Вы тут

У Гомельскім раёне заклалі алею «Адзінства»: саджанцы ўзялі з насаджэнняў старадаўняга парку ў вёсцы Грабаўка. Фотарэпартаж


У вёсцы Грабаўка Гомельскага раёна дагэтуль захаваліся частка старадаўняга сядзібнага парку, спраектаванага яшчэ ў канцы XVIII стагоддзя, і ліпавая алея, якой прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Знакавай падзеяй для вёскі і ўсяго Гомельскага раёна стала пасадка на тэрыторыі старадаўняга парку алеі «Адзінства». Характэрна, што ў азнаменаванне пераемнасці пакаленняў і захавання гістарычнай памяці, саджанцы ўзялі ад старых ліп, якія штогод пускаюць новыя парасткі.


Як распавяла карэнная жыхарка Грабаўкі, дырэктар мясцовага дзіцячага садка-сярэдняй школы Таццяна Мацюшэнка, захаванне спадчыны продкаў — важная задача ўсіх грабаўчан:

— Мы ганарымся слаўнай гісторыяй нашай вёскі, летапіс якой захоўвае нямала слаўных старонак, — адзначыла Таццяна Ігараўна. — Адна з іх цесна звязаная з польскім родам паноў Фашчаў, якія валодалі Грабаўкай больш за стагоддзе. 

Менавіта яны спраектавалі і заклалі сядзібны парк, які быў папулярны ў канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзяў сярод уладальнікаў маёнткаў. Да гэтага часу захаваліся яго чарцяжы, але, на жаль, першапачатковы аблічча часткова згублены. Побач з паркам было створана і штучнае возера, для чаго пашырылі і паглыбілі рачулку Грабоўку. Але самай любімай у вяскоўцаў стала ліпавая алея, дзе пад цяністымі разгалістымі кронамі, удыхаючы п’янлівы ліпавы водар, не адно пакаленне маладых грабаўчан прызнавалася дзяўчатам у каханні.

— Штогод педагогі і навучэнцы дзіцячага садка — сярэдняй школы займаюцца захаваннем і аднаўленнем славутасці роднай вёскі, — прадоўжыла Таццяна Мацюшэнка. — Рэгулярна на тэрыторыі парку наводзім парадак, а на ліпавай алеі высаджваем новыя дрэвы. І сёлета школьнікі, нашчадкі тых жыхароў вёскі, якія больш за сто гадоў таму заклалі алею, таксама высадзілі нямала саджанцаў.

Ініцыятыву Грабаўскага сельскага Савета дэпутатаў аб закладцы алеі «Адзінства» на тэрыторыі старажытнага парку падтрымалі дэпутаты раёна, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, працоўная моладзь і мясцовыя жыхары. Было высаджана 70 саджанцаў ліпы.

Можна сказаць, што гэта падзея стала сапраўдным святам, бо педагогі і навучэнцы падрыхтавалі тэатралізацыю «Жывая Гісторыя майго краю», заснаваную на мясцовых легендах. А таксама прадставілі ўвазе прысутных выставу экспанатаў унікальнага школьнага Музея водараў, частка калекцыі якога сабрана на тэрыторыі парку. Усіх удзельнікаў пачаставалі гарачым чаем і смачнай выпечкай. 

Як адзначылі ўдзельнікі знакавай падзеі, вёска Грабаўка стала месцам яднання ўсіх пакаленняў жыхароў Гомельскага раёна, а закладка новай алеі ў старадаўнім парку — сімвалам пераемнасці добрых спраў, што так важна ў Год гістарычнай памяці. 

Ірына ГРАМЫКА

Фота Андрэя ФЕАКЦІСТАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».