваім голасе, каб не вылучацца і не сапсаваць выступ ансамбля, проста адкрывала пад музыку рот. Мы былі персанажамі нямога кіно. З-за хвалявання і гучнай музыкі мы не чулі, што суседка не спявае...

Нашы спалоханыя твары змякчылі хлапчукоў, і яны сказалі: «Пакуль не выходзьце, а то нашы вас парвуць, як Тузік грэлку». І мы засталіся да канца канцэрта за кулісамі: перажываць наш правал. Першае месца класу не далі з-за нас... але далі трэцяе, за масавасць (выступ хору). Аднакласнікі за страчанае першае месца на конкурсе два тыдні з намі не размаўлялі. Але ўсё праходзіць, і гэта прайшло.

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.