Сёння, 15 верасня, спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння легенды беларускага тэатра — народнай артысткі Беларусі Бэлы Масумян, якая пайшла ад нас у 2020 годзе. Без малога 60 гадоў, да апошніх дзён жыцця, актрыса служыла верай і праўдай свайму роднаму і любімаму Нацыянальнаму акадэмічнаму драматычнаму тэатру імя М.Горкага. На яе рахунку больш за 100 роляў, больш за 50 з іх галоўных. Бэла Амаўна Масумян унесла вялікі ўклад у беларускае тэатральнае мастацтва і ўвайшла ў плеяду творцаў, якія складаюць «залаты фонд» беларускай культуры і мастацтва.
Яе нездарма ўключалі ў топ самых пазнавальных артыстаў Беларусі. Будучая актрыса нарадзілася ва ўкраінскім Паўлаградзе. Бацькі жадалі бачыць яе ўрачом, але яна імкнулася на падмосткі. Скончыўшы ў 1961 годзе Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, тут жа пайшла працаваць у Драматычны тэатр імя Горкага. Атрымалася, што Бэла Масумян да канца дзён была адданая гэтаму тэатру. «Звязда» ўспамінае яскравыя і любімыя ролі Бэлы Масумян.
Для многіх вобраз прымадонны звязаны найперш з вобразам шэкспіраўскай каралевы. Дзея п’есы развіваецца ў Англіі XІІ стагоддзя. Кароль Генрых ІІ павінен прызначыць спадчынніка трона. На гэтую падзею прыбываюць жонка Генрыха — каралева Элінор, якая правяла дзесяць гадоў у зняволенні за ўдзел у змове, маладая палюбоўніца караля — французская прынцэса Эліс, кароль Францыі Філіп ІІ Аўгуст ды трое сыноў Генрыха ІІ — Рычард Ільвінае Сэрца, Джэфры і Джон.
Ролю каралевы Элінор Аквітанскай сыграла Бэла Масумян. Актрысу вельмі цікавіў вобраз гераіні: моцнай жанчыны, якая вядзе барацьбу за каханне.
Бэла Амаўна прызнавалася, што Расціслаў Янкоўскі, заўсёдны партнёр па сцэне, угаворваў яе адмовіцца ад ролі купчыхі. Зразумела, што пры поглядзе на Масумян адразу ўзнікалі асацыяцыі — каралева, арыстакратка... Але актрыса ніколі не адмаўлялася ад магчымасці паспрабаваць сябе ў нечым новым, і Янкоўскі пасля прызнаў, што не меў рацыю ў сваіх сумненнях.
Нагадаем змест вядомай п’есы Астроўскага: багатая і ўладная купчыха Маўра Тарасаўна Барабошава хоча выдаць сваю ўнучку Паліксену замуж за генерала. Але дзяўчына закаханая ў беднага прыказчыка Платона, рэзанёра і праўдалюба. Невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, калі б старая нянька Філіцата не прывяла б у дом адстаўнога унтэра Сілу Ерафеіча Гразнова, у якім Барабошава пазнала каханне сваёй маладосці.
Бэла Масумян бліскуча выканала ролю Маўры Тарасаўны. Як гаварыла сама актрыса, ёй было цікава паказаць гледачу не толькі мяшчанку і купчыху, але і жанчыну, якая хацела падавацца ці то асаблівай, неадназначнай, адкрытай, ці то замкнёнай ад усяго свету.
Дзеянне спектакля адбываецца ў XVІІІ стагоддзі, пасля Першага падзелу Рэчы Паспалітай. Галоўны герой Караль Станіслаў Радзівіл атрымаў сваю мянушку «Пане Каханку», бо да ўсіх менавіта так па-добраму і звяртаўся — «пане каханку» — «мой даражэнькі».
Бэла Масумян сыграла Тэафілію, сястру князя. Актрыса распавядала, што гэтая пастаноўка стваралася на падмостках супольна — уклад у спектакль зрабілі ўсе, і драматург, і пастаноўшчыкі з акцёрамі. Бэла Амаўна, напрыклад, прыдумала для вобраза сваёй гераіні жалезную руку — мужная, уладная Тэафілія з’яўляецца на сцэне ў пазалочанай пальчатцы, нібы частцы рыцарскіх латаў.
Яшчэ да пачатку плённай работы над пастаноўкай Бэла Масумян прызнавалася, што ёй вельмі хочацца сыграць галоўную ролю ў «Загадкавым візіце». Знакамітая п’еса Дзюрэнмата — багаты матэрыял для псіхалагічных эксперыментаў, экзістэнцыяльных пошукаў. Нагадаем сюжэт: у правінцыйнае мястэчка прыязджае вельмі багатая жанчына Клара Цаханасьян. Шмат гадоў таму набожныя жыхары асудзілі яе за лёгкія паводзіны і выгналі. Цяпер яна вяртаецца і дорыць землякам мільярд, патрабуючы ўзамен жыццё аднаго з іх — Альфрэда Іла. Гэта ён калісьці спакусіў і кінуў яе. Добрыя гараджане абураныя. Але нікому з іх ніколі і не сніліся такія грошы.
Што такое справядлівасць? Бэла Масумян разам з гледачамі шукала адказ у гэтай ролі.
Сама Бэла Масумян распавядала аб ролі Валянціны няшмат, але яна была ёй дарагая, нездарма менавіта гэты спектакль быў выбраны для бенефісу актрысы ў 2007 годзе. У гэтай ролі Масумян упершыню сустрэлася на падмостках з яшчэ адной беларускай прымадоннай — Наталляй Гайдай, абедзве зоркі ўтварылі бліскучы дуэт.
П’есу, якая лягла ў аснову, напісаў драматург Іван Вырыпаеў. Ён рэгулярна бярэ ўдзел у фестывалі маладой драматургіі «Любімаўка». І ўвогуле лічыцца аўтарам, які вельмі ўмела працуе з постмадэрнізмам. У спектакле «Валянцінаў дзень» глядач трапляе ў дзіўную кватэру, у якой, ненавідзячы і любячы адна адну, жывуць дзве састарэлыя жанчыны: Валянціна і Каця. Аб’ядноўвае іх памерлы Валянцін, якога яны абедзве кахалі. Абстаноўка вельмі нагадвае поле бітвы. Ды і жыццё гераіняў больш падобна да бесперапыннай бітвы на барыкадах.
Бэлу Масумян не палохалі ні эксперыменты, ні звыклая класіка: яна ахвотна працавала ва ўсіх кірунках. Менавіта таму ў яе жыцці было так шмат разнастайных і запамінальных роляў.
Арына КАРПОВІЧ
Фота – Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М.Горкага
Набор на бюджэтныя месцы павялічыцца.
Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?
Не выявіць ні секунды абыякавасці.