Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў. Нечаканая сустрэча


Нечаканая сустрэча

Многае ў нашым жыцця мяняецца, а вось рубрыка «...Народ на провадзе!» на старонках «Звязды» і была, і ёсць, і, дасць бог, будзе яшчэ доўга радаваць чытачоў сваімі цікавымі гісторыямі! Бо як жа без яе, калі чалавек заўжды нешта робіць, стасуецца з іншымі людзьмі, жыве, а значыць, не можа не сумаваць, не здзіўляцца, не палохацца, не смяяцца... І прычыны тут самыя розныя.


Фота: pixabay.com

Наш Трафімавіч, напрыклад, шмат дзе пабываў, шмат чаго пабачыў, бо нарадзіўся яшчэ перад вайной, падлеткам завербаваўся на лесараспрацоўкі ў Карэлію, адтуль пайшоў у войска, пасля яго — у шахцёры (там, ва Украіне, і «палавіну» сваю сустрэў). А далей ужо Казахстан, цаліна, Узбекістан, будоўлі Наваполацка і вяртанне дамоў, на сваю малую радзіму, дзе да пенсіі працаваў трактарыстам.

Факт, што чалавеку ёсць што ўспомніць, ёсць што расказаць, а тым больш за сталом.

Гэтым разам мае жонка з цешчай яшчэ рыхтавалі яго — шчыравалі на кухні, мы ж сядзелі ў зале, разглядалі сямейны альбом. На здымку нашага дзядзькі Трафімавіч згледзеў надпіс, што зроблена гэта фатаграфія перад яго ад'ездам у Карэлію. «Во... Дык і я ж там быў — прызнаўся госць, — нахадзіўся па тамашніх сцежках».

Ну і далей амаль даслоўна:

— У сям'і нас пяцёра было: чатыры браты і сястрычка. А гады пасляваенныя, цяжкія. Праўда, галадаць мы не галадалі, бацька старшынёй калгаса быў, але ж працавалі, як тыя пчолкі, — ад цямна да цямна. Не падабалася мне гэта. Вось я і махнуў у тую Карэлію, а калі па шчырасці, дык проста ўцёк, збег з вёскі. Думаў, што недзе лягчэйшага хлеба знайду. Аж не, нумар не прайшоў: атрымалася, што я з агню ды ў прысак, бо на тых лесараспрацоўках і дарослым дзядзькам нялёгка было, а я ж падлетак, падшыванец, можна сказаць. Каб завербавацца, пару гадоў сабе «прыпісаў». У выніку — ажно жылы рву, а норму не выконваю. Ды і ежы не хапала. А таму я што — як вольная хвілінка, дык адразу ў лес. Ягада хоць якая, а ўсё ж пажыва.

Дык вось прыкмеціў я неяк палянку. Малін там хоць засыпся! А ўжо ж як яны пахнуць — летам, сонцам, домам, маленствам (мы на ўзлеску жылі)...

Наеўся тады ад пуза! Назаўтра ўжо стаў перабіраць — шукаць найспялейшыя ды найбуйнейшыя. А заадно прыкінуў, што іх на цэлы тыдзень можа хапіць. Сваёй палічыў я тую палянку...

Але ж аднойчы прыйшоў і чую з боку балотца яшчэ нейкі рух як быццам. Мне нават крыўдна стала. Кірую памалу ў бок канкурэнта (цікава ж на яго паглядзець), па дарозе ягады збіраю. Да чарговых руку працягнуў, кусцік расхінуўшы, а насустрач...

Глянуў і ледзь не самлеў: валасы дыбам сталі, ногі ў зямлю ўраслі: мядзведзь... За нейкі метр ад мяне...

Але ж таксама, відаць, спужаўся, бо застыў, вочы вылупіў...

Што запомнілася: у лапе ў яго разам з лісцем маліны ляжалі — і спелыя, і яшчэ зялёныя, а на іх мурашкі...

Колькі часу «лічыў» іх, не помню: можа, хвіліну, а можа, і пяць — з месца не зрушыўся. А вось мядзведзь паглядзеў на мяне ды знік у малінніку.

Вось такая была сустрэча, — завяршыў расповед Трафімавіч. — Пасля яе недзе з тыдзень я ў лес не хадзіў. Толькі потым адважыўся, бо голад, як ні круці, а страшнейшы за любога звера.

Іван БУКОЎСКІ

в. Шуневічы

Глыбоцкі раён


Бацькі і дзеці

...Крывічанка цётка Клава

Выглядае малажава,

Бо... да вечара

звідна

Упраўляецца адна:

Няма часу беднай Клаве

Пасядзець калі на лаве.

Праўда:

ёсць у цёткі дзеці,

Ды яны гуляюць дзесьці:

Мабыць, здуру, а не з гора

Трэба ехаць ім да мора.

Жываты панаядаць...

Не, каб маці памагаць!

...Вось зімой —

не тыя справы

Часта госцікі ў Клавы:

Хоць матуля не з заможных,

Але ўзяць там штосьці можна.

 

Ёсць кароўка і бычок,

На гарышчы — кумпячок,

Ну а ў склепе — скрыня сала

Гарбузы ляжаць навалам,

Горы бульбы з буракамі...

Былі б дзеці хамутамі,

Каб не ведалі пра гэта.

Вось і цешыцца кабета:

Хоць працуе вечна ў поце,

Не заўсёды ж у маркоце:

Ёсць пашана, ёсць і слава...

Будзь здаровай, цётка Клава!

Іван АСТРОЎСКІ

г. Мінск


Убачыць Парыж і... аджыць

У маіх знаёмых сям'я была як сям'я — з гараджан у першым пакаленні. Бацька пачынаў кар'еру інжынерам на буйным заводзе, жонка — бухгалтарам. Жылі як многія ў савецкі час: і на здымных кватэрах, і ў інтэрнатах, двух дзетак займелі — дачушку з сынком. Раслі яны паслухмянымі, вучыліся добра, але ж Танечка пры гэтым была першай памочніцай у бацькоў, а Вадзім (іх малодшынькі) анічога не рабіў: за кніжкамі сядзеў, нават сябры яму заміналі. «І добра! І правільна! — падтаквала маці. — Не трэба вадзіцца з рознай галыцьбой. Твой бацька вунь чаго дабіўся (ён сапраўды ледзь не дырэктарам стаў), дык і ты гэта зможаш... Толькі час не марнуй».

Вадзічак слухаў і рабіў высновы. Пасля школы паступіў у прэстыжную ВНУ, адтуль па студэнцкай праграме трапіў у Францыю. А ўжо далей былі Сарбона, бліскучая адукацыя, прэстыжная работа, грошы, кватэра...

Маці, карацей, не ведала, як галаву насіць, з языка яго не спускала. Усе вакол толькі і чулі, што «мой Вадзім ды мой Вадзім...» Дачкі ў жанчыны быццам не было, бо тая (ці ж не дурніца?) падалася ў настаўніцы. «Ну што гэта за прафесія? — абуралася маці. — Дырэктар школы і ўсё, столь: вышэй, каб і хацеў, не праб'ешся!» — «А мне і не трэба, — адказвала Таццяна. — Хай іншыя «б'юцца», а я буду дзяцей вучыць».

І з мужам, на думку маці, дачка «праляцела»: пабралася са сваім аднакурснікам, прычым (вось гэта цешча ледзь перажыла) «калгаснікам» (выхадцам з вёскі). Горш за тое, у дом яго прывяла! (Ну сапраўды, не туляцца ж сям'і па чужых кутах, калі маці адна (бацька рана памёр) чатыры пакоі займае)...

Прыйшлося разам пажыць. І чаго тады не наслухацца: зяць і хамутом апошнім быў, і галадранцам, і хамам, і няўдачнікам...

Каб на асобную кватэру, машыну і сям'ю болей грошай зарабляць, у дальнабойшчыкі падаўся. Аднак цешчы ўсё роўна не дагадзіў, бо яе ж Вадзімка (не бяда, што сюды не едзе, што ніколі нічога не прышле) вунь дзе працуе, вунь як жыве... «Дык у чым загвоздка, Дар'я Рыгораўна? — смяецца неяк зяць. — Рабіце візу — як толькі рэйс у Парыж, завязу вас да вашага Вадзіма. Нават пакінуць магу, калі пажадаеце!»

...І што вы думаеце? «Накаркаў»: здарылася такая аказія! Усё супала: і візы ў жонкі з цешчай былі, і граніцы яшчэ адкрытыя, і дзеці прыладкаваныя... Бацькі з бабуляй без ніякіх прыгод дабраліся да Парыжа.

Вадзім сустрэў іх, на таксоўцы адвёз у прыгарад у спецыяльна знятую кватэрку. Дар'я Рыгораўна толькі вокам яе акінула, — заявіла: «Ты, Таня тут заставайся са сваім Віцьком, а я да Вадзіма паеду».

Таксі яшчэ каля пад'езда стаяла, так што яны адразу і з'ехалі.

Адзінае — ненадоўга: праз гадзінку-другую бачыць дачка, што тая машына зноў пад акном... І маці на парог — але ціхая-ціхая. Моўчкі памылася і ўляглася спаць — тварам да сцяны.

Таня з мужам разумеюць, што з ёю нешта не так, але ж пытанняў не задаюць.

Матуля нараніцу сама расплакалася, сама расказала, што ў Вадзіма не было ёй «ні прывету, ні абеду». Нявестка толькі кіўнула ды пайшла ў свой пакой, унук са свайго толькі вызірнуў... І сынок яе, Вадзім, не лепей сябе павёў. Сказаў: «Ну вось, мама, ты паглядзела, як я жыву, а зараз я адвязу цябе да тваіх, на кватэру». — «Хоць бы кавы якой наліў ці кубак вады з дарогі!» — плакала Дар'я Рыгораўна, а разам з ёю — і Таня. — Багацей няшчасны...» — «Ат, далося вам ягонае багацце! Сам нажываў, хай сам спажывае, — даводзіў ім Віктар. — Мы і без яго абыдземся! У мяне сёння пагрузкі не будзе, мову французскую ведаю, так што Парыж вам паказаць змагу. Кавай таксама напаю, з круасанамі. І падарункаў купім. Не бойцеся, не прападзём!».

І сапраўды: нахадзіліся яны, налюбаваліся, бо яшчэ і наступны дзень у Віктара быў свабодны.

А потым наступіў час вяртацца. Вадзім прыехаў праводзіць іх, а перад гэтым сказаў: «Аплату таксоўкі я бяру на сябе, а жыллё — прабачце: дзве часткі з вас, Таня і Віця, трэцяя, мама, — з цябе».

Дабіў, карацей, жанчыну. Усю дарогу дамоў яна ехала моўчкі, але ж потым свайго сына да нябёс не ўзносіла. І ў госці да яго болей не рвалася. А вось да Віктара з Таняй, да іх дзяцей зачасціла: не лічыла больш галадранцамі ды няўдачнікамі — расплюшчыла вочы, можна сказаць, аджыла... А хоць бы і нарэшце.

Л. КАЗАКОВА

г. Магілёў

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?