Вы тут

Касмічная адысея авангардыста Алеся Родзіма


У сталічнай арт-прасторы «Фабрыка» праходзіць выстаўка жывапісу Алеся Родзіма — мастака-авангардыста, імя якога больш гучна прадстаўлена за мяжой, чым дома. Тым не менш гэтымі днямі ўсе ахвотныя могуць пабачыць карціны з незвычайным лёсам у Мінску.


Назва «Скрадзенае натхненне» сімвалізуе выпадак з жыцця мастака. Гісторыя мела месца каля дзесяці гадоў таму, калі Алесь Родзім працаваў у Германіі. Сапраўднае яго прозвішча — Родзін, з-за чаго за мяжой часта пыталіся, ці не з’яўляецца ён сваяком зна¬камітага скульптара Радэна (на лацініцы пішуцца аднолькава). 

Творца заўсёды актыўна выстаўляўся і сёння бачыць у гэтым асноўны шлях сваёй творчасці. Карціны пабывалі ў шматлікіх краінах Еўропы: Францыі, Італіі, Нідэрландах, Бельгіі і іншых. Але значны адрэзак жыцця беларускага мастака звязаны з легендарным «Тахелесам» — арт-сквотам у цэнтры Берліна, дзе збіраліся творцы з усяго свету. Персанальная выстаўка Родзіма праходзіла на шостым паверсе: каля тысячы наведвальнікаў кожны дзень і натхненне на актыўны перыяд творчасці... У снежні 2010 года «Тахелес» захапіла служба аховы. Цэнтр перайшоў іншаму ўладальніку, і той вырашыў забраць будынак сабе раней тэрміну. Так Алесь Родзім апынуўся на вуліцы, а калекцыя яго работ магла быць увогуле знішчана, калі б не падтрым¬ка прэсы, людзей, улюбёных у творчасць мастака, і нават нямецкага ўрада. Карціны вярнуліся іх стваральніку, а сам ён — у Беларусь. 

«Скрадзенае натхненне» — гэта не тое, што ўсе прызвычаіліся бачыць у галерэях і музеях. Карціны велічэзных памераў, зала з-за такога кантрасту здаецца зусім маленькай. На палотнах няма вольнага месца, мноства дэталей, вобразаў, якія складаюцца ў іншыя. Нібы глядзіш у калейдаскоп і назіраеш, як змяняюцца ўзоры. Хаос, які мае свой парадак. На эмацыянальным узроўні быццам накрывае выбуховай хваляй і адпраўляе ў космас. 

Карціны Родзіма наўрад ці атрымаецца па-сапраўднаму ўбачыць пры першым праглядзе. У іх вельмі лёгка заблукаць, але ўсе шматлікія дробязі — гэта шыфр, які трэба разгадаць, прааналізаваць. І тады зашыфраванае адкрыецца. Мастак лічыць за лепшае ўздзейнічаць на асабістае ўспрыманне гледача, на яго асацыяцыі, тое, што схавана ў завуголлях розуму, ён звязвае фігуратыўнасць і абстракцыю. Эксперымент не толькі ў саміх работах, але і ва ўзаемадзеянні аўдыторыі з творчасцю. 

Цікава тое, што складаныя і загадкавыя палотны расказваюць гісторыю сучаснасці. Вядома, мастак выбірае тэмы, якія хвалююць яго, але насамрэч гэта наша агульная рэчаіснасць. Шмат карцін прысвечана кантакту з невядомым і далёкім, космасу. Адтуль мы выйшлі, пэўна, туды ў канцы і вернемся. Работа «Міфалагема тысячагоддзя» якраз пра цыклічнасць. Жыццё бурліць, рухаецца хутка: каб паспець за ім, трэба амаль бегчы. Карціна насычана вобразамі, якія даволі лёгка пазнаць, — гэта сімвалы розных эпох. А праз хаатычнае спляценне персанажаў, прадметаў праходзіць дарога, якая цягнецца ў космас, — вечнасць, бясконцы спакой. 

Экалагічная тэматыка таксама адбілася на творчасці мастака. Палова карцін адлюстроўвае адваротную сутнасць тэхнічнага прагрэсу. Ад машын, якія будуюць цывілізацыю, пакутуе прырода. Вынік — жывёлы, зваленыя ў кучу, нібыта смецце. А з другога боку ўвасоблены ўладар свету, падобны да робата. Шлем, якім прыкрывае твар; паліто, што нагадвае вайсковую форму; паказальна выстаўлены ўзнагароды, упрыгажэнні і скіпетр — таксама дэманстрацыя найвышэйшай пасады і багацця. Менавіта гэты персанаж стварае такую рэальнасць і не заўважае блізкай катастрофы. 

Выстаўка Алеся Родзіма — адбітак яго асабістага ўнутранага свету. Тое, як рэчаіснасць у дуэце ўспрымаюць вока і розум. Як яна распадаецца на мноства сэнсаў, сімвалаў, вобразаў, а потым паўстае ў новым выглядзе. І для гэтага ніяк не падышоў бы зразумелы рэалізм з яго дакладнымі рамкамі. «Скрадзенае натхненне» паказвае, што мастацкія здольнасці не маюць ніякіх абмежаванняў. У творчасці адлюстраваны мінуўшчына, сучаснасць і будучыня — доўгі шлях чалавецтва. Тое, як яно рухаецца, заключанае ў кола. Ды акрамя нас ёсць у сусвеце яшчэ нешта — далёкае, манументальнае і нябачнае, а таму незразумелае. 

Арына ПРАНІКАВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.